Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Данбасе баевікі ствараюць новы фарпост


Пакуль украінскія сілавікі заяўляюць пра ўцёкі прарасейскіх баевікоў са Славянска, сэпаратысты будуюць барыкады ў іншым горадзе Данбаса — Сьнежным.

Менавіта там, на думку экспэртаў, будзе чарговы фарпост прыхільнікаў групоўкі «ДНР», якую Ўкраіна прызнала тэрарыстычнай арганізацыяй.

Агульная сытуацыя ў Данбасе застаецца напружанай, жыхары ўсё больш не прымаюць сэпаратыстаў.

Цяпер у Данецку ўсё спакойна, але панядзелак пачынаўся з шэрагу захопаў. Упершыню за ўвесь час супрацьстаяньняў сэпаратысты захапілі культурную ўстанову. Плятформа культурных ініцыятыў «Ізаляцыя» знаходзіцца на тэрыторыі былога завода, таму прадстаўнікі групоўкі «ДНР» вырашылі распараджацца памяшканьнямі самі. Раніцай да работнікаў культурнага цэнтра прыйшлі ўзброеныя баевікі на чале з Раманам Лягіным.

Супрацоўнікі ўстановы да гэтага часу не разумеюць, чаму сэпаратыстаў зацікавіла менавіта «Ізаляцыя», бо побач ёсьць нямала падобных закінутых аб’ектаў.

Аднак цікавасьць да заводу «Тапаз» цалкам зразумелая. Раніцай група з каля двух дзясяткаў узброеных людзей без нашывак пранікла на тэрыторыю прадпрыемства. З-за прастою ў працы ў памяшканьнях амаль не было супрацоўнікаў. Баевікі паставілі ўласных вартаўнікоў на ўездах на тэрыторыю рэжымнага аб’екта. Паводле інфармацыі ваеннага экспэрта Дзьмітрыя Тымчука, узброеныя сэпаратысты маюць намер вывезьці з завода некалькі вайсковых установак, а менавіта 7 комплексаў радыёэлектроннай барацьбы тыпу «Мандат», а таксама некалькі аўтамабіляў.

Як паведамляюць у штабе антытэрарыстычнай апэрацыі, баевікі бягуць са Славянска. Прэсавы сакратар апэрацыі Ўладзіслаў Селязьнёў паведаміў, што горад аточаны ўкраінскімі вайскоўцамі.

У Арцёмаўску была спроба нападу на вайсковую частку. Падчас нападу быў забіты адзін баявік.

«Пасьля працяглага бою вайскоўцы адбілі напад і прымусілі баевікоў адступіць. Пры гэтым быў зьнішчана грузавы аўтамабіль, які належаў тэрарыстам», — распавялі ў міністэрстве.

Марыюпаль аточаны ўкраінскімі вайскоўцамі, гэтак жа, як і траса, якая праходзіць з Данецка і кантралюецца арміяй — там ёсьць толькі ўкраінскія блёк-пасты. Пра тое, што там ідзе антытэрарыстычная апэрацыя, паведаміў камандзір батальёна «Данбас» Сямён Сяменчанка. Пры гэтым, у марыюпальцаў ўсё менш прыхільнасьці да сэпаратыстаў.

Між тым экспэрт Дзьмітрый Тымчук заявіў, што ў Сьнежным узброеныя сэпаратысты ўмацоўваюць свае пазыцыі:

«Пакуль ўвага прыкаваная да Славянска, у Сьнежным з пачуцьцём, з толкам, з расстаноўкай ствараецца іншы аплот тэрарыстаў, абарона якога арганізуецца з улікам памылак», — сказаў Тымчук.

Ад нядзелі Сьнежны абрастае барыкадамі і нават акопамі. Паводле словаў жыхароў, сэпаратысты ўладкоўваюць агнявыя кропкі, у прыватнасьці, на тэрыконах.

«Капаюць акопы, перавярнулі трактар. Ня ведаю, яны паднялі яго, ці не, акопваліся ў цэнтры горада. Каля 500 чалавек. Гэта людзі — азіяты, таксама ёсьць мужыкі за 50 гадоў, ёсьць па 18–20 гадоў, ёсьць дзяўчыны-снайпэры, ёсьць спартсмэны, ёсьць з выгляду вайскоўцы, словам, разнастайная публіка», — распавёў Свабодзе мясцовы жыхар.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG