Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналіст: Тылавое забесьпячэньне ўкраінскага войска — жахлівае. Але салдаты настроеныя на перамогу


У Данецкай вобласьці, непасрэдна ля раёну антытэрарыстычнай апэрацыі, знаходзіцца карэспандэнт украінскай службы Радыё Свабода Левко Стэк.

Стэк: Была нагода пад’ехаць да блёкпастоў, якія знаходзяцца ў сярэдняй блізкасьці да эпіцэнтру канфлікту, да Славянску, за блёкпастамі ўжо пачынаецца Славянск і пачынаецца тэрыторыя, якую кантралююць тэрарысты. І тое, што я там пабачыў, выклікае пытаньні. Вялікая праблема з экіпіроўкай, і ня толькі для ўкраінскіх вайскоўцаў. Гэта тычыцца і прадуктаў харчаваньня, і вайсковай формы. І нават даходзіць да таго, што далёка ня ў кожнага салдата ёсьць бронекамізэлька, каска. Зброі, боепрыпасаў — гэтага хапае. Усяго іншага, што патрэбна на вайне, напрыклад, ёмістасьцяў для вады, я ўжо не кажу пра нешта больш істотнае. Насамрэч, тылавое забесьпячэньне ўкраінскага войска — жахлівае. Нарэшце, тая замежная дапамога, якую абяцалі (напрыклад, прыборы начнога бачаньня) — яна сюды пакуль не дайшла.


Свабода: Можна яшчэ зразумець, калі ў вайскоўцаў не хапае цукру, і ён п’е несалодкую гарбату, але адсутнасьць бронекамізэлькі — гэта ўжо пытаньне жыцьця ці сьмерці. І які ў такой сытуацыі настрой у вайскоўцаў?

Стэк: Што тычыцца баявога духу, дык тут усё нармальна. Я быў на блёкпасьце, які знаходзіцца на гары Карачун, там славянскі тэлецэнтар, і ён штодня абстрэльваецца зь мінамётаў. Салдаты там настроеныя вельмі па-баявому, яны вераць у тое, што перамога будзе за імі, і ніхто ўпадніцкіх настрояў ня мае.


Свабода: У справе нармалізацыі сытуацыі пэўныя спадзяваньні ўскладаліся на прэзыдэнцкія выбары, зьяўленьне бясспрэчна легітымнага прэзыдэнта Ўкраіны. Як успрынялі ў войску інаўгурацыю Пятра Парашэнкі?

Стэк: Скажу вам, што як на мае ўражаньні — для салдатаў гэта роўна нічога не азначала. Яны на гэта асаблівай увагі не зьвяртаюць. Увогуле, злавіў сябе на думцы, што Кіеў і Славянск, Данецкая вобласьць — існуюць у нейкіх паралельных плоскасьцях. Бо ў сталіцы Ўкраіны няма адчуваньня, што адбываецца тут АТА (антытэрарэстычная апэрацыя). Але трапляючы сюды, ты разумееш, што тут — сапраўдная вайна. Вайна з блёкпастамі, з забойствамі, з параненымі, зь вялізнай хваляй уцекачоў. Ад таго, абралі прэзыдэнта ці не абралі — ад гэтага на фронце нічога не зьмянілася.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG