Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі Чырвоны Лес на лёнданскай сцэне


12 чэрвеня пры поўнай залі на сцэне лёнданскага тэатру Young Vic адбылася прэм’ера новага спэктаклю Беларускага свабоднага тэатру «Чырвоны лес» (Red Forest), які расказвае пра боль і страты, несправядлівасьць і абыякавасьць, пра любоў і надзею.

У індзейцаў племені лакота ёсьць павер’е: іх лёс і дабрабыт зьвязаны з пракаветнай сакральнай істотай — белай бізоніхай. Зь яе пачынаецца памяць племені, яна пакінула яму сем сакральных прадметаў, улучна з люлькай міру. І нараджэньне ў статку племені белай бізоніхі — надзвычай рэдкая зьява, якая здараецца раз на мільёны выпадкаў — сымбалізуе яднаньне і надзею на спакойную будучыню іх народу.

Гэтай прыгожай легендай пачынае спэктакль Апавядальнік (Джэрэмі Пру, індзеец з канадзкага Антарыё), задаючы яго галоўную тэму — сувязі чалавека зь зямлёй, страты гэтай сувязі і спробаў яе вяртаньня.

«Чырвоны лес» (рэжысэр і сцэнарыст — Мікалай Халезін, выканаўчы прадзюсэр — Натальля Каляда) — супольная прадукцыя Свабоднага тэатру і тэатру Young Vic, створаная на замову лёнданскага тэатральнага фэстывалю LIFT і Мэльбурнскага тэатральнага фэстывалю.

Як і папярэдні праект тэатру — спэктакль «Trash Cuisine», новая праца стала мастацкім дасьледаваньнем унівэрсальнай сацыяльна-палітычнай праблемы. Гэтым разам у цэнтры ўвагі аўтараў стаў лёс уцекачоў у сьвеце — тых, хто ратуецца ад вайны, галечы, прыродных катастрофаў, хто пакідае свой дом і не знаходзіць прытулку ў сьвеце.

Галоўная гераіня спэктаклю — нігерыйская жанчына (Мікі Кеямо), у якой падчас ваеннага канфлікту забіваюць мужа, і яна цяжарная вымушаная ўцякаць ад жахаў вайны і гвалту. З малым дзіцем на руках яна бяжыць у пошуках спакою, але зазнае яшчэ большы гвалт і пакуты — ад бязьлітасных людзей і ад няшчаднай прыроды. У спробе нелегальна перабрацца ў Гішпанію, яна праходзіць пекла альжырскай Сахары і лягеру для ўцекачоў у Марока.

У тэатральным расповедзе, праходзячы праз свае колы пекла, гераіня становіцца сьведкай і ўдзельніцай іншых гісторыяў пра ўцёкі і пакуты — гэткіх жа рэальных, як і яе ўласная. Цунамі ў Японіі, наступ нафтавай кампаніі на рэшткі чыстай прыроды ў Бразіліі, барацьба карэнных народаў за сваё месца ў сьвеце — гэтыя тэмы ўдзельнікі праекту дасьледавалі ў розных кутках Зямлі, сустракаючыся зь людзьмі, чый лёс знайшоў адлюстраваньне ў спэктаклі.

Адным з кульмінацыйных момантаў п’есы становіцца «чырвоны лес» Чарнобылю — пара старых людзей самотна жывe ў зоне адчужэньня, адкуль ужо ўцяклі ўсе, хто мог, а яны працягваюць існаваньне ў пакінутым Богам і людзьмі сьвеце, сьвеце-прывідзе, афарбаваным у колер бяды.

У «Чырвоным лесе» няма акторскага тэксту — апавяданьне вядзецца «закадравым» голасам, рэалізуецца сродкамі плястыкі, відэапраекцыі і музыкі. Аўтары харэаграфіі — аўстралійская ўдзельніца праекту Брыджэт Фіске, якая працавала і над папярэднім спэктаклем Свабоднага тэатру «Trash Cuisine», i беларуска Марыя Сазонава.

Музыку для «Чырвонага лесу» стварылі два кампазытары — беларусы замежжа — гітарыст Аркадзь Юшын з ЗША, які ўдзельнічаў у папярэдніх працах тэатру «Czas kobiet» і «Trash Cuisine», i студэнт аддзяленьня кампазыцыі Музычнага ўнівэрсытэту імя Ф.Шапэна ў Варшаве Ігнат Сокал. Музыка ў спэктаклі гучыць ужывую.

У нядаўнім інтэрвію для Радыё Свабода Мікалай Халезін зазначыў, што тэатар бачыць сваёй задачай упісваць Беларусь у сусьветны кантэкст. Сярод усяго іншага, спэктаклі Беларускага свабоднага тэатру — калі не лічыць спэцыялізаваных фальклёрных фэстываляў — ці не адзіная нагода для гледачоў у сьвеце пачуць аўтэнтычныя беларускія народныя сьпевы. Іх зьяўленьне ў працах тэатру стала ўжо ледзь ня правілам — яны ствараюць моцны эмацыйны акцэнт у сцэнічнай дзеі.

Спэктакль вянчае сымбалічнае завяршэньне: Апавядальнік расказвае, што пару гадоў таму ў штаце Дакота адбылася падзея, якой чакалі цэлае стагодзьдзе — нарадзілася белая бізоніха. І ў тым самым часе на другім канцы зямлі, у Белавескай пушчы нараджаецца белае зубраня. Як зарука дабрабыту, як знак новай надзеі. Гучаць традыцыйныя сьпевы амэрыканскіх індзейцаў, да іх далучаецца беларуская сьпеўная аўтэнтыка — у дасканалым сугуччы і суладзьдзі.

***

«Чырвоны лес» на сцэне тэатру Young Vic будзе дэманстравацца да 5 ліпеня. Адзін з спэктакляў можна будзе паглядзець на нашым сайце ў жывой трансьляцыі — сачыце за нашымі паведамленьнямі.

Фота: Беларускі свабодны тэатар
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG