Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Лёндане прэм’ера спэктакля пра Чарнобыль


Мікалай Халезін
Мікалай Халезін

Сёньня ў лёнданскім The Young Vic Theatre, адным зь вядучых тэатраў Вялікабрытаніі, адбудзецца прэм’ера спэктакля Red Forest Беларускага Свабоднага тэатру.

Акторы пакажуць гісторыі, якімі натхніліся падчас экспэдыцыяў у праблемныя зоны плянэты, дзе ў выніку прыродных ці тэхнагенных катастрофаў зьявілася шмат уцекачоў. Адна з гісторыяў — пра сям’ю з чарнобыльскай зоны. Радыё Свабода пагутарыла з сцэнарыстам-пастаноўшчыкам тэатру Мікалаем Халезіным.

— Спадар Мікалай, вы напісалі ў Фэйсбуку пра новую пастаноўку, што гэта не зусім той Свабодны тэатар, да якога крытыкі прывыклі. Што вы мелі на ўвазе?

— Я казаў пра новую пастаноўку Red Forest — спэктакль, які вырас з папярэдніх, але адрозьніваецца ад іх вялікай колькасьцю плястыкі, фізычнага тэатру, музычнага тэатру. Тут працавалі два кампазытары, на сцэне адначасова знаходзяцца чатыры музыкі. Я ўвогуле хацеў абысьціся бяз тэксту. У выніку застаўся толькі закадравы тэкст, акторы на сцэне не размаўляюць, замест гэтага яны гавораць сваім целам, сваімі рухамі. Гэта не зусім звыкла для крытыкаў, якія прывыклі, што ў нашых спэктаклях ёсьць жорсткая размова без сантымэнту. Тут жа сантымэнт прысутнічае ў вялікай ступені.

— Што значыць назва Red Forest і пра што гэты спэктакль?
Спэктакль пра людзей, якія ўцякаюць. На працягу ўсёй пастаноўкі яны кудысьці ўцякаюць, шукаючы новы дом
— Red Forest — гэта чырвоны лес, які ўзьнік пасьля выбуху Чарнобыльскай АЭС. Тады чырвоныя часьцінкі аселі на дрэвы, і лес стаў чырвоным. У спэктаклі мы шырока гаворым пра гэтую праблему. Гэта размова пра людзей, якія пазбаўленыя месцаў свайго жыхарства праз тое, што адбыліся нейкія прыродныя ці тэхнагенныя катастрофы, войны, зьмены клімату, рашэньні чыноўнікаў. Спэктакль пра людзей, якія ўцякаюць. На працягу ўсёй пастаноўкі яны кудысьці ўцякаюць, шукаючы новы дом. І гэты дом яны так ніколі і ня знойдуць, бо ўцекачы застаюцца ўцекачамі назаўсёды.

— Гэта вельмі сур’ёзная тэма. А як вы зьбіралі матэрыял для сцэнару?

— Мы рабілі экспэдыцыі ў чарнобыльскую зону, Бразылію, Марока, Аўстралію, рэзэрвацыі індзейцаў у ЗША, Нігерыю, Банглядэш, Індыю — туды, дзе шмат уцекачоў. Гісторыя з кожнага рэгіёну адлюстраваная ў спэктаклі. Гісторыі, вядома, досыць вобразныя, але базуюцца на канкрэтным матэрыяле. Напрыклад, беларуская гісторыя распавядае пра сям’ю старых людзей з чарнобыльскай зоны. Іх самотны дом, які стаіць дзесьці там, у зоне адчужэньня, увайшоў асобным сюжэтам у спэктакль.

— А хто грае ў спэктаклі?

— О, тут вельмі інтэрнацыянальны склад. Ёсьць беларускія акторы, акторка з ЗША, актор-індзеец з Канады, актор зь Вялікабрытаніі, актор з Італіі, аўстралійская харэограф, польскі і амэрыканскі беларусы задзейнічаныя як кампазытары. Галоўную ролю грае брытанская актрыса, якая паходзіць зь Нігерыі.

— Прэм’ера праходзіць у Лёндане, беларусы ня могуць трапіць на ваш спэктакль. Можа, маеце намер выступіць недзе бліжэй, у той жа Вільні, як робяць некаторыя забароненыя музыкі?

— Для таго каб зрабіць прэм’еру бліжэй да Беларусі, патрэбныя вялікія сродкі. На жаль, ахвотных нас фінансаваць няма. Red Forest — гэта вельмі складаны спэктакль з тэхнічнага і сцэнаграфічнага пункту гледжаньня, і мы ня можам сыграць яго падпольна ў Менску, хоць і хочам гэтага. У Лёндане знайшліся людзі, якія прафінансавалі спэктакль. Музыкам прасьцей сабраць залю на 5–10 тысяч месцаў і акупіць затраты, тэатар такога зрабіць ня можа.Таму тут нам складаней. Але мы працуем у Менску, хоць і ў падпольным варыянце. На жаль, маштабныя пастаноўкі мы ня можам паказваць у Беларусі.

Мікалай Халезін паведаміў, што адзін з паказаў гэтага спэктакля пазьней будзе трансьлявацца на сайце Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG