Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Горадні створана новая беларускамоўная група ў дзіцячых ясьлях-садку № 45. Яна адкрыецца зь верасьня, у ёй будуць дзеці двух узростаў: двух і трох гадоў. Яна меншая ўдвая ад звычайных, у якіх, як правіла, дваццаць пяць дзяцей і больш.

Вольга Валько, якая шчыльна займалася стварэньнем новай беларускамоўнай групы, кажа, што сыну Стасю будзе гэтым летам тры гады. Сама яна працавала дагэтуль ва ўнівэрсытэце, муж — у гандлі:

«Я калі апошні раз спраўджвала сьпіс, то там было трынаццаць чалавек. Два гады таму стварылася першая групка. Гэта была ініцыятыва бацькоў — мінулым разам і цяпер. Але насустрач пайшлі і садок, і аддзел адукацыі».

Беларускамоўная група існуе толькі ў адных ясьлях-садку Горадні — на вуліцы Сухамбаева, што ня вельмі далёка ад цэнтру. Але дзяцей сюды прывозяць з усяго гораду, дзе больш за трыста тысяч чалавек насельніцтва. Сям’я Валько жыве ў жылым раёне Вішнявец, на ўскраіне, і вазіць сына давядзецца кілямэтраў за шэсьць. Але Вольга лічыць, што «дзеля беларускай мовы можна праехаць і дзесяць».

Першая група ў гэтым садку працуе ўжо два гады. Яе стварэньнем займалася Натальля Кісель. Сама яна хатняя гаспадыня, муж — інжынэр-канструктар, сыну Францішку чатыры з паловай гады:

«Калі я займалася групай, арыентавалася на нашых знаёмых, тых, хто наведвае культурныя мерапрыемствы, і ўзрост падыходзіў.
Нас спачатку баяліся адкрываць: невядома, што там будзе ў гэтай групе, напэўна, будуць мітынгі рабіць
Мы гэтых бацькоў у сьпіс уключылі. Аказалася, ніхто не прыйшоў. Не, гэтым людзям ня трэба. Прыходзяць бацькі, якія кажуць: я мовы ня ведаю, але ведаю, што ведаць трэба, трэба здаць дзіця, каб яго вучыць. Вось такіх у нас большасьць у групе. Напэўна, нас спачатку баяліся адкрываць: невядома, што там будзе ў гэтай групе, напэўна, будуць мітынгі рабіць. Аказалася, наадварот, і да нас вельмі добра ставіцца кіраўніцтва садку і адміністрацыі».

Напачатку ў групе было толькі восем дзяцей, потым яна павялічылася да пятнаццаці, цяпер — толькі адзінаццаць. Прычыны — жыцьцёвыя. Напрыклад, адно дзіця пакінула групу на самым пачатку, бо выявілася алергія на малочныя кашы.

«А потым дзеці сыходзілі, таму што не было магчымасьці вазіць. Гэта павінна быць вельмі моцная матывацыя, каб вазіць дзіця на тралейбусе.

Напрыклад, у нашай групе мы адны, хто без машыны, мы адзіныя возім. Але нам было прынцыпова, мы б у любое месца вазілі».

Натальля Кісель кажа, што нядаўна яны ўпершыню зрабілі супольны пікнік: бацькі зь дзецьмі першай беларускамоўнай групы. Нанялі аграсядзібу, паразмаўлялі пра будучыню — школу, «і гэта вельмі падтрымала наш дух», прызналася Натальля Кісель.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG