Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Незалежнага журналіста зь Берасьця папярэдзіла пракуратура


Пракуратура Берасьцейскай вобласьці вынесла пісьмовае папярэджаньне незалежнаму журналісту Максіму Хлябцу за супрацоўніцтва з замежным СМІ — «Беларускім Радыё Рацыя» — без акрэдытацыі.



Пра гэта паведамляе прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Журналіст наведаў пракуратуру раніцай 11 чэрвеня — паводле позвы, якую атрымаў напярэдадні. Старшы пракурор аддзелу нагляду за выкананьнем заканадаўства і законнасьцю прававых актаў Ніна Бахарава ўручыла яму пісьмовае папярэджаньне, падпісанае намесьнікам пракурора Аляксандрам Тачко.

Доказам супрацоўніцтва журналіста з замежным СМІ пракуратура лічыць два артыкулы, разьмешчаныя на сайце racyja.com у сакавіку 2013 году. Паводле дакумэнта, Хлябец можа быць прыцягнуты да адказнасьці, калі працягне займацца журналісцкай дзейнасьцю ў супрацоўніцтве з замежным СМІ без акрэдытацыі ў МЗС.

Паводле БАЖ, у сакавіку 2014 году журналіста ўжо выклікалі ў міліцыю «і спрабавалі схіліць да супрацоўніцтва, кажучы, што „ўсё ведаюць“ пра яго журналісцкую дзейнасьць».

«Думаю, сёньняшняе папярэджаньне — працяг той гісторыі. Тады я адмовіўся супрацоўнічаць і расказаў пра гэта ў СМІ. Можа, яны вырашылі напалохаць мяне яшчэ чым-небудзь — з разьлікам на тое, што я спалохаюся і пачну зь імі супрацоўнічаць або спыню сваю дзейнасьць», — сказаў Хлябец прэс-службе БАЖ.

Гэта ўжо шостае па ліку папярэджаньне, вынесенае ў 2014 годзе незалежным журналістам за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ. У лютым пракуратура Лідзкага раёну папярэдзіла Юр’я Дзяшука, у сакавіку Берасьцейская гарадзкая пракуратура папярэдзіла журналіста Яўгена Скрабца, Гомельская абласная пракуратура — Юлію Сівец і Мікалая Бянько, у красавіку пракуратура Віцебскай вобласьці папярэдзіла мясцовую журналістку Сьвятлану Сьцяпанаву.

За мінулы год органы пракуратуры вынесьлі папярэджаньні дзевяці журналістам.
XS
SM
MD
LG