Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кітайскі парк пад Менскам: пачатак


ілюстрацыйнае фота

ілюстрацыйнае фота

На 19 чэрвеня заплянаваная ўрачыстая закладка першага каменя ў Кітайска-беларускім індустрыяльным парку і пачатак будоўлі.

Гэты парк задумваўся як грандыёзны сумесны праект, тэрмін рэалізацыі якога — 30 гадоў і які ў пэрспэктыве штогод павінен прыносіць дзясяткі мільярдаў прыбытку.

Ідэя стварыць Беларуска-кітайскі індустрыяльны парк у Смалявіцкім раёне ўпершыню абмяркоўвалася яшчэ ў сакавіку 2010 году. У Менск тады прыяжджаў намесьнік старшыні КНР Сі Цзіньпін, было падпісана пагадненьне, якое ратыфікавалі ў абедзьвюх краінах яшчэ два гады таму.

Але з тае пары працэс стварэньня Парку збавіў абароты.

Першы намесьнік генэральнага дырэктара беларуска-кітайскай кампаніі па разьвіцьці індустрыяльнага парку Кірыл Карацееў распавёў:
«Пакуль будаўніцтва яшчэ не вядзецца. Ідуць падрыхтоўчыя працы, па падрыхтоўцы пляцоўкі. Пад’язная дарога, сама пляцоўка. А пасьля закладкі каменя ўжо пачнецца паэтапная праца: спачатку вэртыкальнае плянаваньне, фундамэнт і далей».

У лютым 2014 году Аляксандар Лукашэнка правёў вялікую нараду з кіраўніцтвам краіны, дзе жорстка раскрытыкаваў гэтую «будоўлю стагодзьдзя» — маўляў, працэс ідзе марудна. У чым прычына? Меркаваньне Кірыла Карацеева:
«За што нас крытыкуюць? Без праектаваньня ж не пачнеш. А праектаваньне, на жаль, у будаўніцтве працэс не відочны, не заўважны. Уласна кажучы, і цяпер ня ўсё запраектавана. На штосьці ёсьць гатовы праект, які прайшоў ужо экспэртызу, а штосьці яшчэ праектуецца. Мы ня можам пачаць увесь комплекс будаўнічых працаў адразу. Мы б хацелі, але ня можам. Некаторыя аб’екты, якія можна, запускаем паралельна, каб не чакаць, а хутчэй пачаць».

Меркавалася, што на будоўлю прыйдзе кітайскі капітал. Але кітайскіх грошай дагэтуль няма. Эканаміст Сяргей Чалы кажа, што не было ніводнага прыкладу, каб кітайцы наагул штосьці сур’ёзнае сюды ўкладалі, акрамя зьвязаных крэдытаў, а калі і ўкладаюць капітал, дык толькі мінарытарнымі долямі. А тут беларусы спакусіліся на тое, што 60% — у кітайцаў, то бок мажарытарны пакет, тлумачыць Сяргей Чалы.
Сяргей Чалы

Сяргей Чалы

«Беларусы ўпершыню чакалі, што нарэшце кітайцы ўкладуць сродкі. Чакалі год таму, але дагэтуль нічога няма. І такое адчуваньне, што з нашага боку задача і ставілася: прымусіць кітайцаў хоць нейкія грошы тут, што называецца, „закапаць“. Грошы крэдытныя — гэта тыя, якія абарочваюцца, а гэта грошы, якія застануцца. Атрымалася так, што ўжо беларусы істотна патрацілі свае сродкі на будоўлю зьнешняй інфраструктуры ў надзеі, што вось зараз кітайцы прыйдуць і нешта зробяць, а іх усё няма і няма».

Летась мясцовыя жыхары і дачнікі правялі магутную кампанію супраць будаўніцтва. Яны баяліся, што будуць зьнесеныя цэлыя вёскі і дачныя пасёлкі. Пасьля грамадзкіх слуханьняў і ўмяшаньня кіраўніка краіны ранейшы праект забудовы скарэктавалі, кажа Кірыл Карацееў:
«Мы нікога не закранаем — ні дачнікаў, ні насельніцтва існуючых вёсак — нікога. Дзе выбрана першая пляцоўка — там наагул няма ніякіх інтарэсаў, ніякіх землекарыстальнікаў, акрамя лясгасу».

Мясцовых жыхароў таксама вельмі непакоіць тое, што ў Смалявіцкі раён прыедзе шмат кітайскіх працаўнікоў і могуць узьнікнуць праблемы і непаразуменьні, як гэта здарылася ў невялікім Сьветлагорску, куды на будоўлю заводу беленай цэлюлёзы прыехала больш за тысячу кітайцаў.

Першы намесьнік генэральнага дырэктара беларуска-кітайскай кампаніі па разьвіцьці індустрыяльнага парку Кірыл Карацееў паспрабаваў суцешыць мясцовых жыхароў і дачнікаў:

«Я скажу шчыра: вядома, будуць працаўнікі з Кітаю. У нас некаторыя аб’екты будуць са зьвязанымі крэдытамі, то бок зьвязанае фінансаваньне. А частка — незьвязанае. Гэта ў асноўным інфраструктура, дарогі, да прыкладу. Яны будуць паводле беларускіх нормаў будавацца, там усё беларускае. Там нам кітайцы не патрэбныя, усё пабудуюць беларускія субпадрадчыкі. А на тыя аб’екты, якія па зьвязаных крэдытах узводзяцца — канечне, мы прывязём кітайцаў. Разумеючы ўсю вастрыню моманту, будзем зь імі працаваць, каб паводзілі сябе прыстойна».
XS
SM
MD
LG