Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы займаюць пятае месца ў сьвеце па колькасьці атрыманых шэнгенскіх візаў, і першае – па працэнту станоўчых рашэньняў пры разглядзе зваротаў аб атрыманьні візаў.

Пра гэта паведамілі прадстаўнікі Эўракамісіі на міжнародным сэмінары для журналістаў у Бруселі.

У 2013 годзе беларусам было выдадзена 777813 шэнгенскіх візаў. Больш за грамадзян Беларусі эўрапейскія візы атрымалі толькі грамадзяне Расеі (каля 7 мільёнаў), Украіны (мільён 556 тысяч), Кітая (паўтары мільёны) і Турэччыны – 779 тысяч. Улічваючы насельніцтва Беларусі, можна сьцьвярджаць, што па колькасьці выдадзеных шэнгенскіх візаў на душу насельніцтва Беларусь, відавочна, зьяўляецца адным з сусьветных лідэраў. Колькасьць выдадзеных беларусам шэнгенскіх візаў павялічылася ад 2009 году больш чым у два разы.

Беларусы апярэджваюць іншых і па колькасьці станоўчых рашэньняў пры падачы заяўкі на атрыманьне шэнгенскай візы. У 2013 годзе эўрапейскія консульствы задаволілі 99,2 працэнты пададзеных беларусамі заявак, у 2012 – 99,5 працэнтаў. Для параўнаньня – грамадзянам такіх краінаў, як Альжыр, адмаўлялі ў выдачы візаў у 26 працэнтаў выпадкаў, Ірану – 18, Тунісу – 12. Прычынай такога «недаверу» – вялікі патэнцыял нелегальнай міграцыі ў гэтых краінах. Як бачым, высокі ўзровень станоўчых адказаў для беларусаў сьведчыць пра тое, што грамадзяне Беларусі ў цэлым не злоўжываюць атрыманымі шэнгенскімі візамі.

Як адзначыла эўракамісар Эўразьвязу па ўнутраных справах Сэсілія Мальмстрам, мэтай Эўразьвязу і яе асабістай амбіцыяй ёсьць жаданьне перавесьці як мага болей краінаў у катэгорыю дзяржаваў, якія маюць з Эўразьвязам бязьвізавы рэжым. Апошнім часам яшчэ некалькі краінаў перайшлі ў гэтую катэгорыю, у тым ліку Калюмбія, Пэру, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты і Малдова. Мальмстрам прызнала, што турызм грае істотную ролю у павольным эканамічным аднаўленьні Эўропы пасьля сусьветнага эканамічнага крызісу.

Адказваючы на пытаньне расейскіх журналістаў аб пэрспэктывах перамоваў Брусэля з Масквой наконт лібэралізацыі візавага рэжыму паміж Эўразьвязам і Расеяй, спадарыня Мальмстрам пацьвердзіла, што гэтыя перамовы ў сувязі з анэксіяй Расеяй Крыму на дадзены момант замарожаныя на няпэўны час.

Варта нагадаць, што на мінулым тыдні ў Менску адбылася сустрэча экспэртаў Эўразьвязу з прадстаўнікамі ўладаў Беларусі, на якой абмяркоўвалася падрыхтоўка пагадненьня аб спрашчэньні візавага рэжыму і рэадмісіі. Пра гатоўнасьць афіцыйнага Менску пачаць гэтыя перамовы заявіў міністар замежных справаў Уладзімер Макей на саміце Ўсходняга партнэрства ў Вільні у лістападзе мінулага году.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG