Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Кошт аўтамабільнага паліва можа вырасьці бліжэйшым часам на 5–10%, гэтае рашэньне абмяркоўваецца ва ўрадзе.

Пра гэта паведамляе газэта «Беларусы і рынак».

У канцэрне «Белнафтахім» інфармацыю пра чарговае падвышэньне цэнаў на аўтамабільнае паліва пакуль не камэнтуюць.

«У нас пакуль што цэны вывешаныя на сайце стабільныя. Бліжэйшым часам зьмене не падлягаюць. А што будзе далей, меркаваць цяжка, усё будзе залежаць ад рынку. Усё пакажа сытуацыя на рынках: і з курсам даляра да беларускага рубля, і з каціроўкамі на нафту. Таму пакуль рана казаць. У мяне няма інфармацыі, што мы мяняем цэны», — сказаў карэспандэнту Свабоды прадстаўнік канцэрну «Белнафтахім».

Паводле мэдыяў, сёлета канцэрн «Белнафтахім» некалькі разоў уносіў ва ўрад прапановы наконт неабходнасьці павысіць цэны на аўтамабільнае паліва. Пакуль урад адкладаў гэтае рашэньне. Адной з прычын, верагодна, быў чэмпіянат сьвету па хакеі ў Менску.

«У выніку цэньнікі на нафтапрадукты, на радасьць аўтааматарам, не мяняюцца ўжо амаль паўгода, хоць курс нацыянальнай валюты не стаіць на месцы, дый фінансавы стан беларускіх НПЗ пакідае жадаць лепшага», — піша газэта.

Чакаецца, што бліжэйшым часам цэны на аўтамабільнае паліва могуць павялічыцца як мінімум на 5%. Таксама абмяркоўваецца пытаньне аб павышэньні акцызнага падатку на аўтамабільнае паліва, што можа прывесьці да падаражэньня паліва ў межах 10%.

У 2013 годзе канцэрн «Белнафтахім» 5 разоў павышаў цэны на аўтамабільнае паліва.
XS
SM
MD
LG