Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ружанскім палацы пускалі салюты, каталіся на поні і слухалі «Стары Ольса» (ФОТА, ВІДЭА)


У Ружанах (Берасьцейшчына) сёньня адбываецца фэст «Ружанская брама». Ужо чацьверты год запар гэтая імпрэза зьбірае людзей ня толькі зь Берасьцейшчыны, але і з усяе Беларусі.

У мінулым годзе фэст наведалі тысячы мясцовых жыхароў і турыстаў.

Сёньня асноўныя падзеі фэсту распаччаліся а 14-й гадзіне — гэта выставы рамесьнікаў, сувэнірны гандаль, забавы для дзяцей, экскурсіі для турыстаў па музэі.


А 17-й гадзіне на пляцоўцы палаца Сапегаў выступіў гурт сярэднявечнай музыкі «Стары Ольса», потым заплянаваныя выступы розных мясцовых калектываў, паказалі фрагмэнт спэктаклю «Чорная панна Нясьвіжа».

Напрыканцы фэсту адбыўся выступ рок-гурту «J:МОРС», лязарнае шоў і фаервэрк.


Дырэктар музэю «Палацавы комплекс Сапегаў» Руслан Кніга распавёў Свабодзе, што рэстаўрацыя ня спынілася на аднаўленьні брамы палацу. Надалей будзе аднаўляцца ўсходні корпус, дзе калісьці месьціўся тэатар Сапегаў. Мяркуецца, што там, акрамя тэатральнай залі, будзе рэстарацыя і гатэль. Турысты змогуць акрамя наведваньня палаца тут жа і спыніцца на ноч.


Спадар Кніга кажа, што музэй ужо займеў вядомасьць сярод турыстаў. Гэтак, у 2013 годзе толькі музэй палацу (ня ўлічваючы турыстаў, якія не заходзілі ў музэй) наведалі больш 18 тысяч чалавек.

Фэст «Ружанская брама» фармальна лічыцца абласным, аднак, у час сьвята сюды прыехалі прадстаўнікі розных рэгіёнаў. Тут можна адпачыць ўлічваючы гістарычны густ наведнікаў — шматлікія сувэнірныя лаўкі, тэатральныя пастаноўкі, музыка сярэднявечча... Аднак і наведнікі зь дзецьмі тут знойдуць шмат забаваў — катаньне на поні, карусэлі, дзіцячыя прысмакі...


Штогод фэст «Ружанская брама» прыцягвае ўсё большую колькасьць людзей. Як жартуе дырэктар музэю Руслан Кніга, нават Сапегі маглі б цяпер зайздросьціць такой славе.

Дырэктар музэю кажа, што пяты фэст «Ружанская брама», які адбудзецца ў наступным годзе, будзе яшчэ больш інтрыгуючым.
XS
SM
MD
LG