Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Лукашэнка ў Бялградзе — новая гульня Брусэлю?


Аляксандар Лукашэнка і Томіслаў Нікаліч

Аляксандар Лукашэнка і Томіслаў Нікаліч

Свой афіцыйны візыт у Сэрбію 11–12 чэрвеня кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка патлумачыў жаданьнем «дапамагчы, наколькі гэта магчыма, сэрбскім братам жыць лепей».

Такую заяву ён зрабіў сёньня ў Бялградзе падчас перамоваў з прэзыдэнтам Сэрбіі Томіславам Нікалічам. Лукашэнка таксама сказаў, што зьдзіўлены рэакцыяй Захаду на гэты візыт.

Словы Аляксандра Лукашэнкі пра жаданьне дапамагчы эканоміцы Сэрбіі кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка называе ілюзіямі і мітамі:

«Я ня бачу тут абсалютна ніякіх пэрспэктываў. Сэрбія будзе рэструктурызаваць сваю эканоміку і ўваходзіць у Эўразьвяз. Гэта цяперашняя нацыянальная ідэя. І нам там проста няма чаго рабіць. Таму што мы самі экспартуем у Эўразьвяз пераважна нафтапрадукты.

Ніякіх там брацкіх праектаў у Сэрбіі ня будзе. Таваразварот у нас зь імі, можна сказаць, умоўны. Ну, цяпер пайшлі да нас сэрбскія яблыкі ды памідоры. Але ж гэты дадатак таксама на капейкі. Што мы можам зрабіць зь імі супольнае? Калі б у нас была найноўшая электроніка, тады так. Але ж гэта ня наш зь імі профіль».

Лукашэнка невыпадкова накіраваўся ў Сэрбію, — адзначае дырэктар цэнтру Эўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў:

«Сэрбія традыцыйна падтрымлівае Беларусь. У гэтай краіне высокі імідж Беларусі ў цэлым і Лукашэнкі ў прыватнасьці. У іх ёсьць бачаньне (яно часткова не адпавядае рэальнасьці) сацыяльнай мадэлі Беларусі — тут ёсьць парадак, забясьпечаныя ўсе сацыяльныя патрэбы насельніцтва і г. д.
Ва ўяўленьні сэрбаў Беларусь — гэта такі мікра-Савецкі Саюз
Ва ўяўленьні сэрбаў Беларусь — гэта такі мікра-Савецкі Саюз.

Акрамя гэтага, Беларусь падтрымлівала сэрбаў падчас косаўскіх падзеяў, падчас вайны ў былой Югаславіі. Гэта, вядома, не забытае. І на ўзроўні дзяржаваў захоўваюцца досыць нармальныя стасункі».

Афіцыйнае запрашэньне Лукашэнкі ў Сэрбію выглядае дзіўным для краіны, якая імкнецца ўступіць у Эўрапейскі Зьвяз. У Бялградзе ня могуць ня ведаць, што беларускі кіраўнік неўязны на тэрыторыю Эўразьвязу. Больш за тое, Сэрбія — адна з васьмі эўрапейскіх краінаў, якія ў 2012 годзе далучыліся да рашэньня ЭЗ працягнуць візавыя і эканамічныя санкцыі супраць афіцыйнага Менску. І яшчэ — Іван Мркіч, дарадца прэзыдэнта Сэрбіі, паведаміў, што кіраўніца зьнешняй палітыкі Эўразьвязу Катрын Эштан ведала пра запрашэньне, накіраванае Лукашэнку.

Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі кажа пра падтэкст візыту Лукашэнкі ў адну з самых буйных балканскіх краін:

«На маю думку, сэрбскае кіраўніцтва, якое цудоўна ведае, што Лукашэнка падпадае пад санкцыі Эўразьвязу, нездарма паводзіць сябе так сьмела. Гэта — прыкмета чарговага раўнду гульні, якая пачалася ў Брусэля зь Менскам. Не сакрэт, што зараз у Эўразьвязе вітаецца стрыманая пазыцыя Беларусі адносна ўкраінскіх падзеяў.
У Брусэлі застаюцца лабісты Лукашэнкі, там ёсьць палітыкі, якія шчыра вераць, што Лукашэнку можна адарваць ад Расеі
У Брусэлі застаюцца лабісты Лукашэнкі, там ёсьць палітыкі, якія шчыра вераць, што Лукашэнку можна адарваць ад Расеі. Але мне падаецца, што гэтыя мары выглядаюць сьмешнымі».

Відавочнае пацяпленьне адносінаў Беларусі з Эўразьвязам, бачыць і Андрэй Ягораў. Ён адзначае, што эўрапейцы ўсё часьцей шукаюць магчымасьці паразмаўляць з кіраўніцтвам Беларусі:

«І, я думаю, Брусэль ня мог не скарыстаць такой магчымасьці пры візыце Лукашэнкі ў Сэрбію. Прынамсі, там паспрабуюць высьветліць устаноўкі беларускіх уладаў адносна палітыкі на будучыню, магчымасьці вызваленьня палітвязьняў, магчымай лібэралізацыі і г. д. Але гэта, я думаю, ня больш за такую вось дыпляматыю Эўрапейскага Зьвязу».

Лукашэнка тройчы наведваў Сэрбію: у 1998, 1999 і 2009 гадах. У сакавіку 2013 году ў Беларусі з афіцыйным візытам знаходзіўся Томіслаў Нікаліч.
XS
SM
MD
LG