Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўропа не павінна ставіць пытаньне рабром, — Макей


Уладзімер Макей

Уладзімер Макей

Кіраўнік Міністэрства замежных спраў Уладзімер Макей лічыць, што пытаньне пра ўдзел Беларусі ў Эўразійскім эканамічным саюзе Эўропа не павінна ставіць рабром.


«Мы лічым, што цяпер важна, каб нашы эўрапейскія партнэры ня ставілі пытаньне рабром: вы альбо ўдзельнічаеце ў гэтым інтэграцыйным працэсе — будучым Эўразійскім эканамічным саюзе, альбо вы адмаўляецеся ад яго і ўдзельнічаеце ў нашых эўрапейскіх інтэграцыйных працэсах», — заявіў Макей журналістам у Менску.

Паводле Макея, «не павінна быць „нашых“ і „вашых“».

«Мы жывем на адзінай прасторы, і наша задача — зрабіць так, каб мы супрацоўнічалі адзін з адным, а не праводзілі разьдзяляльныя лініі».

Паводле Інтэрфаксу, Макей выказаўся адносна пагадненьня аб Эўразійскім эканамічным саюзе.

«Цяперашняя дамова па сваім зьмесце і па форме, можа, не зусім адпавядае тым мэтам, якія былі прадэкляраваныя раней, але ў любым выпадку гэта вельмі пазытыўны крок, і мы нацэленыя на далейшае ўмацаваньне супрацоўніцтва паміж трыма дзяржавамі. Тое, што нам не ўдалося вырашыць на дадзеным этапе ў трохбаковым фармаце, мы абсалютна нармальна, спакойна зацьвердзілі, вырашылі ў двухбаковым фармаце. Гэта азначае, што інтэграцыйны працэс рухаецца наперад», — цытуе Інтэрфакс кіраўніка беларускага МЗС.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG