Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнку разыгралі? Мужчына, назваўшыся сынам Януковіча, прапанаваў залаты батон за прытулак у Беларусі

абноўлена

Віктар Януковіч і Аляксандар Лукашэнка, 2010 год
Віктар Януковіч і Аляксандар Лукашэнка, 2010 год
У распараджэньні рэдакцыі LB.ua апынуўся аўдыёзапіс, на якім чалавек, голас якога падобны да голасу народнага дэпутата Віктара Януковіча-малодшага, гаворыць зь іншым, чый голас падобны да голасу прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Блог Эўрамайдана паведамляе, што аўдыёзапіс — розыгрыш пранкера Vovan222.

«Я пра што хацеў пагаварыць. З нагоды таго, што цяпер у бацькі сытуацыя ня вельмі добрая, самі разумееце. І ці можна вырашыць пытаньне — гэта запасны плян — пераехаць да вас на нейкі час, калі такая сытуацыя будзе неабходная?» — спытаў у ходзе тэлефоннай размовы чалавек з голасам, падобным да голасу Януковіча-малодшага.

«Вы, напэўна, маё публічнае выступленьне прапусьцілі ў гэтым пляне, калі мяне ў Кіеве пачалі журналісты дапытваць наконт Януковіча: ці дасьцё вы палітычны прытулак і гэтак далей. Ён, ведаеце, мяне не прасіў пра гэта, па-першае. Па-другое, ён ніякі не ўцякач і нікуды ўцякаць не зьбіраецца. І па-трэцяе, кажу, не забывайце, што яго карані ў Беларусі і там ёсьць яго вёска. Таму, калі ён вырашыць вярнуцца ў сваю вёску, я не асьмелюся супярэчыць», — адказаў на гэта чалавек з голасам, падобным да голасу Аляксандра Лукашэнкі.

Меркаваны прэзыдэнт Беларусі заявіў, што ня мае права забараніць Януковічу прыехаць на сваю зямлю. На гэта меркаваны Януковіч-малодшы заўважыў: атачэньне экс-прэзыдэнта асьцерагаецца, што той можа стаць разьменнай манэтай у палітычнай гульні і пры пэўнай сытуацыі яго могуць выдаць Украіне.

«Я проста баюся, што яны там могуць расправіцца зь ім без суду і сьледзтва», — дадаў ён.

Гэта супярэчыць маім прынцыпам. Ніякай расправы над Януковічам быць ня можа. Яны хай дзякуй яму скажуць, што ён ім галовы не адкруціў усім. Што б ні рабіў Януковіч, гэта ня ён загадваў адкрываць страляніну. Калі б ён адкрыў страляніну, то пасьля 10 стрэлаў там бы нікога не засталося. Таму гэта ўжо хлусьня», — заявіў на гэта меркаваны Лукашэнка.

«Давайце зробім так: вы Віктару Фёдаравічу скажыце, каб ён менш глядзеў тэлевізар і чытаў газэты. Другое, калі ён хоча прыехаць у Беларусь — у любы час. Толькі вы мне за суткі скажыце. Прыяжджайце сям’ёй, прыяжджае адзін — як вырашыць», — дадаў чалавек з голасам, падобным да голасу прэзыдэнта Беларусі.

У ходзе размовы меркаваны Януковіч-малодшы паабяцаў таксама падараваць Лукашэнку залаты батон у знак дружбы. Ён адзначыў, што, хоць рэзыдэнцыю і разрабавалі, у іх «засталіся яшчэ некаторыя рэчы».

Лукашэнка на гэта заявіў, што меў размову з былым выканаўцам абавязкаў прэзыдэнта Аляксандрам Турчынавым з гэтай нагоды. «Яны хацелі там рэзаць, а я яму сказаў: ты, Саша, май на ўвазе, што я бачыў гэты дом, гэтую тэрыторыю. Такога ў Кіеве нідзе няма. Калі вы гэта ўсё разбурыце, грош вам цана. Нікому не прадавайце, нічога не разбурайце. Я яму сказаў: ня вельмі добра, калі па чужым доме ходзяць людзі», — сказаў прэзыдэнт Беларусі.

Ён таксама паабяцаў бліжэйшым часам сустрэцца з новым прэзыдэнтам Пятром Парашэнкам і абмеркаваць гэтае пытаньне.

У канцы гутаркі Януковіч-малодшы дадаў, што ёсьць яшчэ варыянт пераезду Януковіча ў Наваросію. «Яны думаюць аб’яднаць Луганск і Данецкую вобласьць у Наваросію, і, магчыма, бацьку запрасіць у якасьці аднаго з кіраўнікоў», — сказаў ён.

Прэс-служба прэзыдэнта Беларусі адмовілася камэнтаваць зьяўленьне гэтага аўдыёзапісу, спаслаўшыся на занятасьць адказных асобаў і іхную адсутнасьць на месцы.

МЗС Украіны таксама на дадзены момант ня мае камэнтароў паводле гэтага выпадку.
Блог Эўрамайдана паведамляе, што аўдыёзапіс зьяўляецца розыгрышам пранкера Vovan222, аднак голас Аляксандра Лукашэнкі, нахутчэй, сапраўдны.

Vovan222 — аматар тэлефонных розыгрышаў, або пранкер, вядомы ў Расеі і Ўкраіне. Яму 27 гадоў, жыве ў Маскве, юрыст, журналіст. Пачаў сваю дзейнасць яшчэ ў 2007 годзе. За гэты час ён здолеў разыграць дзясяткі знакамітасцяў шоў-бізнэсу, спорту і палітыкі.

Шырокую вядомасьць ён атрымаў пасьля розыгрышу старшыні ЦВК Расеі Ўладзімера Чурава. Пасьля выбараў у Дзярждуму, у снежні 2011 году, пранкер ад асобы тады яшчэ памочніка прэзыдэнта РФ Аркадзя Дварковіча заявіў Чураву, што Дзмітры Мядзведзеў адпраўляе таго ў адстаўку ў сувязі з шматлікімі мітынгамі ў Маскве.

У сьпісе людзей, якія трапілі на яго вуду, значацца палітыкі і зоркі Расеі, Украіны: Міхаіл Гарбачоў, Віталь Мутко, Леанід Краўчук, Мікалай Азараў, Алег Ляшко, Арцём Мілеўскі, Алег Блахін, Віталь Клічко. Аўдыёзапісы гэтых гутарак, выкладзеныя ў Інтэрнэт, нярэдка становяцца сэнсацыяй і падхопліваюцца СМІ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG