Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь: 20 гадоў пры дыктатуры, адстаючы ад Эўропы на адну рэвалюцыю


Крызыс ва Ўкраіне растрывожыў аўтарытарны рэжым Лукашэнкі.

Але ці зможа Беларусь пазбавіцца ад «бацькі», улічваючы, што апазыцыя саступае, а на СМІ надзелі аброць? – задае пытаньне Марк Райс-Оксьлі ў сваім артыкуле ў The Guardian.


Музэй гісторыі ў Менску прапануе ўвазе наведнікаў найлепшую ў Беларусі экспазыцыю цяперашняга лета. Выстава пад назвай «Назад у БССР» уяўляе сабой калекцыю экспанатаў савецкіх часоў і прапагандысцкіх плякатаў, пераносячы наведнікаў на пакаленьне таму ў часы, калі Беларусь была адной з 15 савецкіх сацыялістычных рэспублік.

«Вядома, гэта быў мой час, так што я прыгадваю яго зь пяшчотай», – кажа экскурсавод Мая Барысаўна сямідзесяці зь лішнім гадоў, распавядаючы пра прадстаўленыя на выставе экспанаты. «Але сёньня мы жывём лепш. У крамах ёсьць што купіць. Усё зусім па-іншаму», – адзначае яна.

Ці сапраўды па-іншаму? Хтосьці скажа, што хадзіць на выставу «Назад у БССР» няма ніякай неабходнасьці. Вуліцы сталіцы па-ранейшаму носяць імёны Карла Маркса і Фрыдрыха Энгельса. На плошчы ў цэнтры гораду ўзвышаецца помнік Леніну. Ёсьць нават бюст Фэлікса Дзяржынскага – першага савецкага чэкіста, помнік якому першым дэмантажавалі ў Маскве пасьля канчатковага распаду Савецкага Саюзу ў 1991 годзе. Людзі кураць у памяшканьнях. Амаль ні ў каго няма татуіровак. Такое ўражаньне, што тут адсталі ад усіх як мінімум на адну рэвалюцыю, а то і больш.

Да таго ж яшчэ і кіраўнік дзяржавы. Улетку сёлета Аляксандар Лукашэнка – адзіны прэзыдэнт, якога ведае Беларусь на працягу ўсяго постсавецкага пэрыяду, і кіраўнік, які даўжэй за ўсіх лідэраў эўрапейскіх краін знаходзіцца ва ўладзе – адзначае 20-ю гадавіну знаходжаньня на найвышэйшай кіраўнічай пасадзе. За час, які прайшоў з моманту яго прыходу да ўлады ў 1994 годзе парлямэнт выпусташылі, палітычныя апанэнты альбо зьніклі, або змушаныя былі адправіцца ў выгнаньне, а на СМІ надзелі аброць. Гэта краіна, дзе КДБ дагэтуль называецца КДБ. Гэта апошняя эўрапейская дзяржава, дзе ўжываецца пакараньне сьмерцю – у выглядзе кулі ў патыліцу.

Напярэдадні чэмпіянату сьвету па любімым Лукашэнкам хакеі – найбуйнейшага спартовага спаборніцтва, якое калі-небудзь праводзілася на тэрыторыі Беларусі, – прэзыдэнт ня стаў нічога пускаць на самацёк. Каб пазьбегнуць магчымых праяваў іншадумства, дзясяткі актывістаў былі арыштаваныя і адпраўленыя пад варту.

Адзінае, што непарушна ў краіне з тых самых часоў, як Лукашэнка прыйшоў да ўлады, гэта вынікі выбараў. Лукашэнка любіць перамагаць, і яго любімай лічбай зьяўляецца 80% – ня цалкам савецкі або цэнтральнаазіяцкі ўзровень ухвалы электарату, але дастатковы, каб выклікаць асуджэньне з боку аглядальнікаў унутры краіны і за яе межамі.

Чацьвёртыя прэзыдэнцкія выбары Лукашэнкі тэарэтычна павінны быць такімі ж немудрагелістымі, як і ўсе папярэднія. Ён ня тое каб не карыстаецца папулярнасьцю – паводле некаторых ацэнак, яго падтрымлівае 50% беларускіх выбаршчыкаў. Лічба цалкам дастатковая для перамогі, але не для Лукашэнкі. ЦВК Беларусі абвясьціла яго пераможцам на выбарах 2010 году яшчэ да закрыцьця выбарчых участкаў.

Кандыдат у прэзыдэнты Андрэй Саньнікаў у ліку дзясяткаў тысяч іншых дэманстрантаў выйшаў на плошчу Незалежнасьці ў сталіцы на беспрэцэдэнтную акцыю незадаволенасьці вынікамі галасаваньня, якое міжнародныя назіральнікі назвалі чарговымі выбарамі, якія прайшлі зь вялізнымі парушэньнямі. На нейкае імгненьне ўзьнікла эўфарыя і здалося, што нешта можа зьмяніцца, прыгадвае Андрэй Саньнікаў. А затым у справу ўмяшаўся КДБ.

Саньнікаву далі пяць гадоў за «арганізацыю масавых беспарадкаў». Ягоную жонку Ірыну Халіп таксама трымалі пад вартай, а адзінае іх дзіця ўлады паспрабавалі забраць зь дзіцячага саду і зьмясьціць у дзіцячы дом. Андрэя Саньнікава ў выніку вызвалілі неўзабаве пасьля ўвядзеньня Эўразьвязам у сакавіку 2012 году новых санкцыяў у дачыненьні да беларускіх чыноўнікаў.

Паводле Лукашэнкі, пад яго кіраўніцтвам насельніцтву краіны забясьпечаныя адукацыя, ахова здароўя і бясьпека. Ён сьцьвярджае, што пасьля стагоддзяў падпарадкаваньня, зьнішчэньня і дэградацыі краіна пад яго наглядам пазбаўленая ад жахаў тэрарызму, сэпаратызму і бандытызму.

«Думаеце, я застаюся ва ўладзе, таму што мне дастаўляе гэта задавальненьне? – сказаў ён у адным зь нядаўніх інтэрвію. – Не палічыце за нясьціпласьць, але я ўсё ж такі сёе-тое зрабіў для краіны. Я не хачу, каб усё гэта раптоўна абрынулася».

Крызыс ва Ўкраіне гэтым не пагражаў, але адміністрацыю Лукашэнкі ўсё ж растрывожыў. Многія задаліся пытаньнем: калі Расея змагла адабраць Крым, то чаму тое ж самае ня можа здарыцца і зь Беларусьсю? Расейцы складаюць 15% дзесяцімільённага насельніцтва Беларусі. Беларусь значна больш расейская, чым Украіна: расейская мова выкарыстоўваецца паўсюдна, культура амаль нічым не адрозьніваецца. Нядаўна Лукашэнка заявіў, што Беларусь – «самая праруская правінцыя» – і пагадзіўся, што Крым зьяўляецца часткай Расеі.

Пры гэтым ён усё ж стаў на абарону Кіеву. Перад тварам узброеных выступленьняў прарасейскіх сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны ён падкрэсьліў, што краіна не павінна распасьціся на часткі, і паабяцаў падтрымку Пятру Парашэнку – новаабранаму прэзыдэнту Ўкраіны, якога падтрымлівае Захад.

Беларусь перанесла ў сваёй гісторыі нямала ўварваньняў, войнаў і нягод. У час Другой сусьветнай вайны загінула траціна насельніцтва рэспублікі. Пачуцьцё, якое пераважаеш тут, можна ахарактарызаваць наступным чынам: ніколі больш!

«Украіна перапалохала тут людзей, – кажа адзін дыплямат у Менску. – Яны ўбачылі, што Расея можа прыйсьці і забраць, што захоча, калі ёй не спадабаецца тое, што адбываецца. Яны зразумелі, што зьмяненьне сытуацыі шляхам дэманстрацый – не варыянт».

Гэта стала зруйнавальным ударам для апазыцыі, якая і без таго саступае.

У моладзі ў Беларусі пэрспэктывы ня надта добрыя. Кожны год тысячы маладых людзей адпраўляюцца на вучобу за мяжу. Колькасьць грамадзян Беларусі, якія зьвяртаюцца па шэнгенскую візу (якая дае права бесьперашкодна перасоўвацца па тэрыторыі большай часткі краін Эўразьвязу), большая, чым у любой краіне на душу насельніцтва. Для прадстаўнікоў постсавецкага пакаленьня Польшча стала амаль мітычнай краінай надзеі і магчымасьцяў.

Наколькі яшчэ хопіць «апошняга дыктатара Эўропы»? Паводле слоў Лукашэнкі, ён сыдзе ў адстаўку толькі ў тым выпадку, калі прайграе выбары ці яму адмовяць сілы. Ні таго, ні іншага ў агляднай будучыні, падобна, не прадбачыцца.

Паводле палітычнага аналітыка Рамана Якаўлеўскага, адно пра будучыню Беларусі можна сказаць напэўна: Лукашэнка сам ня сыдзе.

Чарговыя выбары павінны адбыцца ў 2015 годзе, але ніхто не чакае ад Лукашэнкі нічога іншага, акрамя ўсё тых жа старых трукаў. У лепшым выпадку, спадзяецца Андрэй Саньнікаў, выбары могуць стаць прычынай для новага выказваньня незадаволенасьці. «У нас быў свой майдан ў 1996, 2001, 2006 і 2010 гадах, – кажа ён. – Нягледзячы на запалохваньні, людзі ўсё яшчэ пратэстуюць. Людзі – не ідыёты, яны хочуць жыць ва ўмовах свабоды. Нейкі час яны могуць знаходзіць для сябе нішу пры дыктатуры, але гэта ня можа працягвацца вечна».

Хоць, папраўдзе кажучы, значна больш верагодным уяўляецца тое, што лёс Лукашэнкі вырашаць звонку два вялікіх цяжкавагавікі: Масква і Захад. Калі Захад здолее дапамагчы Ўкраіне падняцца на ногі, гэта можа паказаць жыхарам Беларусі, што магчымае жыцьцё і пасьля Лукашэнкі – іншае жыцьцё ў іншай арбіце. Калі Масква стоміцца ад злодзея на ўласных межах, які кусае руку, што яго корміць, то яна можа хутка наладзіць яму «вясёлае» жыцьцё.

А пакуль Беларусь рыхтуецца ўрачыста адзначыць чарговы год пад кіраваньнем «бацькі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG