Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ўратуе прэмія Гедройца беларускую літаратуру?


Лідзія Міхеева

Няўмольна абаяльны Андрэй Хадановіч, які старанна спрабуе суняць ў сабе Івана Урганта. Акардэонны эмбіент ад «PortMone», маёй улюбёнай групы, якая, паклаўшы руку на сэрца, усё ж больш падыходзіць для клюбнага адпачынку, чым урачыстай цырымоніі. Піянэрская чытка фрагмэнтаў твораў-фіналістаў акторамі «Свабоднага тэатру», якія сваімі інтанацыямі забясьпечылі ілюзію, што ўсе тэксты стварыў нейкі адзін экзальтаваны аўтар з плеяды савецкіх дзіцячых пісьменьнікаў. Астранамічны лікбез ад Уладзімера Някляева і Ўладзімера Арлова. Прымаўкі ад Валянціна Акудовіча, якія рызыкуюць падацца крыху грубаватымі тым, хто дрэнна знаёмы з пачуцьцём гумару філёзафа. Зьлёгку зьбянтэжаныя намінанты і адсутна-самапаглыблены ўладальнік першай прэміі Ігар Бабкоў. Прыкладна такія карцінкі ўрэзаліся ў памяць пасьля цырымоніі ўзнагароджаньня пераможцаў прэміі Гедройца, якая адбылася 2 чэрвеня ў гатэлі «Вікторыя».

Паводле сукупнасьці ўсіх гэтых уражаньняў узьнікла ў маёй сьвядомасьці выразная нязгода паміж відовішчам/імпрэзай і тым, уласна, дзеля чаго зьбіраліся. Вынікі ж ня надта зьдзівілі і падаліся цалкам справядлівымі. Тройка лідэраў выглядала даволі гарманічна. Гэта і з эстэтычнага пункту гледжаньня бездакорны раман Ігара Бабкова «Хвілінка», які з мэтафізычнай дыстанцыі падводзіць вынікі пераломным 1980-м і 1990-м у Беларусі (першае месца). І эпатажны, хвацкі раман Артура Клінава «Шклатара», які спрабуе сказаць пра «тут і цяпер» Беларусі ў форме хай і крыху эксгібіцыянісцкай, але сьмелай і сумленнай (другое месца). І зборнік апавяданьняў Вінцэся Мудрова пад назвай «Багун», які, пры адсутнасьці намеру зьдзейсьніць нейкае выказваньне-жэст пра сучаснасьць, тым ня менш робіць менавіта гэта: шырыня часовых рамак зборніка якраз і робіць яго партрэтам Беларусі, а не яе мамэнтальным здымкам (трэцяе месца).

Праз пару дзён пасьля ўручэньня прэміі я прайшлася па кніжных крамах. Ня тое, каб нешта дасьледаваць, а так, па загадзе душы прайшлася, і па загадзе душы спытала ў кожнай, ці магу я тут купіць кнігі, якія ўвайшлі ў шорт-ліст прэміі Гедройца. Лішне казаць, што паўсюль, акрамя кнігарні «Логвінаў», у адказ мяне перапытвалі: «Каго-каго прэміі?» Нават тройка лідэраў — «Хвілінка» Бабкова, «Шклатара» Клінава і «Багун» Мудрова — не былі прадстаўленыя ў ніводнай з наведаных мною дзяржаўных кнігарняў. З усіх шорт-лістэраў у дзяржаўных крамах я знайшла толькі кнігу Алены Брава «Дараваньне» (крама «Веды») і кнігу Людмілы Рублеўскай «Ночы на Плябанскіх млынах» («Веды» і Цэнтральная кнігарня). На жаль, меркаваць, што астатнія кнігі расхапалі чытачы, не даводзіцца. У «Логвінава» ж, дзе раманы Клінава і Бабкова красаваліся на ганаровым месцы, не аказалася кнігі Мудрова, выдадзенай невядомым накладам у полацкім выдавецтве: кніга, якая заняла трэцяе месца, ужо (або ад самага пачатку) зьяўляецца бібліяграфічнай рэдкасьцю.

Усё гэта — вядома, зьнешнія індыкатары, але важныя. Наяўнасьць у Беларусі чытацкай аўдыторыі беларускай літаратуры і попыту на яе навінкі бясспрэчная. Іншая справа — іх «аб’ём», і пытаньне хутчэй у тым, ці можна яго пашырыць, напрыклад, з дапамогай такой падзеі, як штогадовае ўручэньне літаратурнай прэміі? Бо выбіраючы найлепшыя празаічныя творы году, журы ў першую чаргу выступае як экспэртная супольнасьць, якая задае арыенціры для чытача: вось найбольш дасканалыя тэксты, на найбольш актуальныя тэмы, глыбокія і рэпрэзэнтатыўныя — гэта значыць, па іх, як па найлепшых прадстаўніках, можна меркаваць аб тым, куды рухаецца літаратурны працэс і беларуская культура ў цэлым.
На цырымоніі: Ігар Бабкоў, Артур Клінаў, Алена Брава, Людміла Рублеўская, Сяргей Вераціла
На цырымоніі: Ігар Бабкоў, Артур Клінаў, Алена Брава, Людміла Рублеўская, Сяргей Вераціла


Выбралі, абвясьцілі. Ці паўплываюць неяк вынікі прэміі на продаж кніг? (Паўтаруся, нават выдадзеных «нармальнымі» для беларускай літаратуры накладамі Бабкова і Клінава я ў дзяржаўных кнігарнях не знайшла). Можа быць, «Багун» Мудрова будзе перавыдадзены, каб кнігу змог прачытаць хто-небудзь акрамя членаў журы і літаратурных крытыкаў? Ці пазнаёмяцца з новымі аўтарамі новыя чытачы? Баюся даваць на гэтае пытаньне адназначны адказ.

Я падзяляю меркаваньне Дзяніса Марціновіча, які лічыць, што замест пашырэньня аўдыторыі магчымае хутчэй пераразьмеркаваньне ўнутры ўжо існуючай, фіксаванай аўдыторыі. Гэта значыць, цалкам канкрэтная, падлічаная чытацкая публіка, якая традыцыйна цікавіцца беларускай літаратурай, зьверне сваю ўвагу на імёны, зь якімі была ня так добра знаёмая раней, крыху «ссуне» свае густавыя прэфэрэнцыі. Дывэрсыфікацыя колаў чытаньня ўнутры адной супольнасьці — таксама нямала. Аднак як жа тады з глябальнымі мэтамі? Бо нездарма, напрыклад, Лізавета Неўмяржыцкая, прадстаўніца кампаніі «Будзьма», на ўручэньні прэміі перайначыла «пад яе» лёзунг «Будзьмы» — «Літаратура паляпшае жыцьцё». А вядучы прэміі Андрэй Хадановіч сымптаматычна пажартаваў: «А зараз давайце даведаемся, чыё канкрэтна жыцьцё яна паляпшае,» — так працягнулася знаёмства з фіналістамі.
Ці ёсьць у арганізатараў прэміі нейкая PR-стратэгія, якая дапамагла б прыцягнуць увагу СМІ і, як вынік, зацікавіць гіпатэтычнага «новага», патэнцыйнага чытача беларускай літаратуры?


У кожным жарце толькі доля жарту, і дэ-факта так і выходзіць: заданьне, зь якой прэмія сапраўды добра спраўляецца — гэта падтрымка саміх літаратараў, і ня толькі фінансавая, але і падтрымка за кошт сымбалічнага капіталу. Недаацэньваць яе ў нашай краіне, дзе любая інтэлектуальная дзейнасьць, мякка кажучы, ня надта прэстыжная і цягне матэрыяльную рызыку, нельга. Аўтараў падтрымліваць важна і трэба. Але хацелася б, каб «надоі і намалоты», якія растуць з кожным годам у паўтара разы — гэта значыць, колькасьць пададзеных на конкурс твораў — ня проста адлюстроўвалі колькасьць пішучых, якія вартыя падтрымкі, але і цягнулі б за сабой рэальнае пашырэньне цікавасьці да чытаньня і новых твораў беларускай літаратуры.

Чаму цікавасьць да прэміі ня носіць выбуховага характару? Дзе тэлекамэры вядучых каналаў? Чаму матэрыялы аб прэміі чытаюцца ў інтэрнэце даволі млява? Ці ёсьць нейкая магчымасьць наладзіць жывую, дзейную сувязь з дзяржаўнымі кнігарнямі, ці так і застанемся ў нашых ўтульных гета крамак Логвінава і Вішнёва? Ці ёсьць у арганізатараў прэміі нейкая PR-стратэгія, якая дапамагла б прыцягнуць увагу СМІ і, як вынік, зацікавіць гіпатэтычнага «новага», патэнцыйнага чытача беларускай літаратуры?

Чытаючы матэрыялы, якія выйшлі па выніках прэміі, зьдзіўляюся: большасьць зь іх, за некаторымі выключэньнямі, не выходзіць за рамкі сухой адпіскі з прыкладзенай фотасправаздачай. Прычым нават фотасправаздачы такія стандартна-кандовыя, што іх аўтараў можна западозрыць у чым заўгодна — ад банальнай адсутнасьці фантазіі да сэксізму. Алена Казлова вельмі дакладна заўважыла, што зьмяшаны паводле гендэрнай прыкметы склад шорт-лістэраў (дзьве жанчыны, Алена Брава і Людміла Рублеўская, сярод шасьці фіналістаў — ужо нешта! А ў лонг-лісьце яшчэ Наталка Харытанюк і Кацярына Оаро!), у большасьці фотасправаздачаў практычна не адлюстраваны. Погляды фатографаў прыкаваныя выключна да мужчын, а яшчэ лепш — да важных пэрсонаў у пінжаках. Таму цырымонія атрымлівае візуальнае аблічча якога-небудзь пасяджэньня палітбюро, адкуль выціснулі ўсіх жанчын, як нешта больш легкаважнае ў параўнаньні з патрыярхальнымі Ведамі і Мудрасьцю.

А можа, публіцы банальна не хапае «скандалаў, інтрыг і расьсьледаваньняў»? Хоць і яны быццам бы ёсьць, хай і ў выглядзе прыватных крыўдаў незадаволеных вынікамі адбору і конкурсу, якія, зрэшты, не перацякаюць у шырокае абмеркаваньне агульназначных праблемаў, зьвязаных з прэміяй.
Ці можа прэмія хоць неяк паўплываць на акупацыю Беларусі глябальным расейскім, расейскамоўным кніжным рынкам?


Але ж ёсьць немалая аўдыторыя незалежных рэсурсаў і выданьняў, для якіх любая інфапрычына ў галіне беларускай культуры вельмі значная. Чаму ж і ў гэтым асяродзьдзі прэмія як падзея выклікае хутчэй лёгкую рабізну камэнтараў у фэйсбуку — аб нюансах самой працэдуры або аб пэрсаналіях, але зусім не зьмястоўную дыскусію аб саміх творах?

Магчыма, таму што беларуская літаратура да гэтага часу не змагла пазбавіцца ад іміджу аўтычных гульняў у сымбалі і сэнсы, адарваныя ад любых актуалій, хаця ўжо відавочным чынам імі зусім не абмяжоўваецца?

Магчыма, таму што прэмія пазыцыянуецца як «апалітычная», што для пэўных чытацкіх колаў можа азначаць «бяззубасьць», рэлятывізм і адмову займаць нейкую значную пазыцыю?

Магчыма таму, што можа стварыцца ўражаньне, што прэмію галоўным чынам даюць ня столькі за кнігу як за суцэльнае і значнае выказваньне, колькі аўтару — «па сукупнасьці публікацый» і за сукупнасьць заслугаў?

Усё гэта далёка ня так, але так можа падацца.

Тым больш, што вялікая доля скептыцызму, на жаль, апраўданага, прысутнічае ў дачыненьні да найбольш прагматычных заданьняў прэміі — галоўнай праблемай беларускай літаратуры, безумоўна, зьяўляецца зусім не дэфіцыт яркіх аўтараў і твораў, а адсутнасьць кніжнага рынку. Ці можа прэмія хоць неяк паўплываць на акупацыю Беларусі глябальным расейскім, расейскамоўным кніжным рынкам? Ці нас ужо фактычна «зьелі», і наша барацьба за прызнаньне і за месца на гэтым рынку выглядае хутчэй як спроба захаваць годнасьць у патавай сытуацыі, як дзеяньні паводле прынцыпу «кропля камень точыць»? Нават эпізадычныя, невялікія крокі па наладцы дыялёгу з эўрапейскімі рынкамі вельмі важныя, але агульная карцінка ўсё роўна выглядае несуцяшальна.

Аптымістам і стоікам, уключаным у літаратурны працэс, застаецца трымацца і працаваць. Публіка ж пакуль хутчэй скептычна-абыякавая: «Выплыве — ня выплыве..? паглядзім...»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG