Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Абітурыенты ня вераць, што адукацыя забясьпечыць будучыню, «але без паперкі ты — ніхто»


У Беларусі распачалося цэнтралізаванае тэставаньне — пачатак уступнай кампаніі ў ВНУ краіны. На ўдзел у ім зарэгістраваліся 105 тысяч 669 абітурыентаў. Але многія выпускнікі ды іхныя бацькі не спадзяюцца, што вышэйшая адукацыя ва ўмовах Беларусі можа забясьпечыць лепшую будучыню.

Цэнтралізаванае тэставаньне праводзіцца па 14 прадметах і будзе доўжыцца два тыдні. Кожны ўдзельнік абірае тры прадметы, сярод якіх абавязкова павінен быць іспыт па мове — беларускай альбо расейскай. Сёлета абітурыенты здавалі мову ўжо ў першыя два дні. Размаўляю з удзельнікамі:

Карэспандэнтка: «Чым вас уразіла тэставаньне, складана было?»

Юнак: «Страшна было і складана».

Дзяўчына: «Цяжка было сканцэнтравацца, а пасьля неяк пайшло».

Карэспандэнтка: «Чым важна добра прайсьці тэставаньне?»

Юначка: «Для мяне важна пацьвердзіць свае веды і трапіць на бюджэт. Бо гэта атрыманьне стыпэндыі, і гэта таксама вельмі важна».

Карэспандэнтка: «Калі б здарылася так, што вы не паступілі на бюджэт, ці гатовыя б былі вашы бацькі аплочваць вучобу?»

Юнак: «Так, я думаю, так — адукацыя павінна быць у кожным разе. Каб потым мець добрую працу. Бо без адукацыі хіба толькі ў калгас можна».

Юначка: «Так, бацькам вельмі важна, каб я атрымала вышэйшую адукацыю».

Карэспандэнтка: «А ці сапраўды адукацыя і дыплём даюць шанец на добрую працу і заробак?»

Юначка: «Я б вельмі хацела спадзявацца, але гэта не дае такой гарантыі. Гэта ўжо ад кожнага чалавека самога залежыць».

Юнак: «Адукацыя, хутчэй, не для гэтага, а для самаразьвіцьця. А каб добра зарабляць, то можна і будаўніком пайсьці працаваць і мець зусім неблагія заробкі. Насамрэч шмат хто думае, што ім гэтыя дыплёмы ў сапраўднасьці не спатрэбяцца. Проста склалася такая традыцыя, што, атрымаўшы сярэднюю адукацыю, трэба атрымаць і вышэйшую. А навошта — ня надта людзі задумваюцца, навошта ім гэта трэба».

Сёлета на ўдзел у тэставаньні зарэгістраваліся на 117 тысяч абітурыентаў менш, чым летась, а менавіта — 105 тысяч 669 чалавек. Некаторыя зь іхніх бацькоў таксама ня надта вераць, што вышэйшая адукацыя дапаможа дзецям у будучыні, але ўсё ж намагаюцца, каб тыя атрымалі дыплём ВНУ:

«
Мы выхаваныя так, што без паперкі ты — ніхто
І за сваіх дзяцей, і за сваіх унукаў я гатовая плаціць — кроў з носу. Бо хочацца, каб у іх была годная адукацыя і годнае жыцьцё. На сто адсоткаў вышэйшая адукацыя гэтага не гарантуе, але мы выхаваныя так, што без паперкі ты — ніхто. Мы часта сварымся са сваім сынам на гэты конт, бо ён кажа, што яму гэтая вышэйшая адукацыя ў жыцьці не спатрэбілася. Але калі прыйшла чарга дзяцей сваіх вучыць, то ён кажа, што хоча, каб яны атрымалі вышэйшую адукацыю, але добрую, дзе-небудзь у Гарвардзе. А ў прынцыпе — вышэйшая адукацыя ніякіх гарантыяў не дае ані ў пасадзе, ані ў аплаце. Наадварот, гэта хутчэй нават абразьліва выпускніку ВНУ прыходзіць на працу і атрымліваць такія ганебныя капейкі, якія атрымлівае наш малады спэцыяліст».

Сёлета найбольш масавым прадметам па колькасьці ўдзельнікаў тэставаньня сталася расейская мова: яе здавалі 78 тысяч чалавек. На матэматыку запісаліся 65 тысяч, па беларускай мове іспыт прайшлі 26 тысяч абітурыентаў. Выкладчык Унівэрсытэту культуры, старшыня ТБМ Алег Трусаў кажа, што многія студэнты і асабліва іхнія бацькі дамагаюцца навучаньня ў ВНУ, аддаючы даніну модзе, а ня дзеля прэстыжу вышэйшай адукацыі:

«Гэты прэстыж рэзка ўпаў: паглядзіце колькі атрымліваюць настаўнікі, мэдыкі, інжынэры. Але ў грамадзтве лічыцца, што без дыплёма ты чалавек нейкага другога гатунку. Я гэта ведаю па сваіх студэнтах: часам паступаюць такія, што мы іх выганяем па два-тры разы, а яны зноў прыходзяць, бацькі за іх плацяць, бо як гэта — мой сын ня скончыў унівэрсытэт?! Яго і ў войска ня возьмуць — шмат іншых фактараў таксама. Прычым пасьля гэты чалавек працуе шафёрам, будаўніком з дыплёмам. Але прэстыж вышэйшай адукацыі зусім ня той, як, да прыкладу, калі я быў студэнтам. Крытэрыі маральныя і матэрыяльныя зьмяніліся кардынальна».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG