Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму неўязны Лукашэнка паехаў у Сэрбію?


Алесь Лагвінец

Алесь Лагвінец

Чаму стаў магчымым візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Сэрбію, якая далучылася да санкцыяў Эўразьвязу, а значыць, беларускі кіраўнік зьяўляецца неўязным у гэтую краіну? Ці можна гэта патлумачыць спэцыфікай палітыкі сэрбскага прэзыдэнта Томіслава Нікаліча? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Алесь Лагвінец.

— Аляксандар Лукашэнка пачаў свой візыт у Сэрбію. Як вядома, беларускі кіраўнік знаходзіцца ў сьпісе неўязных у краіны Эўразьвязу, а Сэрбія абвяшчала, што далучылася да візавых санкцыяў. Чаму тады стаў магчымым візыт Лукашэнкі?

— Мне падаецца, што гэта вынік адмысловай палітыкі сэрбскага прэзыдэнта Нікаліча. Ён, нягледзячы на тое, што задэкляраваў працяг стратэгічнага курсу на інтэграцыю Сэрбіі з Эўразьвязам, спрабуе знайсьці сваю нішу. Нікаліч вядомы як радыкальны нацыяналістычны палітык, які варагаваў зь Мілошавічам, але сам выступаў з дастаткова рэзкіх пазыцыяў. Таму ягонае стаўленьне да санкцыяў Эўразьвязу да Беларусі, хутчэй за ўсё, вельмі стрыманае, можа быць, і крытычнае.

Я думаю, Нікаліч хоча выкарыстаць свае кантакты зь Беларусьсю і Расеяй, каб вытаргаваць сябе лепшыя ўмовы і таксама паўплываць на пазыцыю Эўразьвязу адносна косаўскай праблемы. Можна дадаць, што сярод сэрбаў даволі папулярным ёсьць расейскі варыянт панславізму, і сэрбскі нацыяналіст Нікаліч, відавочна, гэтым кіруецца ў сваёй замежнай палітыцы.

— Дарадца сэрбскага прэзыдэнта Томіслава Нікаліча ў замежнай палітыцы Іван Мркіч сказаў нашаму радыё, што Эўразьвяз ведаў пра запрашэньне Аляксандру Лукашэнку наведаць Сэрбію. На гэтым фоне могуць зьявіцца вэрсіі, што, магчыма, сам Эўразьвяз пачынае заахвочваць Лукашэнку...

— Эўразьвяз неаднародны і заняў вычакальную пазыцыю. Хутчэй за ўсё, запрашэньне Лукашэнку было зроблена, калі прэзыдэнт Сэрбіі Нікаліч прыяжджаў у Менск. Гэта звычайная практыка, калі адбываецца візыт кіраўніка дзяржавы, то ён робіць крок у адказ і запрашае іншага кіраўніка дзяржавы да сябе.

У Эўразьвязе, вядома, ёсьць чаканьні ад краінаў-кандыдатаў, што яны будуць трымацца адзінай палітыкі. Аднак, напрыклад, іншая краіна-кандыдат — Турэччына — мае сваю лінію адносна многіх пытаньняў замежнай палітыкі, у тым ліку і наконт стаўленьня да афіцыйнага Менску. Так што сытуацыя зь візытам Лукашэнкі ў Сэрбію паказвае, што ня толькі краіны-кандыдаты часам ня цалкам трымаюцца адзінай лініі, але бывае, што і ўнутры Эўразьвязу ёсьць розныя ацэнкі адных і тых самых працэсаў.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG