Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйны Менск адмаўляецца супрацоўнічаць з ААН у справе Бяляцкага


Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі

Камітэт па правах чалавека ААН просяць паскорыць разгляд справы Бяляцкага

Гендырэктар Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека Антуан Бэрнар і жонка палітвязьня Алеся Бяляцкага Натальля Пінчук просяць Камітэт па правах чалавека ААН паскорыць разгляд скаргі, пададзенай два гады таму.

Яны зьвярнуліся ў Камітэт з адкрытым лістом ад імя Бяляцкага.

12 красавіка 2012 году ў Камітэт па правах чалавека было пададзена паведамленьне аб неправамоцным пазбаўленьні Алеся Бяляцкага волі і парушэньні яго правоў.

Паводле працэдуры дзяржава павінна была прадставіць свае аргумэнты па гэтым паведамленьні. Аднак ужо ў ліпені 2012 году сталая місія Рэспублікі Беларусь пры офісе ААН у Жэнэве накіравала ў Камітэт па правах чалавека ноту. У ёй афіцыйны Менск адназначна заявіў, што дзяржава адмаўляецца супрацоўнічаць з Камітэтам у гэтай справе і спыняе камунікацыі ў гэтым пытаньні. Ад таго часу Камітэт ужо двойчы нагадваў беларускаму боку, каб той прадставіў свае камэнтары, але безвынікова.

У зьвязку з гэтым прадстаўнікі Бяляцкага — Антуан Бэрнар і Натальля Пінчук — ня бачаць падстаў, каб далей чакаць адказу дзяржавы па справе Бяляцкага і адкладаць яе разгляд у Камітэце. Таму яны просяць паскорыць працэс.

«Алесь Бяляцкі знаходзіцца ў цяжкіх умовах папраўчай калёніі ўжо амаль тры гады. Магчымасьці яго прававой абароны ўнутры дзяржавы вычарпаныя, і нават вельмі сур’ёзная міжнародная кампанія за яго вызваленьне не прывяла да зьмены яго становішча. Рашэньне Камітэту па правах чалавека павінна даць ацэнку ягонай справе з пункту гледжаньня міжнароднага права. Калі Камітэт прызнае парушэньне правоў Бяляцкага дзяржавай, то на дзяржаву будзе ўскладзены юрыдычны абавязак ліквідаваць гэтае парушэньне», — патлумачыў праваабаронца «Вясны» Валянцін Стэфановіч.
XS
SM
MD
LG