Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня пачынаецца двухдзённы візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Сэрбію. Апошні раз ён быў там 15 гадоў таму, у разгар натаўскай ваеннай апэрацыі.

За гэты час Сэрбія, яе ўнутранае і міжнароднае становішча вельмі зьмянілася. Але ня выключана, што гісторыя зрабіла пятлю, візыт кіраўніка Беларусі ўяўляўся б немагчымым пры папярэдніх кіраўніках Сэрбіі — нашчадкаў рэвалюцыі 2000 году. Цяпер на чале Сэрбіі — былы паплечнік лідэра сэрбскіх радыкалаў Шэшаля, якога судзяць у Гаазе. Томіслаў Нікаліч — не Мілошавіч і ня Шэшаль і пры ім Сэрбія працягвае рух у Эўразьвяз. Але ёсьць нюансы.

На першы погляд, візыт Аляксандра Лукашэнкі мае дэманстрацыйную мэту, маўляў, ёсьць кіраўніку Беларусі куды паехаць і ў Эўропе. Таваразварот паміж дзьвюма краінамі складае сьціплыя 200 мільёнаў даляраў, але можа быць разьлік на тое, што Сэрбія — кандыдат у сябры Эўразьвязу, яе голас можа гучаць у Эўропе, праз Сэрбію магчымыя пэўныя камэрцыйныя кантакты з Эўропай.

Аднак можа быць і іншая інтэрпрэтацыя візыту. У свой час Сэрбія далучылася да эўрапейскіх санкцый адносна Беларусі. Летась прэзыдэнт Нікаліч, калі наведваў Менск, тлумачыў, што яго краіна не магла паступіць інакш, як кандыдат у сябры Эўразьвязу. Але цяпер той жа Нікаліч кажа, што Бялград не далучыцца да санкцый супраць Расеі ні пры якіх абставінах. Да таго ж візавыя санкцыі ЭЗ адносна Беларусі распаўсюджваюцца і на Лукашэнку. Яго зьяўленьне ў Бялградзе сьведчыць пра тое, што Сэрбія прытрымліваецца палітыкі ЭЗ у гэтым пытаньні прынамсі ня цалкам. Тут варта прыгадаць і адмову Сэрбіі выконваць рэкамэндацыю Эўракамісіі і прыпыніць будаўніцтва газаправоду «Паўднёвы паток».

Зразумела, ролю Беларусі тут ня варта перабольшваць, але яшчэ адна магчымая мэта візыту Лукашэнкі — разам з Масквой адкалоць Сэрбію ад Эўропы, спыніць яе шлях у Эўропу, дамагчыся, каб Сэрбія паўтарыла сцэнар Украіны Януковіча і Армэніі Саргсяна. Гэтыя краіны мелі намер падпісаць пагадненьне аб асацыяцыі з ЭЗ, але потым рэзка зьмянілі геапалітычны курс.

Тоеснасьці тут няма і ня можа быць, Сэрбія дамову аб асацыяцыі з ЭЗ даўно мае, адносна яе размова ідзе аб паўнапраўным, хаця і няхуткім, сяброўстве ў Зьвязе. Аднак тое, што Бялград не падтрымлівае санкцыі Эўразьвязу адносна Расеі і фактычна выходзіць з рэжыму санкцый адносна Беларусі, можа сьведчыць аб прынамсі прыпыненьні эўраінтэграцыі Сэрбіі. Дарэчы, Лукашэнка ў інтэрвію сэрбскім мэдыям выказаў меркаваньне, што «Сэрбіі трэба сьмялей ісьці на ўсход».

Цікава, што праз 6 дзён пасьля Лукашэнкі ў Бялград ляціць кіраўнік расейскага МЗС Сяргей Лаўроў. Ня выключана, што гэта такая гульня з Сэрбіяй «у чатыры рукі» — расейскія і беларускія.

У тым жа інтэрвію сэрбскім СМІ Лукашэнка сказаў, што палітыка і пазыцыя Эўразьвязу ў дачыненьні да Беларусі апошнім часам мяняецца. «Прынамсі, са мной ужо вітаюцца і размаўляюць. Гэта таксама вялікі прагрэс» — сказаў ён. Хутчэй за ўсё, Лукашэнка меў на ўвазе сваю тэлефонную гутарку з прэм'ерам Польшчы Дональдам Тускам. Пра іншыя кантакты на вышэйшым узроўні невядома.

Зразумела, што на фоне агрэсіўнай пуцінскай Расеі Лукашэнка выглядае ня так і кепска. Гэтаму выгляду спрыяе і двухсэнсоўная палітыка адносна Ўкраіны: хаця Менск у ключавыя моманты крызісу (галасаваньне ў ААН, разьмяшчэньне ў Беларусі расейскіх вайсковых самалётаў) і ішоў у фарватэры Масквы, але прынамсі рытарычна пазыцыя была больш абачлівай, чым расейская. Усё гэта, наагул кажучы, стварае спрыяльныя ўмовы для паляпшэньня адносінаў паміж Беларусьсю і Эўразьвязам.

Але Захад ужо навучаны горкім досьведам 2008-2010 гадоў і не давярае беларускаму кіраўніку. У прынцыпе ён, і знаходзячыся пад санкцыямі, і без заходняга спрыяньня, робіць адносна Ўкраіны, зыходзячы з уласных інтарэсаў, тое, у чым зацікаўлены Захад. Але тое, што Лукашэнку не запрасілі на сьвяткаваньне гадавіны «Дня Д» у Францыю, сьведчыць, што ніякага павароту заходняй палітыкі адносна Беларусі пакуль не адбываецца.

Зь іншага боку, насамрэч невідавочна, што і Лукашэнка так ужо зацікаўлены ў збліжэньні з Эўразьвязам. Гледзячы па ўсім, яму падаецца аптымальным варыянт, пры якім ён захоўвае магчымасьць гэтага збліжэньня і канвэртуе яе ў Маскве ў рэальныя грошы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG