Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманы «ўгоншчык» — у сьледчым ізалятары КДБ


У амбасадзе Грузіі ў Менску паведамілі, што чакаюць высноваў сьледзтва адносна інцыдэнту з грамадзянінам Грузіі, які цяпер знаходзіцца ў сьледчым ізалятары КДБ.

10 чэрвеня КДБ Беларусі распаўсюдзіў інфармацыю пра затрыманьне грамадзяніна Грузіі, які спрабаваў пры дапамозе цыдулкі з пагрозамі ўгнаць самалёт, які рухаўся рэйсам Кутаісі — Менск. Кампанія «Аб’яднаньне аэрапортаў Грузіі» зьняпраўдзіла інфармацыю беларускага КДБ пра тое, што нібыта грамадзянін Грузіі спрабаваў угнаць самалёт, перадаюць «Новости-Грузия».

«Была такая непрыемная падзея. Чалавек спатыкнуўся. Цяпер ідзе сьледзтва, якое ўсё ўстановіць, што і як адбылося», — паведамілі ў амбасадзе.

Там выказваюць спадзяваньне, што праваахоўныя органы будуць супрацоўнічаць з грузінскімі калегамі. У амбасадзе пакуль не паведамляюць імя затрыманага, бо абвінавачаньне пакуль не прад’яўленае. Маўляў, пакуль складана казаць, хацеў ці не грамадзянін Грузіі ўгнаць самалёт, бо сябры, напрыклад, кажуць, што не хацеў. Таму трэба дачакацца высноваў сьледзтва.

Паводле КДБ, камандзіру экіпажа самалёта ад пасажыра, які знаходзіўся на борце, была накіравана запіска з пагрозай узарваць авіяляйнэр і патрабаваньнем зьмяніць курс палёту на адну з эўрапейскіх краін. Дзякуючы прафэсійным дзеяньням пілётаў самалёт зрабіў пасадку ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск».

Прадстаўнікі контратэрарыстычнага ўпраўленьня КДБ і групы «А» падняліся на борт авіяляйнэра і ўступілі з тэрарыстам у перамовы. Урэшце ўгоншчык пагадзіўся пакінуць борт самалёта і добраахвотна здаўся супрацоўнікам спэцслужбаў. КДБ распачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 311 (крадзеж альбо захоп з мэтай угону паветранага судна), праводзяцца сьледчыя дзеяньні.

Кампанія «Аб’яднаньне аэрапортаў Грузіі» пацьвярджае, што грамадзянін Грузіі насамрэч затрыманы супрацоўнікамі КДБ, аднак «ніякай спробы ўгону самалёта не было».

Паводле сайту «Новости-Грузия» (які цытуе паведамленьне КДБ), экіпаж самалёта паведаміў Кутаіскаму аэрапорту пра грамадзяніна, які знаходзіўся на борце, быў, як мяркуецца, у нецьвярозым стане, паводзіў сябе неадэкватна і патрабаваў накіраваць самалёт у адну з эўрапейскіх краін.
XS
SM
MD
LG