Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Журналіст, дырэктар прыватнага выдавецтва «Гольфстрим» Уладзімер Багданаў больш за 10 гадоў займаецца пошукам сьлядоў і гістарычных помнікаў Першай сусьветнай вайны на тэрыторыі Беларусі. Ён асабіста знайшоў некалькі дзясяткаў закінутых могілак, дзе пахаваныя салдаты расейскага імпэратарскага і нямецкага кайзэраўскага войскаў.

Тэма памяці пра вайну, якую ў беларускім народзе часта называюць «мікалаеўскай», альбо «вялікай», альбо «царскай», набыла новую актуальнасьць цяпер, калі набліжаецца стагодзьдзе яе пачатку.

— Уладзімер, вы столькі гадоў займаецеся гісторыяй Першай сусьветнай вайны на тэрыторыі Беларусі, абышлі лінію фронту ад Мядзела да пінскіх балотаў. А ці ёсьць у Беларусі пэўнае месца, дзе можна арганізаваць паўнавартасны музэйны комплекс, прысьвечаны менавіта гэтай вайне, які можна будзе паказаць усяму сьвету і за які ня будзе сорамна, як за некаторыя «лініі»?

— Сказаў бы, што такія мясьціны ёсьць. Нарач, Смаргонь, лінія ўздоўж каналу Агінскага, гарадзенскія фарты —насамрэч не адно, а шмат месцаў. Узяць хаця б Нарачанскі рэгіён. Там у 1915 годзе адбыўся Сьвянцянскі прарыў немцаў, які ўдалося ліквідаваць восеньню таго ж году празь неверагоднае геройства і ахвяры. Там жа ў сакавіку 1916 году пачалася найбуйнейшая на Ўсходнім фронце наступальная апэрацыя. Дарэчы, яе пачалі, каб падтрымаць саюзьнікаў у Францыі. Апэрацыя аказалася няўдалай, страты зноў былі велізарныя, але лічыцца, што сваю ролю ў гісторыі вайны апэрацыя ўсё ж адыграла, бо немцы мусілі адцягнуць войскі з заходняга фронту, дзе пад пагрозай апынуўся Парыж. Сьляды тых баёў засталіся дагэтуль. Па-першае, гэта вайсковыя могілкі, якіх вельмі шмат. Толькі ў Мядзельскім раёне больш за 20. Калі гаворка пра нямецкія, то яны былі зробленыя яшчэ падчас вайны, там стаяць сапраўдныя мэмарыялы, часам такія велізарныя, што цяжка ўявіць, як іх пасьпелі пабудаваць. І таксама захаваліся лінія ўмацаваньняў.

Глядзіце фоты на мапе Беларусі



Паміж возерам Нарач і возерам Мядзел працягнулася Сьвянцянская града. Падымаесься на самую высокую кропку над вёскай Пасынкі — вышыня 217 мэтраў, як пазначана на мапе — і бачыш, што там стаялі назіральныя нямецкія пункты, побач бачны лініі акопаў, бэтонныя збудаваньні. Нават на востраве пасярод Нарачы захаваліся нямецкія бліндажы часоў Першай сусьветнай. З другога боку бачыш возера Мядзел — гэта ўжо была расейская тэрыторыя. Там самая вялікая выспа — Замак, дзе ўсё таксама ў акопах. Глыбіня некаторых акопаў і цяпер больш за 2 мэтры! Усяго, уявіце, на гэтых 4 кілямэтрах паміж азёрамі мы знайшлі каля 120 бэтонных нямецкіх умацаваньняў і дзясяткі расейскіх аб’ектаў. Дарэчы, каб пераканацца, ня трэба туды і ехаць: праз Google са спадарожніка ўбачыце, як добра ўсё захавалася. Вось у такім месцы можна было б зрабіць фантастычны турыстычны маршрут, прысьвечаны Першай сусьветнай вайне. Нарачанскія азёры хочуць зрабіць міжнародным курортам, пэўная інфраструктура там ужо ёсьць і яшчэ шмат грошай будзе ўкладацца — гэта трэба скарыстаць. Мяркую, на прапанову наведаць месцы баёў Першай сусьветнай адгукнуцца тысячы замежных турыстаў.

— Здымкамі з космасу турыста можна зацікавіць, гэта так, але для разьвіцьця сур’ёзнага праекту патрэбная дзяржаўная падтрымка. Гэтым трэба займацца стала, а ня толькі пад юбілей. Па вялікім рахунку, ці памяць пра тую вайну цяперашнім уладам патрэбная?

— Ва ўсякім разе, разуменьне, што гэта і наша гісторыя, зьявілася. А чаму пакуль не зьявіўся ніводзін афіцыйны турыстычны маршрут? Для мяне рэч дзіўная. Быццам бы табу з гісторыі Першай сусьветнай вайны даўно зьнятае, але... Відаць, усё роўна тая вайна застаецца нейкай ня нашай: маўляў, яе вялі расейская імпэратарская армія з кайзэраўскай германскай. Тыя ж доты — у асноўным нямецкія... А тое, што ў расейскім войску было шмат беларусаў, прызваных, пакуль ішлі баявыя дзеяньні, і што насельніцтва аказалася ахвярай гэтых дзеяньняў, неяк ня ўлічваецца.


— Ці ёсьць пэўныя падлікі стратаў беларускага насельніцтва за час вайны?

— Да мільёна чалавек — гэткія страты вызначаюць гісторыкі. Патлумачу, адкуль узялася такая лічба. На тэрыторыю Беларусі вайна фактычна прыйшла ў канцы 1914 году, Берасьцейскую крэпасьць немцы і аўстрыйцы захапілі ў 1915-м, а ў 1916-м фронт стабілізаваўся па лініі Мядзел — Баранавічы — Пінск. І потым яшчэ 2,5 года фронт стаяў, дакладней, таптаўся на месцы, таптаўся па лёсах тутэйшых людзей. Бо было шмат ваенных апэрацыяў, поўных драматызму, калі ваенная ўдача пераходзіла з аднаго боку да другога. Нарачанская апэрацыя, спроба расейскага войска ў 1916 годзе перахапіць ініцыятыву ў вайне каля Баранавічаў, потым бітва за Смаргонь улетку 1917 году, якую вялі ўжо пры Часовым урадзе. Менавіта тады вельмі пацярпеў Крэўскі замак, які фактычна быў часткай нямецкіх пазыцыяў, і расейская артылерыя яго расстрэльвала, як мішэнь... Баёў, артабстрэлаў было шмат. Зразумела, насельніцтва цярпела як непасрэдна, гэтак і ад хваробаў, голаду. З расейскага боку ад лініі фронту сотні тысяч вывезьлі ў эвакуацыю, адкуль большасьць не вярнулася. Такім чынам, сапраўды мільён стратаў — гэта магчыма.

— У Берасьцейскай вобласьці я бачыў шмат закінутых могілак Першай сусьветнай, якія зарасьлі пустазельлем. Хто іх даглядае? Магчыма, гэтых намаганьняў недастаткова?

— Мясцовым уладам, вядома, не хапае рэсурсаў, дый ніхто асабліва не спаганяе зь іх за гэта. Гэта ж не ўраджай... Калі нейкі старшыня варушыцца, праяўляе ініцыятыву, дык добра, а не — дык не. Вось дзе могілкамі апякуецца Народны саюз Нямеччыны па доглядзе за вайсковымі пахаваньнямі, там усё больш-менш у парадку. Яны ў Беларусі аднавілі больш за 40 могілак, як на Нарачы, хоць і там трапляюцца забытыя. Але мой досьвед падказвае, што найлепшыя зрухі адбываюцца дзякуючы мясцовым рупліўцам, краязнаўцам. Яны і адміністрацыю падштурхоўваюць, і вакол сябе зьбіраюць гэткіх жа неабыякавых. Вось у Смаргонскім раёне жыў такі адстаўны палкоўнік Уладзімер Лігута, які пераехаў цяпер у Гародню, але ў Смаргоні пакінуў па сабе добрую памяць. Гэта ён падняў тэму подзьвігу абаронцаў Смаргоні ў Першай сусьветнай вайне. Цяпер, калі згадваеш баі за Смаргонь, мала каго гэтым зьдзівіш, а раней жа нічога ня ведалі. Паступова і мясцовая адміністрацыя падключылася, аднавілі некалькі могілак, зьявіліся турысты. Ці ўзяць Вілейскі раён: там такі «рухавік» — мастак Барыс Цітовіч, вельмі вядомая асоба ў тэме Першай сусьветнай вайны. Ён там аднавіў расейскія лазарэтныя могілкі, апякуецца іншымі. Цяпер ужо прынятае рашэньне, што менавіта там, у Вілейцы, пры мясцовым краязнаўчым музэі будзе створана філія па Першай сусьветнай вайне. Частка экспазыцыі будзе ў будынку, частка — пад адкрытым небам. Цяпер, ведаю, вырашаецца пытаньне з памяшканьнем, штатам музэя. Зноў жа падкрэсьлю, што ініцыятыва паходзіла ад аднаго чалавека, і пакуль справа на ім і трымаецца.
Мапа фронту

Мапа фронту



— Дагэтуль у Беларусі ніводнага адмысловага музэя, які б прысьвячаўся Першай сусьветнай вайне, няма. А ці ёсьць адмысловыя помнікі, пастаўленыя не ў саму вайну, як рабілі немцы ці потым палякі, а хоць бы за савецкім часам?

— Здаецца, іх не павінна было быць, але ўсё ж зьяўляліся такія помнікі і тады. На тэрыторыі Беларусі першы помнік воінам, якія загінулі на «мікалаеўскай» вайне, быў пастаўлены ў Пінскім раёне ў вёсцы Сташаны. Гэта адбылося ў 1965 годзе. Цікава, што гэта быў помнік савецкаму воіну! Аказваецца, у той час праходзіла кампанія па замене старых помнікаў савецкім воінам на новыя — было ж 20-годзьдзе Перамогі. І вось калі абэліск замянілі, мясцовы настаўнік па прозьвішчы Карпеня прапанаваў старшыні калгасу не выкідаць стары помнік, а ўсталяваць яго на мясцовых могілках, дзе пахаваныя салдаты расейскага войска — маўляў, гэта ж таксама нашы суайчыньнікі. Гэтак і атрымалася, што салдаты Першай сусьветнай ляжаць пад пяціканцовай чырвонай зоркай. У 1966 годзе ў Крэве намаганьнямі мясцовага краязнаўцы Грынкевіча таксама зьявіўся помнік на могілках часоў Першай сусьветнай. Але гэта лічаныя прыклады. Збольшага манумэнты захаваліся на нямецкіх і аўстра-вугорскіх могілках. Дарэчы, часта на такіх могілках ёсьць і пахаваньні расейскіх воінаў, бо ў той час маглі пахаваць разам: падабралі з аднаго поля бою і пахавалі побач. А калі пры салдату знайшліся дакумэнты, то будзе пазначана і прозьвішча. Дарэчы, капітальныя каменныя помнікі на могілках Першай сусьветнай узьніклі ня толькі ў часе вайны. У міжваеннай Польшчы дзейнічалі адмысловыя брыгады, якія на грошы зь Нямеччыны адлівалі і ўсталёўвалі бэтонныя крыжы на магілах нямецкіх жаўнераў. На такіх надмагільных крыжах часта трапляюцца і польскія, расейскія імёны. На Палесьсі такіх могілак шмат.

— Чаму больш даводзіцца чуць пра нямецкія помнікі, нямецкія доты, бліндажы? Чаму расейскіх менш захавалася?

— Бо іншыя падыходы былі і іншыя ваенныя традыцыі. Расейская армія меркавала, што ваюе на сваёй тэрыторыі, таму будаваць доўгачасовыя аб’екты лічыла непатрэбным. Як і ў пазьнейшай, Другой сусьветнай, у Першай кожная армія імкнулася перавесьці ваенныя дзеяньні на варожую тэрыторыю. Дарэчы, у расейцаў гэта спачатку атрымалася, у 1914 годзе баі ішлі на тэрыторыі
Мясцовым уладам, вядома, не хапае рэсурсаў, дый ніхто асабліва не спаганяе зь іх за гэта. Гэта ж не ўраджай...
Ўсходняй Прусіі, але ў канцы году немцы пагналі расейцаў са сваёй зямлі і баі паступова дайшлі да тэрыторыі Беларусі. Але доўга сядзець у акопах расейцы не зьбіраліся, таму не будавалі аб’екты з бэтону, а рабілі ўсё з дрэва. Між іншым, таксама ўнушальныя. Калі паглядзець фатаздымкі таго часу, убачыш магутныя пабудовы: бліндажы з 6–7 накатаў бярвён. Салдаты выкарыстоўвалі мяхі зь пяском, умацоўвалі акопы. Дарэчы, калі трэба было, не спыняліся перад тым, каб разьбіраць дамы сялян, гаспадарчыя пабудовы, нават цэрквы. Ведаю, што ў Вілейскім раёне гэтак некалькі цэркваў разабралі, у Берасьцейскай вобласьці такое бывала.

Але гэта была цалкам звычайная зьява, якая практыкавалася паабапал лініі фронту. Але немцы больш грунтоўна падыходзілі да справы, гэта такая іх рыса характару. Фронт тут стаяў 2,5 года, і за гэты час яны вельмі шмат пабудавалі, прычым ня толькі фартыфікацыйных аб’ектаў. Яны абжыліся добра. Былі ў іх і гэтак званыя салдацкія дамы, дзе ішло культурнае жыцьцё, прыкладам, паказвалі кіно. На сваіх бэтонных заводах выраблялі бэтон, зь якога рабілі магутныя доты, масты, розныя іншыя ваенныя аб’екты. Былі свае электрастанцыі. У вёсцы Палушы Астравецкага раёну дагэтуль захаваліся рэшткі такой электрастанцыі. Ці такая гісторыя. Літаральна месяц таму я быў у Пастаўскім раёне, і разам зь мясцовымі мы разглядалі альбом фатаздымкаў нямецкага салдата, які я набыў у Нямеччыне праз інтэрнэт. Мясцовы жыхар паглядзеў фатаздымак сваёй вёскі, але не адразу пазнаў. Кажа, гэта нейкая іншая вёска, бо тут слупы электрычныя, а ў іх, маўляў, сьвятло праводзілі толькі ў 60-х гадах! Але ж па іншых прыкметах вёска ягоная, усё сыходзіцца. Значыць, немцы правялі электрычнасьць. Дарог па Заходняй Беларусі немцы пабудавалі сотні кілямэтраў, узьнікла цэлая сетка вузкакалейных чыгуначных дарог з адмысловай інфраструктурай. Гэта ўвогуле асобная тэма. І расейцы на другім боку фронту таксама будавалі дарогі, ім таксама трэба было падвозіць зброю, боепрыпасы, харчы, будаўнічыя матэрыялы. Але што да фартыфікацыйных расейскіх забудоў, то іх з бэтону амаль не рабілі. Толькі ў Вілейскім раёне ёсьць некалькі расейскіх бэтонных бліндажоў, аднак гэта хутчэй выключэньне. Затое драўляныя былі моцныя, і некаторыя зь іх рэальна аднавіць, калі дойдзе да арганізацыі пэўных турысцкіх маршрутаў.

— Яшчэ асобная тэма — адносіны вайскоўцаў зь мясцовымі. На Піншчыне давялося размаўляць з чалавекам, чыя маці ўпершыню ўбачыла кіно ў нямецкай вайсковай часьці, куды іх, дзяцей, адмыслова зьвезьлі, каб паказаць славуты фільм братоў Люм’ераў пра цягнік. Чым тлумачыцца такая ляяльнасьць да мясцовага насельніцтва з боку акупацыйных войскаў у Першую сусьветную?

— Тут трэба разумець, што тады такой канфрантацыі паміж насельніцтвам і акупацыйнымі войскамі, як у Вялікую Айчынную вайну, не было. Тая вайна ўвогуле праходзіла па нейкіх зразумелых правілах, бакі ваявалі, але паважалі адзін аднаго. Праўда, зброю выкарыстоўвалі ўсё больш дасканалую і нават дайшло да хімічнай, але тым ня менш — насельніцтва імкнуліся ў вайну ня ўцягваць. У мяне ёсьць нямецкія фатаздымкі часоў вайны, на якіх нашы сельскія бабулі чытаюць газэты. Ня бачна, якія газэты, але ўсё роўна — газэты! Адкуль там у палескай глыбінцы ўзялася прэса? Карацей, вайна вайной, але жыцьцё працягалася па абодва бакі лініі фронту. Я бачыў ліст мясцовага сьвятара камандзіру расейскага палку. Пра тое, што дазвольце шлюб вашага салдата, які закахаўся ў дзяўчыну. Маўляў, яна зараз чакае дзіця, трэба ім пабрацца шлюбам, а то дрэнна атрымліваецца... Дарэчы, мяркую, у Беларусі Першая сусьветная вайна пакінула і такі сьлед — дэмаграфічны. Прычым паабапал фронту.

— Пэўна, што былі пэўныя кантакты, і культурныя, і іншыя. А якія страты панесла насельніцтва Беларусі?

— Чалавечых і матэрыяльных стратаў было вельмі шмат. Ваенныя дзеяньні заўсёды суправаджаюцца ахвярамі і для мірнага насельніцтва, а тут яшчэ асаблівая тактыка расейскай арміі — тактыка «выпаленай зямлі». Прынцып быў такі, што вораг мусіць прыйсьці на зямлю, дзе яму ня будзе за што зачапіцца. Таму вывозілі абсталяваньне заводаў, свойскую жывёлу, зерне. Усё спрэс, хоць крыху каштоўнае і прыдатнае для гаспадаркі, імкнуліся вывезьці або зьнішчыць. Праўда, давалі гаспадарам расьпіскі з абавязаньнем усё вярнуць па мірным часе, і пэўна б вярнулі, калі б не Кастрычніцкая рэвалюцыя. З прыфрантавой паласы ўсіх жыхароў абавязкова высялялі, найчасьцей адпраўлялі эшалёнамі
Лічба ў мільён чалавек стратаў, якую вызначаюць гісторыкі, — гэта прыблізная лічба, якая склалася з тых, хто памёр ад ран, голаду, эпідэміяў тут на тэрыторыі Беларусі, і тых, хто не вярнуўся з эвакуацыі
ў глыб Расеі, адкуль шмат хто не вярнуўся. Таму лічба ў мільён чалавек стратаў, якую вызначаюць гісторыкі, — гэта прыблізная лічба, якая склалася з тых, хто памёр ад ран, голаду, эпідэміяў тут на тэрыторыі Беларусі, і тых, хто не вярнуўся з эвакуацыі. Як чалавек, які шмат гадоў займаецца вывучэньнем гэтай тэмы, з такой лічбай збольшага пагаджаюся. Плюс матэрыяльныя страты. Фактычна трэцяя частка Беларусі, празь якую прайшоў фронт, была разбураная, а гаспадарка ў прыфрантавой паласе на глыбіню некалькі дзясяткаў кілямэтраў разладзілася. Страты былі велізарныя.

— Вы расказвалі пра ваенныя аб’екты, і вынікае, што захаваліся збольшага нямецкія. А чаму і могілак расейскіх меней, хоць расейская армія несла ў выніку баёў ня меншыя страты? Куды падзеліся расейскія пахаваньні?

— Тут найперш ідэалягічныя прычыны — пасьля Кастрычніцкай рэвалюцыі гісторыя, якая была да яе, стала непатрэбнай. Першую сусьветную вайну назвалі імпэрыялістычнай, чужынскай. Могілкі расейскіх салдат, адпаведна, ніяк не даглядаліся, і паступова большасьць зь іх зьнешне зьніклі, хоць, безумоўна, у зямлі ўсё засталося. Плюс фізычныя прычыны: драўляныя крыжы, якія ўсталёўваліся на расейскіх могілках, стаяць 20–30 гадоў, а потым развальваюцца. Хоць ёсьць прыклады, калі і драўляныя крыжы дагэтуль захаваліся. У вёсцы Кавалёўка Астравецкага раёну яшчэ на пачатку гэтага стагодзьдзя стаяў драўляны крыж, які немцы ўсталявалі на магіле 86 расейскіх салдат і аднаго афіцэра — пра гэта сьведчыў надпіс на крыжы па-нямецку. Цяпер там стаіць невялікі мэмарыял, у якім адрамантаваны драўляны крыж знаходзіцца ўсярэдзіне бэтоннага.

Тады, у вайну, немцы абсталёўвалі свае могілкі грунтоўна, нават шмат дзе пасьпелі ўзьвесьці мэмарыялы, як на могілках пад Баранавічамі. Расейскія, вядома, выглядаюць больш сьціпла. Магчыма, расейцы спадзяваліся, што пасьля вайны ўсталююць сваім воінам сапраўдныя помнікі, але прыйшла новая ўлада, і гэтым ужо ніхто не займаўся. Толькі цяпер гэта паступова робіцца. Вось у Менску на Лазарэтных могілках, дзе пахавана больш за 5 тысяч ахвяр вайны, узьнік выдатны мэмарыял, самы вялікі ў Беларусі. А яшчэ 20 гадоў таму на тым месцы быў птушыны рынак, потым яго ледзь ня цалкам забудавалі камэрцыйным жытлом. Паступова і тыя расейскія могілкі, якія нібыта зьніклі, знаходзяць і аднаўляюць. Бо адкрыліся архівы, зьявіліся фатаздымкі, паводле якіх можна «прывязацца» да мясцовасьці, ёсьць сьпісы пахаваных. Прыкладам, пры Мінабароны працуе такі 52-гі пошукавы батальён, які займаецца пошукам і перазахаваньнем загінулых воінаў. У іх ёсьць ужо 10 тысяч прозьвішчаў пахаваных расейскіх воінаў з дакладнымі зьвесткамі, дзе яны пахаваныя.

— Раней на гэтай тэме было табу, а тыя, хто займаўся Першай сусьветнай, маглі хутка апынуцца ў ліку ідэалягічных ворагаў ці хаця б падазроных. Ці ёсьць цяпер нешта такое, што вам у пошукавай справе перашкаджае?

— Акрамя недахопу часу, нічога. Тут можна працаваць і разам з групай аднадумцаў, і абсалютна аўтаномна. Мая спэцыялізацыя — гэта вайсковыя могілкі. Я знайшоў, назапасіў зьвесткі ў архіў на больш як 300 могілак. Заняўся ўжо і калекцыянаваньнем фатаздымкаў могілак, маю старыя фатаздымкі больш як 70 могілак, зь якіх бачна, як яны выглядалі адразу. Сёньня знайсьці невядомыя могілкі — гэта вельмі рэдкая зьява, не параўнаць з тым, што было 5 гадоў таму, але і такое яшчэ магчыма.

— А якая знаходка для вас самая дарагая?

— Самую дарагую не магу вызначыць, бо ўсе закранаюць чалавечыя лёсы. Але магу згадаць пра надзвычай цікавыя аб’екты, якія лічыліся страчанымі, але іх удалося знайсьці. Гады два таму ў інтэрнэце зьявіўся альбом расейскага лекара Аляксандра Зусмановіча, у якім адно фота было падпісана гэтак: «Брацкая магіла загінулых ад удушлівых газаў, якія пусьціў праціўнік насупроць ст. Залесьсе. 1916 год». На фота была брацкая магіла на фоне царквы, далей стаялі каменныя помнікі. Царква тая зьнікла яшчэ ў 60-х гадах, але могілкі збольшага засталіся. Паехаў туды, хадзіў па іх, хадзіў, але без царквы нічога не зразумела. Аднак удалося разгаварыць мясцовага старога, які паказаў, як стаяла царква, і па помніках, якія цудам захаваліся, дакладна вызначыць месца брацкай магілы. Там цяпер проста пустая пляцоўка, але, спадзяюся, паўстане помнік. Ёсьць пляны з дапамогай фонду памяці Першай сусьветнай вайны «Крокі», які стварыў Барыс Цітовіч, паставіць на гэтым месцы крыж. Дарэчы, назва «Крокі» — сымбалічная. Гэта такі адмысловы тэрмін. Схема вайсковых могілак з указаньнем магіл і прозьвішчаў завецца «крокі» ці «кракі».
За 20-е стагодзьдзе могілкі ня тое што пазьнікалі, а яны разбураныя. І разбураныя ня толькі адмыслоўцамі — «чорнымі капальнікамі», на якіх усіх сабак вешаюць, але і простым мясцовым насельніцтвам

Вось пасьля такой знаходкі, вядома, адчуваеш задавальненьне. Яшчэ нядаўна з Валожынскага раёну пазванілі краязнаўцы (а калі даўно нейкай тэмай займаесься, то абавязкова зьявіцца пэўны актыў аднадумцаў). Дык вось пазванілі хлопцы і распавялі, што знайшлі ў лесе бляшанку ад патроннай скрыні, на якой выбіта прозьвішча і калі загінуў чалавек. Паглядзелі старыя мапы, і высьветлілася, што ў лесе павінны быць вайсковыя могілкі. Прыехаў туды і знайшоў могілкі, прычым увогуле некранутыя. Вакол бруствэр, як калісьці акапалі, гэтак і засталося, толькі ўсё зарасло. Такое рэдка цяпер бывае. Бо за 20-е стагодзьдзе могілкі ня тое што пазьнікалі, а яны разбураныя. І разбураныя ня толькі адмыслоўцамі — «чорнымі капальнікамі», на якіх усіх сабак вешаюць, але і простым мясцовым насельніцтвам. Але гэтыя могілкі, у Валожынскім раёне, абсалютна захаваліся. Разам са спадаром Цітовічам, фондам «Крокі» і пры спрыяньні мясцовай адміністрацыі плянуем і там паставіць помнік. Спачатку хаця б крыж. Сёньня галоўнае, па-першае, пазначыць гэтыя месцы, каб яны не былі страчаныя назаўсёды, а па-другое — каб абараніць. Бо калі могілкі стаяць у лесе закінутыя, забытыя, то рана ці позна туды прыйдзе «чалавек з рыдлёўкай», у якога зусім іншыя мэты.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG