Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дамова аб стварэньні Эўразійскага саюзу вядзе да аб’яднаньня эканомік Казахстану, Расеі і Беларусі, якія трымаюцца на сыравінным сэктары. Прагнозы абяцаюць ня толькі іх рэальную інтэграцыю, але і гандлёвыя войны.


Саюз без рэфэрэндуму

Многія дзяржавы пры уступленьні ў Эўрапейскі Зьвяз праводзілі ў сваіх краінах рэфэрэндумы. Пры падпісаньні ж дамовы аб стварэньні Эўразійскага саюзу ў ніводнай з трох краін рэфэрэндум праведзены ня быў. Такім чынам лідэры трох краінаў, лічыць алмацінскі палітоляг Дасым Сатпаеў, узялі на сябе адказнасьць за стварэньне новага саюзу.

— Калі ЭЗ быў створаны дэмакратычнымі краінамі, то Эўразійскі саюз ствараюць аўтарытарныя краіны. І вось тут цікава паглядзець, ці здольныя аўтарытарныя дзяржавы ствараць нешта агульнае на працяглы пэрыяд, — кажа палітоляг.

На думку Дасыма Сатпаева, у дэмакратычных краінаў больш магчымасьцяў для ўстанаўленьня партнэрскіх адносін. У Казахстане і ў Беларусі востра стаіць пытаньне зьмены ўлады, а ў выпадку зьмены ўлады можа памяняцца і зьнешнепалітычны курс.

Падабенства эканамічных паказчыкаў

Можна казаць пра падабенства сацыяльна-эканамічных паказчыкаў гэтых краінаў. Паводле афіцыйных курсаў валют, сярэднямесячная заработная плата ў пераліку на даляры ў сьнежні 2013 году ў Беларусі склала 621 даляр, у Казахстане — 890 даляраў, у Расеі — 1197 даляраў. Пражытачны мінімум у гэты ж пэрыяд у Беларусі быў роўны 110 далярам, у Казахстане —111 далярам, у Расеі — 223 далярам. Кошты ў краінах ЭАЭС з кожным годам ўраўнаважваюцца. Напрыклад, у Беларусі кошт ста кіляват-гадзін электраэнэргіі складае 6,1 даляра, у Казахстане — 6,8, у Расеі — 9,2 даляра.

Таму, згодна з экспэртам, прыкладна роўны ўзровень разьвіцьця эканомік дазволіць у будучыні ўдзельнікам саюзу лягчэй дамаўляцца ва ўсталяваньні эканамічных, фінансавых і сацыяльных крытэраў.

Эканоміка краінаў Эўразійскага саюзу трымаецца шмат у чым за кошт здабычы, экспарту і транспарціроўкі прыродных рэсурсаў. І калі ў разьвітых краінах прыродныя рэсурсы служаць для ўздыму грамадзтва, памнажэньня чалавечага капіталу, то ў краінах Эўразійскага саюзу гэта пераўтвараецца ў «праклён сыравінных рэсурсаў». Слабая інфраструктура, якая дасталася ад СССР, — корань неэфэктыўнасьці мадэлі. У сваю чаргу, недастатковасьць інвэстыцый у інфраструктуру прыводзіць да рэгулярных субсыдый з боку дзяржавы.

Будучыя гандлёвыя войны

Афіцыйныя асобы Казахстану ў асноўным кажуць аб эканамічных перавагах новага саюзу. Дэпутат казахскага парлямэнту Ахан Біжанаў лічыць моцнымі бакамі саюзу аб’ём агульнага рынку (больш за 2,5 трыльёна даляраў) і чалавечых рэсурсаў (168 мільёнаў чалавек), а таксама вытворчы патэнцыял (600 мільярдаў даляраў). На яго думку, у сукупнасьці зь іншымі выгодамі і здыманьнем унутраных абмежаваньняў, прэфэрэнцыйным гандлем, адзінай тарыфнай палітыкай, пашырэньнем рынку збыту гэта дае шанцы на сур’ёзнае павелічэньне абаротаў бізнэсу.

Аднак шэраг экспэртаў адзначае, што ў новым саюзе паміж краінамі прысутнічаюць і супярэчнасьці. Напрыклад, дырэктар Цэнтральна-Азіяцкага фонду разьвіцьця дэмакратыі Талганай Умбеталіева ў інтэрвію Свабодзе зьвяртае ўвагу на магчымасьць рознагалосьсяў у Эўразійскім саюзе:

— Эканамісты прагназуюць гандлёвыя войны паміж трыма дзяржавамі, паколькі Расея ўвайшла ў СГА, а там зусім іншыя нормы. У той час як Казахстан і Беларусь рэгулююць свае гандлёвыя адносіны паводле нормаў Мытнага саюзу.

Дамова аб стварэньні Эўразійскага саюзу была падпісаная прэзыдэнтамі Казахстану, Расеі і Беларусі ў Астане ў канцы траўня. Гэтыя тры краіны абяцаюць ператварыць дзейную цяпер паміж імі Адзіную мытную прастору ў Адзіную эканамічную прастору ў пачатку наступнага году. Крытыкі і апазыцыя кажуць, што Эўразійскі саюз можа пагражаць незалежнасьці Казахстану і Беларусі, каб зноў ператварыць іх у калёніі Расеі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG