Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці шукаюць дзяцей у беларускамоўную клясу


Алесь і Мілана Ляўчук зь Берасьця хочуць аддаць сваю дачку Камілу ў першую клясу з навучаньнем на беларускай мове. Аднак чыноўнікі паслалі бацькоў шукаць яшчэ ахвотных — маўляў, клясу створаць пры наяўнасьці мінімум 5 вучняў.

Сёньня Алесь і Мілана вымушаныя расклейваць па Берасьці ўлёткі пра набор у першую беларускамоўную клясу школы № 34. Бацькі шасьцігадовай Камілы выявілі, што ня вельмі проста ў 300-тысячным абласным цэнтры знайсьці 5 беларускамоўных дзетак.

На думку Алеся Ляўчука, такая сытуацыя склалася таму, што дзяржава не займаецца прасоўваньнем беларускамоўнай адукацыі:

«Дзяржава ніяк не прапагандуе беларускую мову. І таму аддзел адукацыі робіць усё, каб беларускай клясы не было. Мы павінны выконваць працу аддзелу адукацыі і шукаць пяць дзяцей, хоць гэта іх праца, яны павінны гэтым займацца...»

Маці Камілы Мілана таксама кажа, што чыноўнікі перакладаюць свае абавязкі на бацькоў:

«Яны ў першую чаргу спасылаюцца на тое, што, маўляў, бачыце, гэта ж самі бацькі ня хочуць, такіх, як вы, не стаіць чарга... Але, я лічу, нягледзячы на тое, што ёсьць такая праблема ў грамадзтве, гэта ўсё адно праблема чыноўнікаў, якія на дзяржаўным узроўні абсалютна не папулярызуюць мову. І калі я ў аддзеле адукацыі зьвярталася, каб там была нейкая разьмешчаная інфармацыя, то кіраўнік аддзелу адукацыі гэтак адразу і заявіў, што мы, маўляў, тут прапагандай якой-колечы мовы займацца ня будзем», — кажа Мілана Ляўчук. Каміла Ляўчук

Каміла Ляўчук


Нягледзячы на ўсе гэтыя цяжкасьці, бацькі Камілы не зьбіраюцца адступаць ад ідэі навучаньня па-беларуску. Алесь і Мілана кажуць, што цягам лета будуць спрабаваць шукаць ахвотных далучыцца да іхняй ініцыятывы:

«Людзі, якія пажадаюць аддаць у 34-ю школу Берасьця сваіх дзяцей, могуць проста прыйсьці да 28 жніўня і напісаць заяву на імя дырэктара. Альбо патэлефанаваць мне і Алесю на нашы тэлефоны — МТС 228-44-68 (Мілана) і 727-35-04 (Алесь). І тады мы крышку болей распавядзем пра перавагі беларускамоўнай адукацыі». Каміла з бацькам Алесем Леўчуком

Каміла з бацькам Алесем Леўчуком


Кандыдат пэдагагічных навук, былы першы намесьнік старшыні Берасьцейскага абласнога аддзелу адукацыі Мікалай Коўш выказаў Свабодзе меркаваньне, што не бацькі павінны шукаць дзяцей для школы. На яго думку, гэта павінны рабіць чыноўнікі:

« Мікалай Коўш

Мікалай Коўш

Павінна дзяржава, павінны органы адукацыі. Канечне, павінны... Іншая справа, што пасьля агульнаадукацыйнай школы няма такога, каб прадметы выкладаліся на беларускай мове. Атрымоўваецца тут такая напаўтупіковая сытуацыя... Таму на ваша пытаньне скажу — канечне, павінны ўсе разам займацца тым, каб у нас было болей беларускамоўных клясаў, каб адчыняліся беларускамоўныя школы, каб вышэйшыя навучальныя ўстановы працавалі на беларускай мове... Але мы бачым пазыцыю дзяржавы. У нас пазыцыю ўсталёўвае адзін чалавек».

Спадар Коўш кажа, што дзеля ўратаваньня беларускай мовы дзяржаве варта зьвярнуцца да беларусізацыі. Ён працаваў у аддзеле адукацыі якраз тады, калі, як сам кажа, «яшчэ не былі здушаныя парасткі беларусізацыі ў беларускай адукацыі». Мікалай Коўш кажа, што ў 90-я гады выкладчыкам, якія працавалі па-беларуску, быў нават 15-працэнтны дадатак да заробку. Менавіта такой практыкай дзяржава павінна стымуляваць адраджэньне беларускай адукацыі, мяркуе кандыдат пэдагагічных навук зь Берасьця Мікалай Коўш.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG