Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Здам кроў — і на бэнзін хапае»


Ушанаваньне ганаровых домараў у Гомельскай станцыі пераліваньня крыві

Ушанаваньне ганаровых домараў у Гомельскай станцыі пераліваньня крыві

14 чэрвеня адзначаецца Усясьветны дзень донараў крыві. Людзі часта ідуць здаваць кроў, каб зарабіць грошай: за 450 грамаў здадзенай крыві плацяць 546 тысяч рублёў. Тым часам Усясьветная арганізацыя аховы здароўя (ВАЗ) заклікае здаваць кроў бясплатна.

З 206 тон крыві, якую здалі за мінулы год беларусы дзеля выратаваньня жыцьцяў сваіх суграмадзянаў, амаль 30 тон прыпадае на жыхароў Гомельшчыны. Каля 15 тысяч жыхароў рэгіёну сістэматычна здаюць кроў на чатырох станцыях пераліваньня і шэрагу стацыянарных пунктаў пры шпіталях.

Жыхар Рэчыцы, ганаровы донар Уладзімер Радзькоў кажа, што асабіста здаў каля паўсотні літраў крыві:
Ганаровыя донары з Рэчыцы – Сяргей Смарцэлаў і Уладзімер Радзькоў (справа)

Ганаровыя донары з Рэчыцы – Сяргей Смарцэлаў і Уладзімер Радзькоў (справа)

«Як стаў донарам? У сябра маці захварэла — гэта было ў 1992 годзе. Ёй патрэбна была кроў — здаў. Потым другі, трэці раз. Так і пайшло. Па маіх падліках, здаваў я кроў 96 разоў Сваю кроў здаеш — ты ж камусьці дапамагаеш. Грошы — гэта само сабою. Але я іду здаваць і ня ведаю, якому чалавеку дапамагу. Мне й бяз розьніцы. Хто б ён ня быў — ён жыве адзін раз. І дапамога, я лічу, павінна быць».

Уладзімер кажа, што ён ужо прызвычаіўся да здачы крыві. І ня важна, будуць плаціць за кроў ці не:

«Для мяне кроў здаць, як наркотык для наркамана. Час падыходзіць — і ты ўжо сам ідзеш. А будуць ці нябудуць плаціць — гэта ўжо вырашыць дзяржава. Я асабіста ўсё адно здаваць буду. У мяне, напрыклад, арганізм прывык ужо да здачы. Як часта я здаю? Кроў — адзін раз на два месяцы, плазму — два разы на месяц».

Паводле зьвестак Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру трансфузіялёгіі і мэдычных біятэхналёгій, з 80 тысяч беларусаў, якія сыстэматычна здаюць кроў, бесплатна гэта зрабіць пагадзіліся толькі 1000 чалавек, і большасьць на гэта пайшлі ў межах разавых акцый.

Гамельчукі тут не выключэньньне. Толькі адзінкі, з кім давялося гутарыць, пагаджаюцца на бясплатнае донарства. Студэнты, мала забясьпечаныя людзі,на дадатак да гуманнага учынку бачаць у здачы крыві і неблагую матэрыяльную падтрымку.

Гамяльчук сярэдніх гадоў, які назваўся Аляксандрам, тлумачыць:

«Моцна матэрыяльнае становішча не паправіш, але для машыны на бэнзінчык хапае. Пэрыядычна мы здаем кроў і бясплатна — як бы на дабрахвотнай аснове. Але калі ўсё гэта наагул на бясплатна перавесьці, то людзі проста перастануць здаваць. Многія гэта робяць менавіта з-за грошай — і я ў прынцыпе таксама».

Маладая лекарка Лідзія апавяла, што першы раз здала кроў будучы студэнткай. І зараз перыядычна наведвае станцыю пераліваньня крыві. І менавіта таму, што здача крыві вядзецца на каштоўнай аснове:

«Для студэнта — гэта добрая падмога. І для доктара зараз няблага здаць кроў. Калі гэта будзе бясплатна, я думаю, зьменшыцца нашмат колькасьць жадаючых. Адназначна. Ня будзе стымулу. Людзі апасаюцца здаваць кроў. Апасаюцца шкоды свайму здароўю, рызыкі інфікаваньня, хаця яна мінімальная пры здачы кампанэнтаў крыві. Але людзі гэтага баяцца. Нават за грошы многія ня ходзяць здаваць».

Лекарка таксама ня схільна здаваць бясплатна кроў, хіба толькі у выключных выпадках:

«Я б, магчыма, схадзіла адзін, другі раз. Але часта я б не здавала. Па неабходнасьці хіба — магчыма, камусьці пільна спатрэбілася: дзіцяці, сваякам, знаёмым. А так — не».

Ганаровы донар з Гомеля Ірына Анжэнка лічыць, што на донараў і без таго махнулі рукою:
Ірына Анжэнка

Ірына Анжэнка

«Донараў у нас крыўдзяць. Пазбавілі ўсяго: пратэзіраваньня бясплатнага, праезду, дадатку да пэнсіі — усяго. Толькі што мэдаль носім: на адным баку — „дзякуй“, на іншым — пуста. Дзякуй Лукашэнку: усё адабраў. За гэта дзякуй. Нават у паліклініку прыходзіш — някай увагі. Хоць ты ганаровы і заслужаны донар, але стаіш у чарзе. Крыўдна!»

Выступаючы за бясплатную здачу крыві, Усясьветная арганізацыя аховы здароўя мае на ўвазе, што калі чалавек будзе здаваць яе не дзеля грошай, а толькі з гуманных меркаваньняў, то ён ня стане падманваць пра стан свайго здароўя. Донарская кроў хаця й правяраецца на гепатыт і ВІЧ, але ў сучаснай практыцы здачы крыві за грошы даводзіцца разьлічваць найбольш на сумленьне чалавека.

Дарэчы, у высокаразьвітых краінах аплачанаю донарскую кроў забаронена выкарыстоўваць для пераліваньня — яна ідзе толькі на выраб лекаў. У Беларусі з 40 дозаў крыві на лекі ідзе толькі 25.

Дасьведчыныя донары зь ліку мэдыкаў нагадваюць, што з донарскай крывёю ў Беларусі асаблівых праблемаў няма. На першы плян, тым больш у Гомельскай вобласьці, якая асабліва моцна пацярпела ад Чарнобылю, выходзяць цяпер донары ствалавых клетак, каб лячыць хворых на рак і лейкозы.
XS
SM
MD
LG