Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскі экспэрт: Манэўры НАТО ў Латвіі цалкам апраўданыя


Амэрыканскі зьнішчальнік F-16 узьлятае падчас вучэньняў НАТО ў Польшчы 20 траўня 2014 году

Амэрыканскі зьнішчальнік F-16 узьлятае падчас вучэньняў НАТО ў Польшчы 20 траўня 2014 году

НАТО і Расея адначасова пачалі маштабныя вайсковыя вучэньні на тэрыторыі Латвіі і Калінінградзкай вобласьці.

У натаўскіх манэўрах Saber Strike-2014 і BALTOPS-2014 бяруць удзел каля пяці тысяч вайскоўцаў з дзесяці краінаў, у тым ліку Злучаных Штатаў, Вялікабрытаніі і Канады. Намесьнік міністра замежных справаў Расеі Ўладзімір Цітоў папярэдзіў, што Масква будзе разглядаць ўзмацненьне пазыцый НАТО каля межаў з Расеяй як «дэманстрацыю варожых намераў». Заходнія экспэрты кажуць, што НАТО толькі адказвае на небясьпечныя дзеяньні Расеі.

Расейская служба Радыё Свабода пагутарыла з Стывэнам Бланкам з Амэрыканскай рады ў зьнешняй палітыцы.

Бланк: Гэтыя вучэньні – цалкам апраўданае мерапрыемства. Давайце ўспомнім, што адбылося летась. Расея правяла манэўры «Захад-2013». Яна мабілізавала 100 тысяч чалавек, у тым ліку рэзэрвістаў, у вучэньнях ўдзельнічалі расейскія падразьдзяленьні, дысьлякаваныя ад Арктыкі да Варонежу. У папярэдніх падобных вучэньнях ўдзельнічалі ваенна-паветраныя і стратэгічныя ракетныя сілы, а завяршыліся яны сымуляцыяй ядзернага ўдару па Варшаве. Таму тыя ў Расеі, хто прадстаўляе вучэньні НАТО, у якіх удзельнічаюць менш за пяць тысяч чалавек, як нешта пагрозьлівае для Расеі, альбо хлусяць, альбо ня маюць дастатковай інфармацыі. Расейскае кіраўніцтва выдатна пра ўсё інфармаванае, але я падазраю, што яно становіцца ахвярай сваёй уласнай прапаганды. Крэмль кантралюе галоўныя сродкі інфармацыі ў Расеі, у якіх сьвядома нагнятаецца гістэрыя, вынікі якой мы і назіраем. НАТО не ўяўляе ніякай пагрозы для Расеі. У сапраўднасьці найбольш актыўнай сілай, якая можа выклікаць праблемы для Масквы, зьяўляецца Эўразьвяз, які, напрыклад, прымусіў Баўгарыю прыпыніць пабудову газаправоду «Паўднёвы паток».

РС: Ці паводзіны Расеі падчас ўкраінскага крызысу зьмянілі стратэгічныя прыярытэты НАТО?

Бланк: Я ўпэўнены, што калі б не было вайны ва Ўкраіне, не праводзіліся б і цяперашнія вучэньні. Рада Расея-НАТО працягвала б пасьпяхова функцыянаваць, працягвалася б супрацоўніцтва НАТО і Расеі. Але ў гэтай сытуацыі Паўночнаатлянтычны альянс вымушаны пераглядаць свае ўстаноўкі ў тым, што тычыцца стасункаў з Масквой. Уладзімір Пуцін, Сяргей Лаўроў, іх асяродзьдзе можа выступаць зь любымі заявамі, абвінавачваючы НАТО ў чым заўгодна, але такі падыход толькі пагоршыць сытуацыю.

РС: Як вы ставіцеся да сьцьвярджэньняў аб тым, што ўкраінскі крызыс надаў існаваньню НАТО калі ня згублены часткова сэнс, дык ужо напэўна другое дыханьне?

Бланк: Гэтая сытуацыя проста прадэманстравала тое, пра што многія з нас папярэджвалі гадамі: Расея ўяўляе пагрозу для эўрапейскай бясьпекі. І апошнімі падзеямі Ўладзімір Пуцін бясспрэчна даказаў гэты факт. Ён парваў некалькі дагавораў, якія Расія заключыла з Украінай, Будапэшцкі мэмарандум, Ташкенцкае пагадненьне, дамовы 1992 году, расейска-ўкраінскія дамовы 1997 і 2010 гадоў. Калі дамовы зьяўляюцца нічога ня вартымі паперчынамі і Расея гатовая ўрывацца на тэрыторыю суседзяў пад зачэпкай абароны расейскамоўнага насельніцтва, то ніхто ня можа адчуваць сябе ў бясьпецы.
XS
SM
MD
LG