Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Са мной ужо вітаюцца і размаўляюць» — Лукашэнка. Ці мяняецца палітыка Захаду адносна Беларусі?


Ці мяняецца палітыка Захаду адносна Беларусі? Чаму Лукашэнка не вызваляе палітвязьняў? У чым значэньне візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Сэрбію?

Гэтыя пытаньні ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць польскі палітоляг Ганна Дынэр, палітычны аглядальнік інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Арцём Шрайбман і аглядальнік нашага радыё Валер Карбалевіч.

Дракахруст: У нядаўнім інтэрвію сэрбскім СМІ Аляксандар Лукашэнка сказаў, што палітыка і пазыцыя Эўразьвязу ў дачыненьні да Беларусі ў апошні час мяняецца. «Прынамсі, са мной ужо вітаюцца і размаўляюць. Гэта таксама вялікі прагрэс». Выказваньне не пазбаўленае іроніі. Але ці сапраўды яно адпавядае рэчаіснасьці — ці мяняецца стаўленьне Эўропы, Захаду да афіцыйнага Менску? Вось на сьвяткаваньні гадавіны «Дня Д» ува Францыю не запрасілі, ЗША санкцыі працягнулі. Дык ці можна сказаць, што насамрэч нічога не мяняецца?

Дынэр: Мне здаецца, што нельга сказаць, што нічога амаль не мяняецца. Таму, што некалькі апошніх месяцаў мы маглі назіраць маленькую хвалю пашырэньня адносінаў паміж Беларусьсю і краінамі ЭЗ, у тым ліку і Польшчай. Некалькі дзён таму прайшлі кансультацыі паміж Польшчай і Беларусьсю ў Варшаве. Месяц таму яны адбываліся ў Менску. Падобныя адносіны складваюцца і зь іншымі краінамі Зьвязу. Міністар Макей дамагаецца палягчэньня візавага рэжыму з ЭЗ. Гэта можа не прарыў у адносінах, але сапраўды відаць, што дыялёг пачаўся прынамсі на тэхнічным узроўні.

Дракахруст: Ганна, а як вы мяркуеце: вось гэтая фраза Лукашэнка пра тое, што зь ім ужо вітаюцца і размаўляюць — ці датычыцца яна тэлефоннай размовы з польскім прэм’ерам Дональдам Тускам некалькі тыдняў таму? Гэтае тэлефанаваньне — здаецца, адзіны за апошні час кантакт на вышэйшым узроўні.

Дынэр: Так, мне здаецца, што гэта першы раз з 2010 году. Я б яшчэ зьвярнула ўвагу на тое, які піяр зрабіў Лукашэнка падчас прэзыдэнцкай прысягі Пятра Парашэнкі. Там ён адказваў на пытаньні польскіх журналістаў і сказаў, што Беларусь, Польшча і іншыя краіны павінны супрацоўнічаць, каб нармалізаваць сытуацыю ва Ўкраіне. Відаць, нешта мяняецца. Гэта адбываецца на фоне падзеяў ва Ўкраіне, таму што гэта наш рэгіён і для Польшчы гэта важна — мець хоць якія-небудзь адносіны з Беларусьсю. Лепш мець з суседзямі сяброўскія адносіны, чым ня мець ніякіх адносінаў. Я не пагаджуся з тым, што гэтыя тэхнічныя кантакты неважныя. Было б вельмі добра, каб беларускія ўлады пераслалі ў Польшчу гэтую няшчасную ноту пра магчымасьць прымежнага руху, каб гэтая дамова пачала працаваць.

Дракахруст: Арцём, а як бы вы адказалі на гэтае пытаньне — ці сапраўды пазыцыя мяняецца? Базавыя рэчы застаюцца ж нязьменнымі. Санкцыі Эўразьвязу і ЗША як дзейнічалі, так і дзейнічаюць, вось на гэтым тыдні амэрыканскія санкцыі былі працягнутыя. У Нармандыю Аляксандра Лукашэнку не запрасілі. Так што мяняецца?
Ганна Марыя Дынэр
Ганна Марыя Дынэр
Шрайбман: На мой погляд, сапраўды, нічога значнага ў беларуска-заходніх адносінах не мяняецца. Часткова можна пагадзіцца са спадарыняй Ганнай, таму што на фоне ўкраінскага канфлікту падвысілася значнасьць беларускай стабільнасьці, устойлівасьці, прадказальнасьці. Як заўважылі экспэрты Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў, Беларусь на дадзены момант зьяўляецца адзінай краінай ва Ўсходнім партнэрстве, якая кантралюе свае межы. А тое, што Лукашэнка кажа, што зь ім вітаюцца і размаўляюць, размова хутчэй за ўсе ідзе сапраўды пра нядаўнюю тэлефонную гутарку з польскім прэм’ерам Тускам, мабыць таксама пра нейкія кароткія размовы з заходнімі лідэрамі ў Кіеве на інаўгурацыі Парашэнкі. Магчыма — пра тое, што на Захадзе завецца «часовай фазай» супрацЫ, пэўнай інтэнсыфікацыяй дыпляматычных сустрэчаў. Але гэтыя спарадычныя моманты ня ёсьць сутнаснай зьменай у адносінах. І сьведчаньнем гэтага зьяўляцца аўтаматычнае працягненьне амэрыканскіх санкцый. На мой погляд, прычынаў тут дзьве: стомленасьць Захаду ад нявырашанасьці беларускага пытаньня, а таксама занятасьць заходніх краінаў іншымі справамі, напрыклад, той жа Ўкраінай, якія выціснулі Беларусь на пэрыфэрыю эўрапейскай зьнешняй палітыкі.

Навошта Лукашэнку Эўропа?


Дракахруст: На гэтым тыдні міністар замежных справаў Уладзімер Макей даў інтэрвію агенцтву БелаПАН, у якім пацьвердзіў, што палітвязьні — галоўная праблема ў стасунках афіцыйнага Менску з Эўропай. Былі чаканьні, што палітвязьні, ці хаця б некаторыя зь іх, выйдуць на волю на Дзень Перамогі ці перад чэмпіянатам сьвету па хакеі. Гэтага не адбылося. Чаму? Улада так баіцца тых, хто застаецца за кратамі? А можа яна ня надта і зацікаўленая ў паляпшэньні стасункаў з Эўразьвязам?
Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
Карбалевіч: Тут два чыньнікі ўплываюць. Па-першае, украінскі крызыс павялічыў запыт у беларускім грамадзтве на моцную ўладу, цьвёрдую руку, стабільнасьць, спарадзіў яшчэ больш адмоўнае стаўленьне да апазыцыі, да Захаду. І Лукашэнка расцаніў гэта як карт-блянш, як дадатковую легітымацыю рэпрэсій супраць палітычных апанэнтаў. Гэта неспрыяльны фон для вызваленьня палітвязьняў.

Другі чыньнік — досьвед паказвае, што падчас вострага геапалітычнага супрацьстаяньня, міжнароднага крызысу, абвастрэньня адносінаў паміж Захадам і Расеяй на першы плян у міжнароднай палітыцы выходзяць пытаньні геапалітыкі, а пытаньні каштоўнасьцяў адыходзяць на другі плян. І Лукашэнка лічыць, што калі раней палітычны бартэр — вызваленьне палітвязьняў у абмен на саступкі з боку ЭЗ — не спрацоўваў раней, то цяпер можа спрацаваць. Магчыма, ён лічыць, што Захад павінен аддзячыць Менску за, як ён мяркуе, збалянсаваную пазыцыю па ўкраінскім пытаньні. Таму Захад, як лічаць у Менску, павінен зрабіць першы крок насустрач.

Дракахруст: Ганна, а як вы мяркуеце? Вось усе па змоўчаньні сыходзяць з таго, што Менск зацікаўлены ў паўтарэньні «мядовага месяца» 2008-2010 гадоў у стасунках з ЭЗ. А можа ён у гэтым і не зацікаўлены? Насамрэч, магчыма, нягледзячы на ўсе скаргі, цяперашні стан у прынцыпе задавальняе?

Дынэр: Мне складана адказваць за беларускія ўлады, таму што, калі б я была на іх месцы, то вызваліла б палітвязьняў па дзьвюх прычынах. Першая — гэта тая, што вы ўжо згадвалі: калі палітвязьні выходзяць на волю, то яны, як правіла, не вяртаюцца на той узровень палітыкі, на якім былі да зьняволеньня. І яны наагул бясьпечныя для беларускага рэжыму. А другая прычына — гэта, вядома, адносіны з ЭЗ. Калі мы глядзім на эканамічную сытуацыю ў Беларусі, то бачна, што залежнасьць ад Расеі павялічваецца — гэта раз. Два — што беларуская эканоміка вельмі моцна мае патрэбу ў замежных інвэстыцыях, у трансфэры тэхналёгіяў. А гэта можна прыцягнуць толькі з Захаду.

Калі мы паглядзім на геапалітычную сытуацыю, то відаць, што Беларусь ужо ня сыдзе ад Расеі па розных прычынах. Але зь іншага боку, Лукашэнку таксама патрэбная незалежнасьць, якую ён можна забясьпечыць з дапамогай ЭЗ.
Юры Дракахруст
Юры Дракахруст
Дракахруст: Арцём, які ваш адказ на пытаньне — чаму зараз нельга выпусьціць гэтых 8-10 чалавек, ці хаця б знакавых асобаў сярод іх? Я хачу нагадаць, што некалькі месяцаў таму Аляксандр Лукашэнка, калі сустракаўся з кіраўнікамі СМІ даў зразумець, што Алесь Бяляцкі выйдзе на волю ў бліжэйшы час. Але ня выйшаў. Чаму?

Шрайбман: Ведаеце, спадарыня Ганна кажа пра інвэстыцыі і тэхналёгіі, якія можа атрымаць Лукашэнка, калі палітвязьні выйдуць на свабоду. Але адзін гэты крок аўтаматам інвэстыцыі не прыцягне. А на большыя саступкі афіцыйны Менск ісьці не гатовы. Той факт, што палітзьняволеныя застаюцца за кратамі — гэта лепшае сьведчаньне пра ўзровень зацікаўленасьці афіцыйнага Менску ў паляпшэньні адносінаў. Ёсьць, я лічу, шэраг прычынаў, па якіх Лукашэнка не выконвае асноўнае і, бадай, адзінае патрабаваньне Эўразьвязу. Па-першае, гэта прычыны псыхалягічныя: беларускі кіраўнік успрымае выхад папярэдніх памілаваных, як значную саступку Эўразьвязу, але ён не пабачыў ніякіх саступак насустрач ад эўрапейцаў. І, я мяркую, ён думае так: ну чаго толькі я павінны саступаць?

Акрамя таго, ён ужо шмат разоў паабяцаў, што без прашэньня аб памілаваньні яны ня выйдуць. Таму адпусьціць іх зараз — гэта, у яго разуменьні, страта твару. На такі крок ён можа пайсьці толькі ў двух выпадках: калі Эўропа прапануе нешта настолькі значнае і патрэбнае афіцыйнаму Мінску, што адмовіцца будзе намагчыма, альбо калі сытуацыя ў эканоміцы ці ў адносінах з Расеяй будзе настолькі сумнай, што будзе трэба зноў уключаць геапалітычныя арэлі. Але нічога гэтага зараз няма. А ёсьць, акрамя ўсяго, што я назваў, пэўнае расчараваньне беларускага кіраўніка ў магчымасьцях Эўразьвязу, маўляў, Украіне не дапамагалі, калі Януковіч яшчэ прасіў, санкцыі адносна РФ увесьці нармальныя ня могуць, ну дык чаго я павінен нешта ім яшчэ саступаць?

Разуменьне пасла Сурыкава


Дракахруст: На прэсавай канфэрэнцыі на гэтым тыдні расейскі пасол Аляксандар Сурыкаў сказаў, што Расея з разуменьнем ставіцца да пазыцыі Беларусі па Ўкраіне. З разуменьнем — гэта, апроч іншага, азначае і разуменьне таго, што пазыцыя гэтая адрозная ад расейскай. Вось на наступным тыдні ў Менск для абмеркаваньня ўкраінскай тэмы прыяжджае расейскі міністар Сяргей Лаўроў. Ці можна чакаць, што Масква будзе дамагацца, каб Менск ува ўкраінскім пытаньні больш прыслухоўваўся да крамлёўскага камэртону?

Шрайбман: Я ня бачу, навошта Маскве ціснуць на Менск, калі той выконвае ўсё, што яму скажуць. Трэба ў ААН прагаласаваць разам з краінамі-ізгоямі супраць цэласнасьці Ўкраіны — калі ласка. Трэба расейскія зьнішчальнікі разьмясьціць у экстраным парадку — калі ласка. А гэта ж была менавіта ініцыятыва Расеі, мы гэта зараз ведаем дакладна. Лукашэнка сам прагаварыўся пра гэта на сустрэчы з кіраўніком Мардовіі два месяцы таму. Дык яшчэ і ў інтэрвію нашаму агенцтву міністар замежных спраў Макей фактычна адмовіўся адказваць на прамое пытаньне, хто быў ініцыятарам разьмяшчэньня зьнішчальнікаў у Беларусі, чым па сутнасьці пацьвердзіў, што гэта было патрабаваньне Масквы.

Я думаю, за вось гэтыя рэальныя крокі Менску было дазволена захаваць пэўную рытарычную гнуткасьць і балянс у сваіх заявах. Бо Лукашэнка — ня Мэркель і не Абама, ад яго рытарычнай падтрымкі Пуціну ні холадна, ні горача, па вялікім рахунку.

Карбалевіч: Па-першае, я б скептычна ставіўся да таго, што кажа расейскі амбасадар Сурыкаў. У мяне такое ўражаньне, што часта ён выказвае свае ўласныя меркаваньні. Бо бывалі выпадкі, што яго заявы ішлі ўразрэз з пазыцыяй кіраўніцтва Расеі. Дарэчы, аднойчы Лукашэнка папікнуў Сурыкава ў гэтым, той быў проста ня ў курсе таго, аб чым дамовіліся прэзыдэнты. Наагул у беларуска-расейскіх адносінах дыпляматычнае ведамства адыгрывае ня першую ролю. Гэтым больш займаюцца іншыя ведамствы Беларусі і Расеі.

Што тычыцца таго, што пазыцыя Беларусі па ўкраінскім пытаньні адрозьніваецца ад пазыцыі Расеі, то, зразумела, Маскве гэта ня вельмі прыемна. Але гэтая асобная пазыцыя Менска больш выяўляецца ў сфэры рыторыкі. Калі справа даходзіла да дзеяньняў, калі пытаньне ўставала рубам, Беларусь ішла ў фарватэру Масквы. Ня думаю, што тут нешта памяняецца.

«Вечны рухавік» расейскай падтрымкі


Дракахруст: Некаторыя мяркуюць, што палітыка беларускага кіраўніка, які гадамі атрымлівае ад Расеі велізарную дапамогу, калісьці нарэшце скончыцца: ці Расея зьбяднее, што ня зможа дапамагаць, ці не захоча дапамагаць, за кожны крок запатрабуе актывы і рэальны кантроль над Беларусьсю. А іншыя кажуць, што і так мае ўсё, што хоча. Дык ці можна сказаць, калі цяперашні мэханізм двухбаковых стасункаў перастане працаваць?

Шрайбман: Што тычыцца падтрымкі афіцыйнага Менску Расеяй, то калі-небудзь яна ўсё роўна скончыцца. Але зараз, на мой погляд, перадумоваў для зьмяненьня гэтага фармату няма. І тут трэба разумець, чаму Расея падтрымлівае Лукашэнку. Расея падтрымлівае Лукашэнку не з-за вялікай любові да яго асабіста ці да братэрскага славянскага народу. Мы бачым, якімі могуць быць адносіны ў Расеі з братамі-славянамі, калі яны жадаюць, напрыклад, зьмяніць геапалітычны курс. Расея падтрымлівае Лукашэнку, таму што ён, і гэта ягонае сапраўднае асабістае дасягненьне, змог выбудаваць такую сыстэму адносінаў з Крамлём, пры якой падтрымка ягонай улады зьяўляецца для Масквы найменшым злом. Таму адказ на вашае пытаньне менавіта такі: падтрымка скончыцца тады, калі выдаткі і страты ад падтрымкі Лукашэнкі будуць больш значнымі, чым ад прыпыненьня гэтай падтрымкі.

Што гэта будзе — нейкі прарасейскі кандыдат, якім Лукашэнка да гэтай пары не дазваляў зьявіцца, ці надзвычайны глыбокі крызіс у асабістых адносінах з Лукашэнкам, мы пакуль сказаць ня можам. Але пакуль значных перадумоў для гэтага ня бачна.

Адзінае, што можна заўважыць, што ў апошнія гады расейская падтрымка стала больш дазаванай, за кожную новую порцыю, як за тыя ж нафтавыя мыты, трэба моцна змагацца. Дапамога прыходзіць у апошні момант, трымаючы беларускага кіраўніка ў напрузе, і нэрвуючы яго. Больш за тое, Расея ўсе часьцей расьцягвае крэдыты ці іншыя формы дапамогі ў часе, па траншах. Гэта дазваляе трымаць афіцыйны Мінск на кручку, пад пагрозай прыпыненьня падтрымкі, калі ён будзе весьці сябе ня так, як трэба. Я прагназую, што Масква зразумела эфэктыўнасьць такога падыходу, і ўлічваючы шмат кім прадказаныя эканамічныя праблемы у Расеі, зьяўленьне новага аб’екту датацый — Крыму, такі падыход будзе працягнуты.

Дракахруст: Валер, якая ваша ацэнка гэтай сытуацыі з улікам шматлікіх і шматгадовых прагнозаў, што ня будзе Расея вечна падтрымліваць Беларусь так, як гэта было раней. Але падтрымлівае, і ў прынцыпе так, як было раней. Ці не?

Карбалевіч: Ня думаю, што бліжэйшым часам у беларуска-расейскіх адносінах нешта моцна памяняецца, расейскія датацыі беларускай эканоміцы будуць працягвацца. Можна адзначыць відавочную тэндэнцыю ўзмацненьня залежнасьці Беларусі ад Расеі.

Я бачу праблему ў іншым. Справа ў тым, што сытуацыя ў беларускай эканоміцы такая дрэнная, што, каб захаваць статус-кво, трэба, каб аб’ём расейскіх датацый павялічваўся. Раней хапала 1 млрд даляраў крэдыту ў год, цяпер ужо патрабуецца 2 мільярды. Ці хопіць у Расеі рэсурсаў, каб кампэнсаваць гэты рост патрэбаў? Вось праблема.

Дракахруст: Ганна, наколькі ў эўрапейскай аналітыцы існуе рэфлексія наконт беларускай сытуацыі, наконт стасункаў Беларусі з Расеяй? Можа быць, адпаведныя прагнозы, пра якія я казаў — вынік блытаніны жаданьняў з прагнозамі і парадыгмаў з прагнозамі. Ёсьць нейкая агульная ўстаноўка, што такія стасункі ня могуць быць вечнымі. Гэтая ўстаноўка прыкладаецца да адносінаў Беларусі з Расеяй. Але факты разбураюць гэтую парадыгму. Магчыма, тым горш для фактаў?

Дынэр: Можа быць і так. Падтрымка Расеяй Беларусі будзе працягвацца. Гэта яшчэ пакуль не такія вялікія грошы, і на гэта пакуль ня надта ўплывае падзеньне ВУП у Расеі. Пакуль у Расеі грошы ёсьць. І другая рэч, якая тычыцца падтрымкі Беларусі і, можа быць, таксама пераменаў у Беларусі — гэта адказ на пытаньне, ці магчымая ў Беларусі такая рэвалюцыя, якая адбылася ва Ўкраіне? Мне здаецца, што яна быццам бы магчымая пры ўмове, што Расея стане слабай краінай. Калі ў яе будуць сур’ёзныя праблемы, і тады ўжо ня будзе справы да Беларусі. Гэта пад сумневам. Але, калі мы параўнаем сытуацыю з 90-мі, то можна падумаць і аб такім варыянце разьвіцьця падзеяў.

У Расеі няма праекту іншага прарасейскага прэзыдэнта ў Беларусі. Таму што ўжо відаць, што без Лукашэнкі цяперашняя сыстэма абрынецца. А гэта спараджае вялікія рызыкі.

Загадкі бялградзкага візыту Лукашэнкі


Дракахруст: На гэтым тыдні адбыўся даволі загадкавы візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Сэрбію. Афіцыйныя вынікі, заявы, якія прагучалі з вуснаў Лукашэнкі і Нікаліча, вядомыя, але яны ў поўнай меры не даюць адказу на пытаньне — у чым была мэта гэтай паездкі, якую карысьць атрымае ад яе Беларусь, Сэрбія і Лукашэнка асабіста. У вас ёсьць адказы на гэтыя пытаньні?

Дынэр: Складана сказаць. За апошнія гады было даволі шмат беларуска-сэрбскіх кантактаў, і гэта ня толькі візыт сэрбскага прэзыдэнта ў Менску — былі кантакты на больш нізкім узроўні. Было б вельмі цікава даведацца, ці былі нейкія перамовы наконт таго, каб Сэрбія выступіла ў якасьці пасярэдніка паміж ЭЗ і Беларусьсю. Нагадаем, што некалькі гадоў таму назад такую функцыю выконваў міністар замежных справаў Баўгарыі. Чаму б Сэрбіі ня выканаць тую ж ролю. У іх шмат сваіх праблемаў, але яны ж вось прынялі Лукашэнку.

Дракахруст: Валер, у чым разгадка загадкі гэтага візыту? Гучалі часам такія экзатычныя вэрсіі, што Сэрбія стане адвакатам Беларусі ў ЭЗ ці што Беларусь адарве Сэрбію ад ЭЗ. Вось Лукашэнка ў Бялградзе казаў, што Захад касьцьмі лёг, каб гэтага візыту не было. Чаму?

Карбалевіч: Я не падзяляю вэрсіі, што нібыта ці то Менск выступае ў ролі пасланьніка Расеі, ці то Сэрбія выступае ў ролі пасланьніка ЭЗ. Я ня думаю, што ў Беларусі хопіць рэсурсаў, каб паўплываць на вонкавую палітыку Сэрбіі, каб яна не ўступіла ў ЭЗ. Калі гэта патрэбна Расеі, то ў яе існуюць свае магчымасьці, каб паўплываць на гэта.

Сэнс гэтага візыту зь беларускага боку зразумелы. Яго трэба разглядаць ў палітычна-сымбалічным пляне. Лукашэнка лічыць, што гэтым візытам ён «прарубіў вакно» ў Эўропу насуперак усім санкцыям. Гэта для яго псыхалягічна важна. Невыпадкова, што першае, што ён сказаў падчас перамоваў з сэрбскім прэзыдэнтам, гэта тое, што візыт адбыўся насуперак жаданьню ЗША і ЭЗ. Гэта такая выразная дуліна Захаду.

Менш зразумелы сэнс гэтага візыту для Сэрбіі. Магчыма, гэта зьвязана зь нейкімі унутрыпалітычнымі, электаральнымі працэсамі ў самой Сэрбіі. Бо там існуюць моцныя антызаходнія, прарасейскія настроі і, магчыма, прэзыдэнт Сэрбіі спрабуе гуляць на гэтых настроях.

Дракахруст: Арцём, і ваш адказ?
Арцём Шрайбман
Арцём Шрайбман
Шрайбман: Ведаеце, заўсёды, калі трэба патлумачыць на першы погляд не зразумелы візыт, варта глядзець дзяржаўнае беларускае тэлебачаньне. Бо калі б нешта значнае было б дасягнутае падчас візыту Лукашэнкі ў Бялград, то беларускія афіцыйныя мэдыі гучна і ганарліва пра гэта б паведамілі. А паведамленьні апынуліся даволі сьціплымі. Таму высновы відавочныя — нічога значнага дасягнута не было.

Кожнаму з кіраўнікоў дзьвюх краін гэты візыт быў патрэбны для сваіх, шмат у чым іміджавых, мэтаў. Лічу, што ня варта разглядаць Сэрбію ў ролі патэнцыйнага пасярэдніка паміж Менскам і Брусэлем. Зараз ім не патрэбен пасярэднік, бо няма такой мэты ў абодвух бакоў — наладзіць стасункі. Зь іншага боку, яны шмат камунікуюць наўпрост паміж сабой. Прэзыдэнт Таміслаў Нікаліч — лідэр нацыяналістычнай партыі. І хоць ён ідзе шляхам эўраінтэграцыі, бо гэта выгадна для краіны, ягоны электарат — ня самая праэўрапэйска настроеная частка сэрбскага грамадзтва. І гэтым выбарнікам таксама трэба паказаць, што вось, маўляў, мы можам і насуперак Эўропе сустракацца з братамі-славянамі, кіраўніка якіх у Эўразьвязе ня любяць.

А для беларускага прэзыдэнта візыты ў эўрапейскія краіны заўседы былі своеасаблівым «выхадам у людзі», сьведчаньнем таго, што вось і ў Эўропе ў нас ёсьць сябры. Пасьля паездак па Сярэдняй Азіі і Вэнэсуэле, гэта, напэўна, псыхалягічна прыемна — паехаць у краіну-кандыдата на ўступ ў Эўразьвяз, і там распавесьці пра дрэнных эўрапейцаў, якія хацелі сарваць гэты візыт.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG