Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Шапран: Гэтыя кнігі — самае галоўнае для мяне дзеля памяці Васіля Быкава


Празь пяцьдзясят гадоў пасьля напісаньня аповесьць Васіля Быкава «Мёртвым не баліць» выдадзеная нарэшце ў першапачатковым выглядзе — такой, як стварыў яе аўтар.

Гэта стала мажлівым дзякуючы рупнасьці літаратуразнаўцы Сяргея Шапрана, ахвярнасьці бізнэсоўца Паўла Бераговіча і паліграфічным магчымасьцям менскага выдавецтва «Медыял».

Дасьледчык творчасьці Васіля Быкава Сяргей Шапран задумаў аднавіць аўтарскі варыянт аповесьці «Мёртвым не баліць» некалькі гадоў таму, калі ў Архіве-музэі гісторыі беларускай літаратуры знайшоў машынапіс твора, скрэмзаны цэнзурай пры падрыхтоўцы да першай публікацыі ў часопісе «Маладосць». Празь некаторы час сыны народнага пісьменьніка Сяргей і Васіль перадалі спадару Шапрану тэчкі з рукапісамі Васіля Ўладзімеравіча, сярод якіх дасьледчык знайшоў і самы першы варыянт знакамітай аповесьці, забароненай пасьля публікацыі расейскага перакладу ў «Новом мире» на дваццаць гадоў.

Рупная праца па складаньні, камэнтаваньні і аднаўленьні гісторыі дачыненьняў аўтара і цэнзараў самай рознай масьці амаль завяршылася паўгода таму, і тут дасьледчыку пашчасьціла на новыя знаходкі.

«Пазваніў малодшы сын Быкава Васіль Васільевіч і сказаў, што ён знайшоў яшчэ невялічкую скрыню зь лістамі да Быкава і двума нататнікамі. І калі я пагартаў гэтыя нататнікі, аказалася, што гэта тое, што я ўжо нават і не спадзяваўся знайсьці. Гэтыя нататнікі былі з распрацоўкай сюжэту „Мёртвым не баліць“, якую не ўключыць у гэтую кнігу мне здавалася проста недаравальным».
Сяргей Шапран

Сяргей Шапран

Яшчэ некалькі месяцаў працы — і вось з друку зьявіўся шасьцісотстаронкавы том, які складаецца фактычна зь дзьвюх кніг.

Першая — быкаўскі тэкст аповесьці з адмыслова выдзеленымі сказамі, абзацамі, а то і цэлымі старонкамі, якія выразалі з кожнай публікацыі цэнзары. Сяргей Шапран тлумачыць структуру кнігі.

«Цэнзарскія праўкі мы вылучалі асобным чынам, бо ня кожны чытач, мяркую, палезе потым у камэнтары. Гэтыя праўкі адразу страката там глядзяцца».

Пасьля адноўленай аповесьці ў томе зьмешчана вялікае пасьляслоўе дасьледчыка. У ім спадар Шапран апавядае, як Васіль Быкаў ствараў «Мёртвым не баліць», зь якімі цяжкасьцямі сустрэўся пры публікацыях, празь якія цэнзарскія жорны яны праходзілі, якая рэакцыя ўлады і крытыкі была ў той час. Тут жа чытач знойдзе пашыраныя камэнтары да кожнае зь дзьвюхсот цэнзарскіх і рэдактарскіх правак.

Гэта фактычна кніга ў кнізе, стварыць якую стала магчымым дзякуючы падключэньню да справы цэлай каманды прафэсіяналаў-архівістаў і адмыслоўцаў кнігавыданьня, якім дасьледчык вельмі ўдзячны.

З дня на дзень з друку чакаецца «Ліквідацыя». Гэта яшчэ адна кніга Васіля Быкава, падрыхтаваная Сяргеем Шапранам. Яна аднаўляе аўтарскі варыянт аповесьці «Сотнікаў» і таксама распавядае ўсю яе няпростую гісторыю.

Абодва тамы прысьвечаныя 90-годзьдзю народнага пісьменьніка. Прэзэнтацыя іх адбудзецца 16 і 18 чэрвеня ў Менску ў «Кніжным салёне».

Да 19 чэрвеня павінна зьявіцца з друку і першая кніга дзясятага тому Поўнага збору твораў Васіля Быкава, якую падрыхтаваў таксама Сяргей Шапран.

«Самыя галоўныя справы, якія тычацца памяці Васіля Ўладзімеравіча, здаецца, я за гэты час зрабіў. Для мяне гэта самае галоўнае, што вось гэтыя кнігі выходзяць цяпер». Старонкі з кнігі

Старонкі з кнігі

XS
SM
MD
LG