Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінцы прапануюць эскорт для беларусаў-«чаўнакоў»


Вакзал у Чарнігаве

Вакзал у Чарнігаве

Гарадзкія ўлады Чарнігава кажуць, што паток беларускіх пакупнікоў зьменшыўся ў гэтым украінскім горадзе ў два разы. Чарнігаўская самаабарона прапануе гамельчукам эскорт ад мяжы да сваіх рынкаў, калі хто баіцца ехаць на закупы.

Многія беларускія пакупнікі ўсё яшчэ напалоханыя расейскай прапагандай: нібыта ўсюды ва Ўкраіне неспакойна — на дарогах нібыта поўна бандэраўцаў, рабуюць, псуюць прыватны транспарт, а то й нагул адбіраюць. Хоць у рэальнасьці пацярпелых на чарнігаўскіх дарогах знайсьці складана.

Чарнігаўскі прадпрымальнік з Цэнтральнага рынку спадар Уладзімер кажа, што ў апошнія месяцы продаж у яго самога й ягоных калег значна зьнізіўся, бо беларусы ўсё яшчэ слаба едуць сюды на закупы:

«Менш езьдзяць беларусы. Можа, прапаганда такая. Але ня трэба нікога баяцца — трэба ехаць. Украінскі народ гасьцінны. Ён прывітае і беларусаў, і рускіх, і армян, і азэрбайджанцаў. Як хто да нас з дабром, то дабром яго і сустракаем. Няхай прыяжджаюць — мы толькі рады».

Кіраўнік рыначнага комплексу «Нівы» Алег Мароз падлічыў, што колькасьць беларускіх пакупнікоў на ягоным комплексе скарацілася сёлета на 80–90 адсоткаў. Намесьніца чарнігаўскага мэра Ганна Раманава ў Facebook’у падае зьвесткі, што беларусаў, якія едуць у Чарнігаўскую вобласьць па тавар, паменела ў два разы. Мэрыя запрасіла нават гомельскія афіцыйныя СМІ, каб і тыя апавялі пра бяду чарнігаўскіх рынкаў і крам ад непрыезду беларускіх пакупнікоў.

На сытуацыю ў памежным гандлі адрэагавала Чарнігаўская самаабарона — такія добраахвотныя фармаваньні паўтвараліся ў рэгіёнах пры спрыяньні Службы бясьпекі Ўкраіны. Самаабарона прапануе гамельчукам нават ахоўныя эскорты ад мяжы на рынак і назад да памежнага пераходу. Самаабарона Чарнігава

Самаабарона Чарнігава


Гаворыць рэгіянальны каардынатар самаабароны Аляксандар Ясянчук:

«Мы мяркуем, што тая сытуацыя, якая склалася паміж нашымі краінамі і рэгіёнамі — яна ненармальная. Прапаганда, якую пашыраюць паміж беларускімі людзьмі, непраўдзівая — пра тое, што ў нас беспарадкі і злачынцы ходзяць па нашых вуліцах. Мы разумеем, што распаўсюджваюць гэта людзі, як кажуць, завербаваныя. Таму мы й прапануем: як вашыя грамадзяне хочуць прыехаць, але баяцца, то яны могуць тэлефанаваць нам альбо напісаць — і мы будзем іх суправаджаць ад мяжы і да Чарнігава. І назад таксама».

Суразмоўца дадае, што людзі могуць паведамляць і пра факты супрацьпраўных дзеяньняў украінскіх памежнікаў, мытнікаў альбо міліцыі, калі такое здарыцца.

Раней самі прадпрымальнікі напаўжартам прапаноўвалі зладзіць гамельчукам «жывы калідор», абы тыя ехалі ў Чарнігаў на закупы.

Суседзі мяркуюць, што беларусам выгадна ехаць па тавары і з чыста эканамічных меркаваньняў. Грыўня ў адносінах да даляра й беларускага рубля значна патаньнела, а цэны на ўкраінскіх рынках амаль ня вырасьлі. Таму і абутак, і адзеньне купляць ва ўкраінцаў выгадна. Пра гэта кажа і прадпрымальніца Тамара:

«З курсам грыўні сытуацыя для беларусаў выгаднейшая, чым для ўкраінцаў. Таму ня бойцеся, прыяжджайце — у нас дужа спакойна. Едзьце да нас і купляйце тавары. Ня слухайце нікога, ня слухайце. Гэта правакацыя нейкіх расейскіх цмокаў. У нас ціха, нармальна. Усё добра ў нас».
XS
SM
MD
LG