Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мустафа Найем: Януковіч быў бы добрым дадаткам да калекцыі Лукашэнкі


Мустафа Найем

Мустафа Найем

Сям’я экс-прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча шукае прытулак у Беларусі — напісаў на сваёй старонцы ў Facebook галоўны рэдактар «Грамадзкага тэлебачаньня» і знаны ўкраінскі журналіст Мустафа Найем. Не называючы сваіх крыніцаў, Мустафа сьцьвярджае, што такую магчымасьць абмяркоўвалі па тэлефоне малодшы сын Віктара Януковіча — Віктар Віктаравіч — і прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка.

Радыё Свабода пагутарыла з журналістам пра магчымы пераезд Віктара Януковіча ў Беларусь.

— Мустафа, адкуль у вас такая інфармацыя?

— Мне гэтыя зьвесткі перадалі на канфідэнцыйных умовах, таму я б не хацеў называць асобу, якая паведаміла пра гэта. Аднак магу сказаць, што падчас тэлефоннай размовы была зробленая прапанова з боку прэзыдэнта Лукашэнкі, што калі Віктар Януковіч захоча, то ён можа прыехаць у Беларусь. Вядома, што Віктар Януковіч мае карані ў вашай краіне, таму гэта можа быць як бы такой фармальнай падставай. Да таго ж была публічная заява Аляксандра Лукашэнкі падчас інаўгурацыі ў Кіеве, калі той сказаў журналістам, што ён ня супраць таго, каб Януковіч прыехаў у Беларусь. Таксама ваш прэзыдэнт выказаўся, што лічыць правільным, калі былы прэзыдэнт будзе знаходзіцца ў сваёй краіне, то бок ва Ўкраіне.

— Ці высокая ступень даверу паміж Лукашэнкам і Януковічам? Ці будзе прэзыдэнт Беларусі дапамагаць Януковічу хавацца?

— Сын Януковіча Віктар падчас размовы з Лукашэнкам адзначыў, што калі яго бацька зьявіцца ў Кіеве, то тут можа здарыцца што заўгодна, і зь ім змогуць разабрацца без суду і сьледзтва. На што Лукашэнка адказаў, што ня лічыць Януковіча вінаватым у чымсьці і думае, што той мае права жыць ва Ўкраіне, але калі той хоча паехаць у Беларусь, то няма праблем. Такім чынам, падтрымка на нейкім узроўні з боку вашага прэзыдэнта ёсьць.

— А чаму Віктар Януковіч ня хоча заставацца ў Расеі, дзе ён знаходзіцца цяпер?

— Справа ў тым, што сям’я Януковіча і ён сам баяцца перамоваў, якія пачаліся паміж Расейскай Фэдэрацыяй і Ўкраінай. Хаця калі паглядзець на тое, што адбываецца на ўсходзе Ўкраіны, складана паверыць, што гэта нейкія вельмі шчырыя перамовы. Але магчыма, што Януковіч баіцца, што падчас гэтага дыялёгу ён можа стаць прадметам кампрамісу, і яго могуць перадаць ва Ўкраіну ў межах нейкага пагадненьня. Гэты страх можа падагравацца тым, што Расея прызнала Пятра Парашэнку законным прэзыдэнтам Украіны. А гэта азначае, што статус Януковіча пачынае выклікаць шмат пытаньняў. Таму, відаць, ён і хоча зараз знайсьці дадатковыя варыянты, дзе можна пачувацца бясьпечна.

— У Беларусі ўжо жыве былы прэзыдэнт Кіргізстана Курманбэк Бакіеў. У пляне іміджу ці выгадна Лукашэнку ператвараць Беларусь у звалку былых дыктатараў?

— Я лічу, што Лукашэнка не дурны чалавек. І ён разумее, што гэта можа стаць канфліктам падчас нейкіх перамоваў ці то з Украінай, ці з Эўрапейскім зьвязам. Але Януковіч — гэта ня той чалавек, наданьне ці ненаданьне прытулку якому зробіць Беларусь дэмакратычнай ці недэмакратычнай дзяржавай. Януковіч ня можа сказаць, што ён хаваецца, таму што баіцца, што зь ім нешта зробяць несправядліва. Бо ён насамрэч зрабіў вельмі шмат таго, што выклікае жаданьне судзіць яго. Я лічу, што для Аляксандра Лукашэнкі гэта быў бы добры дадатак да калекцыі. Тым больш тое, што адбылося ў Кіеве, і тое, што адбывалася на Плошчы ў Менску ў 2010 годзе, мела аднолькавы стыль і характар.
7 чэрвеня падчас візыту ў Кіеў на інаўгурацыю Пятра Парашэнкі прэзыдэнт Беларусі ў адказ на пытаньне, ці прыме ён Януковіча, заявіў:

«Калі ён захоча прыехаць, то ў яго там вёска ёсьць, у якой яго бацькі нарадзіліся. І, напэўна, ніхто ня мае права не дазволіць яму прыехаць у яго вёску. Але я вам раю — забярыце свайго прэзыдэнта ва Ўкраіну. Я, калі будзе ад мяне залежаць, дапамагу яго забраць. Які б ён ні быў, пераступіце праз усё, і хай ваш прэзыдэнт будзе ў вас».
XS
SM
MD
LG