Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кангалезец пакінуў і Акрэсьціна, і Беларусь


Патрык Мангалуа добраахвотна пакінуў Беларусь пасьля амаль паўгода зьняволеньня ў менскай турме на Акрэсьціна.

Грамадзянін Дэмакратычнай Рэспублікі Конга Патрык Мангалуа 5 чэрвеня добраахвотна пакінуў Беларусь пасьля амаль паўгадавога зьняволеньня.

Пра гэта БелаПАН паведамілі ў Міністэрстве ўнутраных спраў Беларусі.

Пра Патрыка Мангалуа стала вядома ад грамадзкіх актывістаў, якіх прэвэнтыўна затрымалі напярэдадні чэмпіянату сьвету па хакеі 2014 году, асудзілі на розныя тэрміны адміністрацыйнага арышту і трымалі ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна. Пасьля вызваленьня актывісты расказвалі пра замежніка, які працяглы час утрымліваецца ў турме. Зносіны зь ім былі ўскладненыя з-за таго, што ён ня ведаў ні расейскай, ні ангельскай мовы. Але, паводле інфармацыі актывістаў, Патрык — вэтэран вайны ў Конга, быў ня раз кантужаны. Расказвалі таксама, што ў турме яму не давалі перакладчыка і ўжывалі ў дачыненьні да замежніка гвалт.

Паводле інфармацыі дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі МУС, Патрык Мангалуа прыехаў у Беларусь вучыцца ў адной са сталічных ВНУ за кошт сваёй дзяржавы, але неўзабаве быў адлічаны. З навучальнай установы ў органы ўнутраных спраў паступіла адпаведная інфармацыя, а таксама просьба паспрыяць у арганізацыі выезду маладога чалавека на радзіму, бо прававых падстаў для яго знаходжаньня ў Рэспубліцы Беларусь ужо не было. «Замежнаму грамадзяніну набылі білет, у Менск прыбыў прадстаўнік Конга, міліцыя забясьпечыла дастаўку ў аэрапорт», — гаворыцца ў афіцыйным адказе МУС на запыт БелаПАН.

У аэрапорце, паводле інфармацыі праваахоўных органаў, Патрык Мангалуа ўчыніў дэбош, аказаў супраціў супрацоўнікам органаў унутраных спраў і адмовіўся вяртацца дамоў. За дробнае хуліганства 28 сьнежня 2013 году яго прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасьці ў выглядзе арышту на 15 сутак і накіравалі ў Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) на вуліцы Акрэсьціна ў Менску.

«Пасьля заканчэньня тэрміну грамадзяніну Конга паўторна прапанавалі вярнуцца на радзіму. Малады чалавек адмовіўся. Яму таксама была растлумачана магчымасьць зьвярнуцца з заявай аб наданьні статусу бежанца, дадатковай ці часовай абароны ў Рэспубліцы Беларусь. Аднак Патрык Мангалуа адмовіўся падаваць адпаведную заяву», — паведамілі ў МУС. У сувязі з гэтым была ініцыяваная працэдура прымусовай высылкі. Паколькі авіярэйсу зь Беларусі наўпрост у Конга няма, МУС доўгі час узгадняла ягоны транзытны праезд праз тэрыторыю трэціх краін. «Днямі просьба была задаволеная. Даведаўшыся пра гэта, Патрык Мангалуа выказаў жаданьне добраахвотна пакінуць Беларусь. У чацьвер, 5 чэрвеня, транзытам праз Турцыю ён вылецеў у Конга», — паведамілі ў праваахоўным ведамстве.
XS
SM
MD
LG