Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вадзім Карасёў: Парашэнка робіць нестандартныя кадравыя прызначэньні


Вадзім Карасёў

Вадзім Карасёў

Мэдыямагнат — кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта, амбасадар у Нарвэгіі — першы памочнік прэзыдэнта, а пляменьнік старога сябра — кіраўнік Дзяржаўнага кіраўніцтва спраў.

Пра новыя прызначэньні ў вышэйшых кіроўных колах Украіны Радыё Свабода пагутарыла з украінскім палітолягам, дырэктарам Інстытуту глябальных стратэгіяў і адным зь лідэраў партыі «Єдиний Центр» Вадзімам Карасёвым.

— Спадар Вадзім, давайце пагутарым пра кадравыя прызначэньні, якія зрабіў Пятро Парашэнка. Кіраўніком прэзыдэнцкай адміністрацыі будзе заснавальнік мэдыяхолдынгу «United Media Holding group» Барыс Ложкін, вельмі багаты і ўплывовы чалавек. Ці ня прыклад гэта алігархічнага прызначэньня?

— Абсалютна не. Ложкін — не алігарх. Ён ніколі не займаўся палітыкай. Ён рабіў свой мэдыябізнэс з нуля. Яшчэ 17-гадовым хлапчуком ён у Харкаве пачынаў выдаваць незалежныя дзелавыя навіны. Потым стварыў брэнд і часопіс «Теленеделя», а затым і цэлы мэдыяхолдынг. Ён ніколі не выкарыстоўваў палітычныя сувязі для ўзбагачэньня. Тое, што Парашэнка ўзяў яго на пасаду кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта, сьведчыць пра тое, што прэзыдэнт хоча абаперціся на людзей зь дзелавой хваткай, але па-за алігархічнымі сувязямі, па-за элітнай тусоўкай, якая правіць ва Ўкраіне апошнія 15–20 гадоў, незалежна ад фігуры і прозьвішча прэзыдэнта.

Увогуле, Парашэнка сам будзе кіраваць адміністрацыяй прэзыдэнта, Барыс Ложкін будзе займацца камунікацыяй, мэдыямі і піярам. Адміністрацыя прэзыдэнта ва Ўкраіне і Беларусі — гэта розныя інстытуты. У Парашэнкі, у адрозьненьне ад Лукашэнкі, няма кантролю над элітамі, над выканаўчай уладай, над парлямэнтам. Адзіны кантроль, які ён зараз можа атрымаць, — кантроль над мэдыямі як сацыяльнымі інстытутамі. Ва Ўкраіне мэдыі — гэта асобны сацыяльны інстытут, у адрозьненьне ад Беларусі і Расеі. Таму цяпер Парашэнка хацеў бы ўзяць мэдыі пад свой шчыльны ўплыў. Для гэтага яму патрэбны Барыс Ложкін.

— Гэты чалавек шчыльна працаваў з расейскімі выданьнямі. Чаму гэта не адбілася на выбары Парашэнкі?

— Сапраўды, Барыс Ложкін ствараў свой холдынг на афіліяваных сувязях з расейскімі выданьнямі. Ён ствараў брэнды "Комсомольская правда в Украине","Аргументы и факты в Украине«, «Известия в Украине» ды іншыя. Такім чынам, можна зрабіць выснову, што Парашэнку ня важна, які перад ім чалавек — заходнеўкраінскі ці ўсходні. Яму галоўнае, каб была дзелавая хватка. А тое, што ён узяў чалавека, які ствараў брэнды ў супрацы з расейскімі выданьнямі, толькі падкрэсьлівае, што для яго важныя не ідэалягічныя «фішкі» і непаразуменьні, а выключна прагматыка, дзелавая хватка і ўпэўненасьць у сваім партнэры. А Барыс Ложкін — яго даўні мэдыяпартнэр.

— Што можаце сказаць пра прызначэньне першага памочніка прэзыдэнта? Ім будзе амбасадар у Нарвэгіі...

— Тое, што ён сваім першым памочнікам зрабіў дыплямата Юрыя Анішчанку, які быў амбасадарам у Нарвэгіі, сьведчыць пра тое, што Пятро Парашэнка не жадае, каб ягоны першы памочнік быў «завязаны» на нейкія элітныя групоўкі і кланы. Парашэнка проста, можна сказаць, «выпісаў» чалавека з-за мяжы. Амбасадар у Нарвэгіі — гэта чалавек, далёкі ад сталічнай элітнай тусоўкі. Парашэнка ня хоча абапірацца на алігархічны кансэнсус.

— Новы кіраўнік Дзяржаўнага кіраўніцтва спраў — 30-гадовы Сяргей Беразенка. Ёсьць інфармацыя, што ён нібыта чалавек з каманды былога мэра Леаніда Чарнавецкага. Што вы можаце сказаць пра гэтае прызначэньне?

— Не, ён не з каманды Чарнавецкага. Але пэўная інтрыга тут ёсьць. Справа ў тым, што Сяргей Беразенка — пляменьнік Анатоля Матвіенкі, які ёсьць старым паплечнікам Парашэнкі. Анатоль Матвіенка быў першым сакратаром ЦК ЛКСМУ, ці камсамолу Ўкраіны. Затым, будучы губэрнатарам Віньніцкай вобласьці, Анатоль Матвіенка вельмі моцна спрыяў прасоўваньню Пятра Парашэнкі ў палітыцы. Таму тут такая сувязь. Але сам Сяргей Беразенка — малады, але ўжо дасьведчаны ў сталічных справах, ён выпускнік Кіева-Магілянскай акадэміі, дзе рыхтуюць найлепшых ва Ўкраіне эканамістаў. Ён быў нейкі час у камандзе Чарнавецкага, але сказаць, што ў яго ёсьць кланавыя сувязі з былым мэрам, нельга.

— Ваенны аналітык Дзьмітры Тымчук вінаваціць новага прэзыдэнта ў адсутнасьці ініцыятывы што да сілавога блёку і кіраўніцтва антытэрарыстычнай апэрацыі. Ці рыхтуюцца прызначэньні ў гэтай сфэры?

— Пятро Парашэнка вельмі сур’ёзна займаецца пытаньнямі абароны. Ён прапанаваў пасаду міністра абароны Анатолю Грыцэнку, чацьвёртаму на гэтых прэзыдэнцкіх выбарах, былому міністру абароны ў 2005–2007 гадах. Вядома, калі будуць датэрміновыя парлямэнцкія выбары, то Грыцэнка можа не пагадзіцца на пасаду. Але Парашэнка вельмі шчыльна займаецца пытаньнямі абароны, гэта тое, што ён зараз робіць. Можна сказаць, што дзеля гэтага яго і абралі на прэзыдэнта, каб ён заняўся пытаньнямі бясьпекі і абароны. Увогуле, усе кадравыя прызначэньні вельмі нестандартныя, але адначасна вельмі талковыя. Я лічу, што гэта добры знак, знак таго, што прэзыдэнцтва Парашэнкі мае шанец на посьпех. Увогуле, ён чалавек зь дзелавой хваткай, кампэтэнтны, асабліва калі параўноўваць з папярэднім прэзыдэнтам.
XS
SM
MD
LG