Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў, генэрал Валеры Фралоў заявіў пра намер вылучыць сваю кандыдатуру на наступных прэзыдэнцкіх выбарах.

Ён заяўляе пра падтрымку гэтага рашэньня найперш з боку былых вайскоўцаў. Генэрал Фралоў адказаў на пытаньні карэспандэнта Свабоды.

Карэспандэнт: «Вашае рашэньне вылучыцца кандыдатам у прэзыдэнты на выбарах выглядае нечаканым...»

Фралоў: «І для мяне нечаканае, як ні дзіўна. Гэта так спантанна выйшла. Мне кажуць іншы раз у камэнтарах у інтэрнэце: пішы мэмуары і капайся на градках. Пасадзіў 24 градкі. А тут сябры да мяне ў лазьню прыходзяць, кажуць: ты што ерундой займаесься? Думаю: ёлкі-палкі, як жа ўсім дагадзіць? Адным тое не падабаецца, іншым гэтае. А тут іншая складаецца сытуацыя з выбарамі адзінага. Сустрэўся з сур’ёзнымі людзьмі. І калі я сказаў, што калі здарыцца цуд і раптам абяруць адзінага, то апазыцыя, магчыма, набярэ каля 20%, — вельмі сур’ёзны чалавек проста расьсьмяяўся. І я падумаў: колькі патрачана здароўя, нэрваў, грошай на барацьбу за сьветлую будучыню народа! Думаю, дарэмна не пускаеце. І ў мяне зьявілася такая цікавасьць, узьнікаюць пляны, падцягваюцца людзі. Мне прыемна, і я адчуваю, што гэта ня самае дурное рашэньне».

Карэспандэнт: «Раскажыце пра сябе. Вы сябра якой партыі ці грамадзкага аб’яднаньня? Чым цяпер займаецеся?»

Фралоў:
«Я цяпер намесьнік старшыні Сацыял-дэмакратычнай партыі „Грамада“, сябра Рады беларускай інтэлігенцыі і сябра своеасаблівага саюзу афіцэраў. Гэты саюз незарэгістраваны, бо ўлада баіцца афіцэраў — гэта людзі зусім іншага мэнталітэту, доўгу, адказнасьці і гэтак далей. Улада крыху разумее, што гэта за людзі. Гэта не балбатуны, якія могуць на адным сымпозіюме гаварыць адно, на другім іншае, нейкія мудрыя думкі прыводзіць. Гэта людзі справы, сур’ёзныя людзі. І дзякуй богу, што ў мяне такіх людзей даволі многа. Я многіх праверыў па жыцьцёвых пытаньнях і спадзяюся на сур’ёзную падтрымку. Яны мне проста сымпатычныя. Я ўсё ж праслужыў 34 гады і бачыў афіцэраў у розных сытуацыях. Іншы раз гэта проста ўзрушвала, асабліва ў Вільні. Іх адказнасьць, прыстойнасьць, пачуцьцё доўгу, чэсьць. У іх гэта ўсё захавалася. Гэта людзі доўгу».

Карэспандэнт: «На каго вы разьлічваеце, хто будзе зьбіраць подпісы за вылучэньне вашай кандыдатуры? Гэта даволі складаная рэч...»

Фралоў: «Я ведаю, я ўжо аднойчы вылучаўся ў дэпутаты. Ну, вядома, што кожны подпіс каштуе недзе паўдаляра ў нашых барацьбітоў за сьветлую будучыню. І я назьбіраў 68 тысяч за 2 тысячы даляраў. На каго разьлічваю? Па-першае, на партыю. У нядзелю будзе ЦК, пагаворым на гэтую тэму. Па-другое, на афіцэраў. Па-трэцяе, проста на многіх шараговых сяброў апазыцыі, а не на правадыроў, бо яны паміж сабой пераважна разьбіраюцца. Я аб’ехаў Беларусь разоў 15–20. І ў кожным горадзе ёсьць чалавек, якому я давяраю, якога паважаю, і гэтыя людзі да мяне ставяцца з павагай. Таму тут праблемы ня будзе. Тут і моладзь падключыцца. Мне ўчора былі два цікавыя тэлефанаваньні ад сур’ёзных хлопцаў, якія могуць завінуцца, моладзь, якой многае абрыдла. Таму з гэтым, я думаю, праблемаў ня будзе».

Карэспандэнт: «То бок збор подпісаў можна аплаціць?»

Фралоў: «На жаль, такая практыка. Раней працавалі за ідэю, а потым за грошы. Потым за вельмі вялікія грошы. А цяпер за вельмі вялікія грошы і яшчэ невядома — папрацуюць ці не. На жаль, гэта ператварылася для некага ў бізнэс, для некага — у спосаб здабываньня грошай, хоць нейкай капейчыны. Ня надта багата жывуць у нас людзі».

Карэспандэнт: «А ці не баіцеся вы ў выніку сваёй выбарчай кампаніі трапіць у турму, як гэта здарылася зь іншымі кандыдатамі ў прэзыдэнты?»

Фралоў: «Ніколькі не баюся. У мяне станоўчая якасьць, апроч усяго іншага — больш за адзін тэрмін не працягну. Гэта зусім натуральна, дый не патрэбна, хацелася б быць такой пераходнай фігурай. А па-другое, усё ж у турме ложак ёсьць, пайка ёсьць і на прагулку водзяць. Адна прыемнасьць, шчыра кажу. У мяне цяпер багата жыцьцёвых праблем, а тут усе праблемы будуць разам зьнятыя. Кнігі там даюць пачытаць, гэта ж наагул любата будзе».

Карэспандэнт: «То бок ня страшна?»

Фралоў: «Я ўжо многа адбаяўся па жыцьці. Хочацца сябе адчуваць чалавекам. А турма мяне абсалютна не палохае. Я ў больш складаныя сытуацыі трапляў. Неяк Госпад Бог пакуль мілаваў. Спадзяюся на Госпада Бога ў тым ліку. Я сур’ёзна гэта кажу, бо ўсё ж узнагароджаны ордэнам Сяргея Раданескага пасьля Літвы, дзе вельмі сур’ёзна дапамагаў адной грамадзе. Як камуніст былы я зусім па-іншаму цяпер стаўлюся да Бога. Я разумею, усё ж засталіся ў мяне ў галаве гэтыя камуністычныя прыбамбасы, але я цяпер вельмі сур’ёзна да гэтага стаўлюся, зусім ня так, як раней. І Госпад Бог мяне ў некаторых выпадках ахоўваў, неяк падказваў».

Карэспандэнт: «А як вы ацэньваеце шанцы на перамогу? Лукашэнка будзе зноў балятавацца?»

Фралоў: «Канечне, пойдзе, ён будзе да канца, пакуль ногі носяць. Шанцы? Ну, паглядзім, якая праца будзе ўсё ж. Калі людзі, якія маюць павагу ў розных сфэрах, у імя Беларусі, напляваўшы на свае амбіцыі, складуць намаганьні, гэта будзе зусім іншы падыход да гэтых выбараў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG