Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскі гарадзкі суд не абараніў беларускую мову


Валянцін Стэфановіч і Генік Лойка, архіўнае фота
Валянцін Стэфановіч і Генік Лойка, архіўнае фота

Скаргі Гэніка Лойкі на дыскрымінацыйныя рашэньні суду Цэнтральнага раёну Менску адносна выкананьня дзяржаўнага статусу беларускай мовы не задаволеныя.

Калегія па грамадзянскіх справах Менскага гарадзкога суду, разгледзеўшы 12 чэрвеня касацыйныя скаргі Генадзя Лойкі на рашэньні суду Цэнтральнага раёну Менску, адмовіла ў іх задавальненьні.

Мастак і грамадзянскі актывіст Гэнік Лойка праз суд абскарджваў дзеяньні Белінвэстбанку і КДБ, якія парушылі канстытуцыйнае права карыстацца беларускай мовай пры заключэньні дамоваў і запаўненьня іншых банкаўскіх дакумэнтаў.

Калегія Менскага гарадзкога суду не знайшла працэдурных парушэньняў падчас вынясеньня рашэньня судом Цэнтральнага раёну Менску па справе Генадзя Лойкі 11 красавіка, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Судзьдзя Цэнтральнага раёну Алена Сямак адхіліла пазоў Генадзя Лойкі супраць Белінвэстбанку, праігнараваўшы аргумэнты заяўніка і прадстаўніка грамадзкасьці Валянціна Стэфановіча пра дыскрымінацыйны падыход банку да беларускай мовы.

Сутнасьць пазову Генадзя Лойкі была ў тым, што з 2012 году ён дамагаецца ад кіраўніцтва Белінвэстбанку магчымасьці абслугоўвацца па-беларуску. Банк адмаўляе яму ў гэтым, спасылаючыся на «тэхнічныя прычыны», а кіраўніцтва банку лічыць «немэтазгоднай» замену тэхнічнага забесьпячэньня з прычыны высокай затратнасьці.

Суд адмовіў у задавальненьні скаргі, спаслаўшыся на тое, што дзяржаўнымі мовамі ў Беларусі зьяўляюцца беларуская і расейская.

Намесьнік старшыні Праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч адзначыў з гэтай нагоды:

«Фактычна Гэніка Лойку суд Цэнтральнага раёну Менску пазбавіў удзелу ў працэсе, калі адмовіўся даць яму перакладчыка, і менавіта таму Калегія па грамадзянскіх справах Менгарсуду павінна была адмяніць судовае рашэньне. Сёньняшні працэс яскрава паказаў, што гарантаваная Канстытуцыяй Беларусі роўнасьць беларускай і расейскай моў ёсьць не што іншае, як пустая дэклярацыя. На самой справе, выходзіць, што ў нас дзяржаўная мова адна — расейская».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG