Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік МЗС Украіны патлумачыў, чаму абразіў Пуціна


Кіраўнік МЗС Украіны Андрэй Дзешчыца патлумачыў сваё абразьлівае выказваньне на адрас прэзыдэнта Расеі Уладзіміра Пуціна экстрэмальнай сытуацыяй, якая ўзьнікла ля амбасады Расеі ў Кіеве. Пра гэта дыплямат заявіў у эфіры радыёстанцыі «Эхо Москвы».

«У гэты момант галоўнае было — утрымаць людзей», — растлумачыў ён.

Дзешчыца прыбыў да амбасады Расеі, каб супакоіць натоўп, які ўчыніў беспарадкі. Падчас размовы з актывістамі журналісты зафіксавалі, як ён прасьпяваў нецэнзурную песеньку ў адрас прэзыдэнта Расеі.


Размаўляючы з прысутнымі, кіраўнік МЗС Украіны таксама ня выключыў разрыву дыпляматычных адносін з Масквой. Разам з тым ён адзначыў, што гэта «самая апошняя кропка». «Нам трэба знайсьці ўсе неабходныя мэханізмы. Калі мы разарвем дыпадносіны, мы ня зможам вырашаць пытаньні людзей, якія знаходзяцца на тэрыторыі Расеі», — растлумачыў Дзешчыца.

Некалькі соцень актывістаў сабраліся ў суботу на пікет ля расейскага пасольства і заблякавалі выезд з будынка, а таксама перавярнулі прыпаркаваныя паблізу машыны. Дэманстранты закідалі яйкамі, напоўненымі зялёнкай, фасад амбасады, зьнялі расейскі сьцяг, а затым пачалі закідваць будынак выбуховымі пакетамі і дымавымі шашкамі.

Расея прапанавала Радзе Бясьпекі ААН прыняць заяву з асуджэньнем нападу на амбасаду ў Кіеве. Аднак гэта рашэньне, паводле інфармацыі РІА Навіны, заблякавалі дэлегацыі шэрагу заходніх краінаў: ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG