Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску прэзэнтавалі «Беларускую глыбіню»


Павал Севярынец падчас прэзэнтацыі

Павал Севярынец падчас прэзэнтацыі

У Менску адбылася прэзэнтацыя кнігі палітыка, публіцыста Паўла Севярынца «Беларуская глыбіня», якую ён пісаў на «хіміі» ў вёсцы Куплін Пружанскага раёну.

Напярэдадні падзеі Павал Севярынец апавёў, што кніга — гэта «спроба паглядзець больш пільна і больш далёка, чым мы звычайна бачым».

«У турме адзін вольны чалавек сказаў мне — не пытай за што, не пытай дзеля чаго», — так распачаў прэзэнтацыю Павал Севярынец. І пачаў чытаць урывак са свайго эсэ.

Вядоўца імпрэзы Андрэй Кім прадставіў наступную ўдзельніцу імпрэзы назвай апошняга эсэ кнігі — «Воля». Ёю аказалася жонка Паўла Вольга, з думкай пра якую і пісалася гэтая кніга.

Вольга Севярынец: «Хімія» ня лепшае месца, дзе можна правесьці два гады жыцьця. Але і ня горшае. Калі б ня гэта, не было б гэтых 84 эсэ, не было б новых сяброў, не было б той салідарнасьці, якую выказалі Паўлу людзі«.

Павал апавёў, што сапраўды за час адбываньня пакараньня ягоны нататнік папоўніўся сотняй новых прозьвішчаў.

У выданьне ўвайшлі 84 эсэ, якія пэрыядычна друкавала газэта «Наша Ніва», яшчэ калі Павал адбываў пакараньне. Рэдактар выданьня Андрэй Скурко ў сваім выступе згадаў, што наведваў Паўла яшчэ падчас папярэдняй «хіміі» ў вёсцы Малое Сітна. Тады зьявілася на сьвет кніга «Лісты зь лесу».

Андрэй Скурко: «Трэба канстатаваць, што Павал выявіўся мацнейшым за асяродьдзе. Гэта вельмі складана. У моманты сумневу нам трэба згадваць Севярынца».

Скурко пажадаў Севярынцу наступную кнігу напісаць дома, сярод людзей, якія яго любяць.

На прэзэнтацыі выступілі пісьменьнік Алесь Пашкевіч, першы амбасадар незалежнай Беларусі ў Нямеччыне Пётра Садоўскі, мастак Алесь Марачкін.

Алесь Пашкевіч расказаў, што ня толькі шлях напісаньня, але і шлях друкаваньня кнігі быў вельмі няпростым:

«Кніга ня толькі напісаная, але і выбаленая аўтарам. Няпросты лёс яе быў ня толькі ў напісаньні, але і ў друкаваньні. Ня кожны выдавец захацеў падставіць сваё плячо. Хай усе радуюцца таму, што кніга выйшла без купюраў, бо былі нават спробы падмяніць імя і прозьвішча аўтара псэўданімам».

Павал Севярынец назваў выданьне кнігі «другім»:

«Хачу падзякаваць некалькім сваім чытачам. Першае выданьне — гэта кнігі, збрашураваныя ў копіцэнтрах. Чытачы зьбіралі артыкулы з НН, і я даваў на іх аўтографы яшчэ ў Купліне. Першым зрабіў такую кнігу праваабаронца Яўген Батура».

У аздабленьні прэзэнтацыі былі выкарыстаныя «лісты салідарнасьці», якія дасылалі Паўлу «на хімію» неабыякавыя людзі. На экране дэманстраваліся фотаздымкі асяродьдзя і мясьцінаў, дзе Севярынец адбываў пакараньне, каб прысутныя змаглі ўявіць, як выглядае «беларуская глыбіня».

Прыканцы імпрэзы Павал паведаміў, што працуе над чарнавіком раману:

«Я веру ў тое, што будучыня Беларусі ў моцнай сям’і, дзе ёсьць мужчына і жанчына. Я веру, што будучыня Беларусі не ў атэізьме і ня ў пошуках дзяржаўнай ідэалёгіі. Гэта будучыня хрысьціянскай краіны. І кніга, якую я зараз рыхтую, раман „Сэрца сьвятла“, будзе якраз пра гэта».

Гэта ўжо пятая кніга Паўла, Першая кніга «Нацыянальная ідэя: Фенаменалогія Беларусі» выйшла дзевяць гадоў таму. Пазьней зьявіліся «Лісты з лесу», (2007), «Брату» (2007), «Люблю Беларусь: 200 фэномэнаў нацыянальнай ідэі» (2008).

Паўла Севярынца арыштавалі 19 сьнежня 2010 году па дарозе з Плошчы і зьмясьцілі ў СІЗА КДБ. Абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў і ўдзеле ў іх, пазьней справу перакваліфікавалі на арганізацыю і падрыхтоўку дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх.

16 траўня 2011 году судзьдзя Заводзкага суду Менску Жана Брысіна асудзіла Севярынца на 3 гады гэтак званай «хіміі» — абмежаваньня волі з накіраваньнем ва ўстанову адкрытага тыпу. Адбываў пакараньне ў вёсцы Куплін Пружанскага раёну, дзе і была напісаная кніга «Беларуская глыбіня».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG