Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалая Статкевіча спрабавалі абвінаваціць ў падрыхтоўцы ўцёкаў з турмы


Мікола Статкевіч
Мікола Статкевіч

Мікалая Статкевіча турэмшчыкі спрабавалі абвінаваціць у падрыхтоўцы да ўцёкаў з магілёўскай турмы.

Мікалай Статкевіч паведаміў на волю, што турэмшчыкі спрабавалі абвінаваціць яго ў намеры зьбегчы з турмы праз адмыслова зроблены лаз. Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміла жонка палітвязьня Марына Адамовіч.

«Напісаў пра неверагодную рэч. Што яго спрабавалі абвінаваціць, нібыта хацеў пракалупаць дзірку ў сьцяне і ўцячы. І гэта пры тым, што ягоная камэра, як ён апісваў, выходзіць ва ўнутраны двор турмы, куды іх водзяць на шпацыры! А пачалося з таго, што недзе на сьцяне ці дзе павесіў газэтку, дык вось і западозрылі, нібыта зьбіраўся ў тым месцы пад газэтай пракалупаць дзірку. Яўна наглядзеліся фільмаў, кшталту „Уцёкі з Шаўшэнку“. Але ў нашай сытуацыя гэткія глупствы насамрэч сур’ёзная рэч. Ён жа аднесены да тых, хто нібыта схільны да ўцёкаў, таму сапраўды могуць з гэтай нагоды яшчэ нешта яму дрэннае зрабіць. Таму з трывогай чакаю паведамленьня на гэты конт: спынілася гэтае вар’яцтва, ці нешта там у іх атрымалася».

Таксама Мікалай Статкевіч паведаміў, што ў сувязі з пераходам Магілёўскай вобласьці з аналягавага тэлебачаньня на лічбавае, ў магілёўскай турме пакінулі толькі тры тэлеканалы — АНТ і БТ-1, і расейскі канал РТР. Ахвяраваўшы пры гэтым СТВ і БТ-2. Такім чынам, як мяркуе Мікалай Статкевіч, абласныя навіны ўласьнікам аналягавых тэлевізараў, сярод якіх былі большасьцю людзі сталага веку, цяпер сталі недасяжныя. «Замест іх — праграмы расейскага тэлечачаньня», — заўважае Марына Адамовіч.

Ці зможа Мікалай Статкевіч глядзець ў турме матчы чэмпіянату сьвету па футболе ў Бразыліі? Марына Адамовіч адказу на гэтае пытаньне ня мае. Паводле яе, Мікалай Статкевіч любіў паглядзець футбол, але фанатычным заўзятарам ніколі ня быў.

_________________________________________

Мікалай Статкевіч асуджаны на 6 гадоў зьняволеньня нібыта за арганізацыю масавых беспарадкаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году. Сваёй віны палітык не прызнае і адмаўляецца прасіць аб памілаваньні. Са сьнежня 2011 года Мікалай Статкевіч знаходзіцца пастаянна ў закрытым памяшканьні — спачатку ў карцэры і ПКТ шклоўскай калёніі, а са студзеня 2012 года — у магілёўскай турме.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG