Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нападнікаў на дом актывіста не пакаралі


Дом Кастуся Жукоўскага

Дом Кастуся Жукоўскага

Гомельская міліцыя не знайшла падстаў прыцягнуць да адказнасьці нецьвярозых хуліганаў, якія сёлета на пачатку траўня напалі на прыватны дом грамадзкага актывіста Кастуся Жукоўскага.

У лісьце актывісту начальнік Цэнтральнага РАУС Віктар Афанасенка паведаміў, што ў дзеяньнях нападнікаў няма складу адміністрацыйнага правапарушэньня, і справа супраць іх спынена.

3 траўня трое гараджанаў нападпітку ўчынілі брудную лаянку ля дома спадара Жукоўскага, адзін зь іх зламаў замок у брамцы і пагражаў расправай, згадваючы пры гэтым «бандэраўцаў» і «фашыстаў».

Разьюшыўся нападнік з-за таго, што на сваім прыватным доме Кастусь вывесіў на знак салідарнасьці побач зь бел-чырвона-белым і ўкраінскі блакітна-жоўты сьцяг.
Актывіст выклікаў міліцыю. Нападнікаў затрымалі, але неўзабаве адпусьцілі. У заяве Жукоўскі прасіў прыцягнуць іх да крымінальнай адказнасьці за распальваньне міжнацыянальнай варожасьці, пагрозы забойствам і пашкоджаньне маёмасьці. Аднак міліцыя не знайшла ў дзеяньнях нападнікаў нават складу адміністрацыйнага правапарушэньня.

Жукоўскі: «Мяркую, што гэта адзін з варыянтаў уціску на іншадумцаў, увогуле на ўсю апазыцыю. Актывіста могуць пакараць арыштам, што ён нібыта лаяўся ўначы на пустой вуліцы. А тут нарад міліцыі стаў сьведкам і лаянкі, і абразы, і пагрозы расправы, і яўнай непавагі да грамадзтва — і нічога. Выглядае, што міліцыя стала на бок хуліганаў і на падтрымку беззаконьня».

Дарэчы, з Белдзяржстраху, куды Кастусь накіраваў заяву на спагнаньне матэрыяльнай шкоды за пашкоджаную маёмасьць, таксама прыйшла адмова: маўляў, калі няма складу адміністрацыйнага правапарушэньня, то ня варта чакаць і кампэнсацыі.

На бязьдзеяньне міліцыі Жукоўскі накіраваў скаргі ў адміністрацыю прэзыдэнта і пракуратуру.
XS
SM
MD
LG