Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пра сытуацыю ва ўкраінскім горадзе Луганску, захопленым узброенымі прарасейскімі сэпаратыстамі, Свабодзе распавёў мясцовы жыхар Сяргей Казянкоў, актор мясцовага драматычнага тэатру. Сяргею 30 год. Два месяцы таму ён пераехаў у Луганск з роднага Алчэўску, дзе няма тэатру.

— Зараз, дарэчы, у мяне пад вокнамі чуваць былі стрэлы... Здаецца, сьціхла, — так пачалася размова з жыхаром Луганску Сяргеем Казянковым.

— А ня страшна ля вокнаў? Страляюць жа...

— Сюды проста далятаюць гукі стрэлаў. Страляніна можа ісьці за некалькі кварталаў ад мяне. А ўвогуле паўсюль страшна, але з гэтым нічога ня зробіш. Наш тэатар працуе, і мы абавязаныя хадзіць на працу.

На сёньняшні дзень наш мастацкі кіраўнік з 8 акторамі напісалі заявы аб звальненьні з Рускага тэатру. І мне прапанавалі разам — жадаюць ехаць у іншы тэатар у Расею. То бок паўтрупы зьяжджае. А я стаўлю монаспэктакль па Вярцінскаму.

— Ці бываюць канцэрты ў горадзе, дыскатэкі, масавыя тусоўкі нейкія? Як працуюць школы, ВНУ?
Сяргей Казянкоў

Сяргей Казянкоў

— Вялікіх сходаў людзей не бывае. Кавярні, бары і рэстарацыі амаль закрытыя, з шостай вечара камэнданцкая гадзіна, і пазьней за шостую ў двары пуста. Бывае паветраная трывога, альбо проста просяць выключыць сьвятло.

Школьнікаў і студэнтаў адправілі па дамах ці намагаюцца датэрмінова выпусьціць, садкі працуюць. Дзеці гуляюць, але па першай камандзе бацькоў бягуць дадому.

— Ці ўсе працуюць, як працавалі? Ці плацяць заробкі?

— Працуюць, пакуль даюць заробак. Але агулам усе напужаныя.

— Ці ня чулі вы, каб нехта недзе зачыніўся? Ня лічачы бараў-кавярняў. Заводы, буйныя фірмы...

— Не, але асьцярога ёсьць, бо гандаль прадпрыемстваў у асноўным зьвязаны выключна з Расеяй.

— А нешта кажуць у гэтых адносінах пра будучыню? Ці пакуль усё пакрыта таямніцай?

— Таямніцай і змрокам. Але карціну малююць жахлівую: краіна ў руінах і без эканомікі, калі яна парывае з Расеяй.

— Ці можна трапіць у суседнія гарады аўтобусам, цягніком, на ўласным аўто?

— Можна, але дзе-нідзе вялікія заторы, дагляд аўто. Я вось другі тыдзень не рызыкую зьезьдзіць на маршрутцы да маці. Але на гэтых выходных паеду, бо невядома, калі яшчэ яе пабачу.


— Як зьмяніліся настроі людзей за апошнія месяцы?

— Азлобленасьць не выяўляецца, ёсьць толькі паніка і ўпадніцкія настроі. А агулам жыцьцё такое ж, як і было.

Некаторыя працягваюць аптымістычна верыць, што ўсё будзе добра. Даверу да ўлады ў іх як не было, так і ня будзе, але яны спадзяюцца на людзкі розум, што іх ня будуць бамбіць і захопліваць.

Пасьля таго як сярод белага дня авіяцыя ўдарыла ў цэнтар гораду, спачатку прайшоўшыся стральбой па цывільным насельніцтве, у мяне ўвогуле сумневаў няма, што цана жыцьця тут рэзка зьменшылася.

...Я нічый бок намагаюся не прымаць. Проста адны сябе паводзяць больш-менш спакойна і неагрэсіўна, а іншыя настроеныя акурат вельмі агрэсіўна і паводзяць сябе гэтаксама.

На выходныя ўсе баявыя дзеяньні, здаецца, былі спыненыя — ці то празь сьвяты, ці то робяць выдых — ня ведаю. Ні авіяцыі, ні артылерыі. Горад цалкам кантралюецца г.зв. сэпаратыстамі. Усе вайсковыя часьці здаліся.


— Ці шмат людзей на вуліцах?

— Гледзячы калі — тут камэнданцкая гадзіна з 18-й. У двары ў гэты час ужо нікога няма — хіба нейкія дахадзягі вяртаюцца з працы. Людзей няшмат, і горад заўважна апусьцеў. Тыя, хто вызначыўся, альбо на перадавой, альбо зьяжджаюць у вялікіх колькасьцях. На вакзалах чэргі.

Пакуль няма гуманітарнай катастрофы. Можа, адзеньне не пастаўляецца ці яшчэ нешта, але ёсьць ежа і хлеб. Пытаньне, да якога часу. У Славянску, мне падаецца, з гэтым вялікія праблемы.

Я былы вайсковец, але прызывацца ў Луганскую народную рэспубліку не пажадаў і ў Нацгвардыю добраахвотнікам не запісаўся. Я артыст, не мая справа ваяваць. Я не ўмею, дый паміраць добраахвотнікам дзеля нейкай ідэі ня хочацца зь ніякага боку. Абараняць, апроч сябе, мне няма каго.

Я ня ўпэўнены ў ніводным з бакоў. Толькі ведаю, што адзін зь іх мне дае жыць, а другі зьбіраецца зрабіць вялікую зачыстку.

— Што вы плянуеце рабіць пасьля таго, як скончыцца вайна?

— Калі я застануся ў гэтым горадзе, буду працягваць працаваць у тэатры, якога на сёньня амаль няма. Але ў мяне ёсьць монаспэктакль, ёсьць група актораў, чалавек пяць, якія застаюцца ў тэатры. Буду чакаць, пакуль скончыцца вайна і зьявіцца больш-менш легітымная і разумная ўлада, што прымае рашэньні на карысьць грамадзтва, а не для сваіх кішэні ці бізнэсу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG