Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка кажа, што ЗША і ЭЗ хацелі сарваць ягоны візыт у Сэрбію


Аляксандар Лукашэнка і прэзыдэнт Сэрбіі Томіслаў Нікаліч

Аляксандар Лукашэнка і прэзыдэнт Сэрбіі Томіслаў Нікаліч

Падчас перамоваў з прэзыдэнтам Сэрбіі Томіславам Ніколічам Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ягоны візыт у Бялград зрывалі Злучаныя Штаты Амэрыкі і Эўразьвяз.

«Напярэдадні візыту сюды я пацікавіўся, якая рэакцыя эўрапейскай супольнасьці, ЗША на мой візыт у Сэрбію. Яны былі гатовыя зрабіць усё, каб гэты візыт не адбыўся або прайшоў абсалютна незаўважна, — цытуе словы Лукашэнкі ягоная прэсавая служба. — Мы прыехалі сюды ня супраць кагосьці. Мы прыехалі, каб зрабіць максымум у двухбаковых беларуска-сэрбскіх адносінах, але не на шкоду вашым і нашым суседзям».

Лукашэнка падчас афіцыйнага візыту ў Сэрбію правёў перамовы з прэзыдэнтам гэтай краіны Томіславам Ніколічам. Падчас перамоў Лукашэнка, сярод іншага, заявіў:

«Мы заўсёды былі з Сэрбіяй у цяжкія хвіліны. Так было раней, так будзе заўсёды. Для нашай краіны Сэрбія была і застаецца найважнейшым партнэрам у балканскім рэгіёне».

Пасьля завяршэньня перамоў падпісалі шэраг двухбаковых дакумэнтаў. Лукашэнка і Ніколіч падпісалі сумесную заяву, у якой заявілі пра намер забясьпечыць рэалізацыю дамоўленасьцяў дзеля актывізацыі двухбаковых адносін.
XS
SM
MD
LG