Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачаліся перамовы аб спрашчэньні візавага рэжыму з Эўразьвязам


Сёньня ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі пачаліся перамовы экспэртаў зь беларускага боку і Эўракамісіі.

Мэта гэтых кансультацыяў — спрашчэньне візавага рэжыму для грамадзян Беларусі, якія маюць намер наведаць ЭЗ. Пра гэта паведаміў прэсавы сакратар зьнешнепалітычнага ведамства краіны Дзьмітры Мірончык.

Ён сказаў, што бакі разглядаюць менавіта беларускія прапановы і патлумачыў гэта тым, што праект пагадненьня, які прыйшоў з Брусэля, «насіў выключна рамачны характар», а напаўненьнем яго займаўся беларускі бок. Пасьля сёньняшніх кансультацыяў заўтра ў Міністэрстве ўнутраных спраў таксама пройдуць перамовы аб рэадмісіі. Гэтыя перамовы павінныя былі пачацца яшчэ ў другой палове траўня, аднак Эўразьвяз не пасьпеў да гэтага часу падрыхтаваць сваю групу экспэртаў, таму кансультацыі адклаліся да сёньняшняга дня.

Упершыню пра магчымасьць спрашчэньня візавага рэжыму заявіў міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей у лістападзе мінулага году падчас Віленскага саміту краін «Усходняга партнэрства». На сёньняшні дзень грамадзяне Беларусі параўнальна з бліжэйшымі суседзямі — з Расейскай Фэдэрацыяй і Ўкраінай — знаходзяцца ў горшых умовах для наведваньня краін Эўрапейскага Зьвязу. Калі нашы суседзі плацяць за візу 35 эўра, дык грамадзяне Беларусі мусяць плаціць за яе 60 эўра. Магчымасьць зьмяншэньня коштаў візаў для беларусаў таксама разглядаецца падчас сёньняшняй кансультацыі.
XS
SM
MD
LG