Лінкі ўнівэрсальнага доступу

16 чэрвеня ў Варшаве пачынаецца шпіёнскі працэс над беларусам


Ілюстрацыйнае фота Shutterstock

Ілюстрацыйнае фота Shutterstock

16 чэрвеня ў Акруговым судзе Варшавы пачынаецца працэс над беларусам Аляксандрам Л., якога абвінавачваюць у шпіянажы. Яму пагражае 10 гадоў турмы.

Працэс закрыты і будзе адбывацца ў залі з адмысловай аховай — паведамляе «Газэта выборча».

Дэталі справы не паведамляюцца. Вядома толькі, што абвінаваўчы акт трапіў у суд у лютым 2014 году. Беларуса абвінавачваюць па артыкулах «Дзейнасьць замежнай выведкі супраць Рэспублікі Польшча» і «Падробка дакумэнтаў».

Польскія СМІ паведамлялі, што затрыманыя два беларускія шпіёны. Адзін зь іх арыштаваны, у дачыненьні да другога ўжо выставілі абвінавачаньне.

Магчыма, ідзецца пра 41-гадовага беларуса, які ўжо два гады знаходзіцца ў польскай турме. Некалькі гадоў ён нібыта супрацоўнічаў з афіцэрамі ўжо ліквідаваных Інфармацыйных службаў польскага войска, якія лічылі яго сваім агентам у беларускім войску і плацілі яму за інфармацыю.

Аднак польскае выданьне Dziennik.pl мяркуе, што Аляксандар Л. быў падвойным агентам і выконваў загады Менску, дэзынфармуючы польскія службы.

Паводле інфармацыі польскіх СМІ, абодва затрыманыя мусілі распрацоўваць інфармацыію пра аб’екты польскага войска.

Агенцыя ўнутранай бясьпекі Польшчы лічыць, што «польскі кірунак для беларускіх спэцслужбаў застаецца прыярытэтным».

Беларускія спэцслужбы накіраваныя на «пошук рынкаў збыту беларускіх тавараў, фірмаў, якія гатовыя інвэставаць у эканоміку краіны, а таксама магчымасьцяў пошуку сродкаў з праграмаў Эўразьязу». Таму яны цікавацца польскім узбраеньнем, войскам і сыстэмамі ўнутранай бясьпекі — сьцьвярджае агенцыя.
XS
SM
MD
LG