Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вяртаньне ў 1914 год: унікальны кінафэстываль у Менску


9 чэрвеня ў Менску ў кінатэатры «Перамога» адкрываецца фэстываль кіно, прысьвечаны 100-годзьдзю пачатку Першай усясьветнай вайны «1914 revisited».


Каардынатар праекту — Інстытут Гётэ ў Менску. Фэст падтрымалі таксама амбасады Францыі, Нямеччыны, Вялікай Брытаніі, Чэскай Рэспублікі і Злучаных Штатаў Амэрыкі.

На фэстывалі пакажуць дакумэнтальныя і мастацкія фільмы зь Нямеччыны, Францыі, Вялікай Брытаніі, ЗША, Чэхіі, БССР і СССР, аб’яднаныя агульнай тэмай падзеяў 1914–1918 гадоў.

Праграма фэстывалю адметная ня толькі геаграфіяй, але і той палітрай жанраў, якія арганізатары ўключылі ў сьціслыя межы аднаго кінатыдня. Гледачы ўбачаць дакумэнтальнае і гульнявое кіно, музычныя фільмы, ваенныя драмы і нават ваенную хроніку 100-гадовай даўніны.


Каардынатар праекту ад Інстытуту Гётэ ў Менску Ігар Куксін распавёў Радыё Свабода:
«Гэта была наша ідэя — паказаць да 100-годзьдзя пачатку Першай усясьветнай вайны цікавыя фільмы. І мы зьвярнуліся да дыпляматычных прадстаўніцтваў краінаў Эўразьвязу, ЗША, Расеі і папрасілі іх заняцца падборам фільмаў, бо кожная амбасада лепш ведае, што цікавага і ўнікальнага зь іхняга кінэматографу можна паказаць беларускаму гледачу. Беларускія кіназнаўцы раілі нам, што цікавага можна паказаць з раньняй савецкай спадчыны, зь беларускага кіно. І ў выніку мы адабралі 10 вялікіх карцін і тры кароткамэтражкі. Прычым адна стужка — 1914 году, то бок часу самой вайны. Яе нам прадставіў Дзяжфільмафонд Расеі. Гэта сапраўдная разынка фэстывалю — кароткамэтражны фільм „Агнём і крывёю“ Міхаіла Мартава, зьняты ў 1914 годзе.

Вельмі цяжка было дастаць старыя стужкі. У праграме фэстывалю — некалькі фільмаў 1930-х гадоў. Давялося даволі доўга ліставацца і з Масквой, і зь „Беларусьфільмам“. Да прыкладу, „Беларусьфільм“ прадставіў нам на дабрачыннай аснове фільм беларускага рэжысэра Ўладзімера Корш-Сабліна „Першы ўзвод“, зьняты ў 1933 годзе. Толькі на „Беларусьфільме“ засталася копія вельмі добрай якасьці. Расейскі Дзяржфільмафонд прадставіў фільм „Ваколіца“, зьняты савецкім рэжысэрам Барысам Барнетам таксама ў 1933 годзе.

Брытанская амбасада знайшла ў Брытанскім гістарычным музэі хроніку ваенных гадоў. Падчас Першай усясьветнай вайны здымаліся тэматычныя падборкі на вуліцах Лёндана — як жывецца жанчынам на вайне, здымалі на фабрыках, на вуліцах, а таксама на фронце. Гэтую хроніку будуць паказваць у выглядзе такой кароткамэтражкі перад пачаткам брытанскіх фільмаў „О, гэтая цудоўная вайна“ 1969 году і „Чароўная флейта“ 2006 году».



На фэстывалі пакажуць фільм «Жанчына і чужынец» (ГДР, 1984 г.), які атрымаў «Залатога мядзьведзя» Бэрлінскага кінафэстывалю 1985 году; ваенная драма «Забытая рота» — амэрыканскі вострасюжэтны фільм, зьняты паводле рэальных падзеяў Першай усясьветнай. Ня менш прывабным для гледачоў можа стаць чэхаславацкі фільм «Збораў», зьняты ў 1938 годзе. Ён распавядае пра змаганьне чэхаславацкіх легіянэраў за дзяржаўную і нацыянальную незалежнасьць Чэхіі.

Аматары музычнага кіно змогуць паглядзець два фільмы зь Вялікай Брытаніі — «О, гэтая цудоўная вайна» і «Чароўная флейта».

Француская амбасада прадстаўляе стужку «Парыж 1919, мірная дамова», якая набліжае гледача да гістарычных рэаліяў пасьляваеннага часу і перадае атмасфэру, у якой адбывалася Парыская мірная канфэрэнцыя, а таксама фільм «Тры нямецкія жаўнеры», у якім празь лёсы паасобных людзей перадаецца гістарычная спэцыфіка рэгіёну Лятарынгія. Пра лёс першых ваенных лётчыкаў распавядае француская мастацкая стужка «Вялікая ілюзія» (1937 г.).

Акрамя кінапаказаў у межах праекту «1914 revisited», арганізатары падрыхтавалі дзьве эксклюзіўныя выставы, якія будуць працаваць у фае кінатэатру «Перамога» на працягу цэлага тыдня. Пасольства ЗША пакажа тэматычную падборку плякатаў часоў Першай усясьветнай вайны, а пасольства Чэхіі прапануе гасьцям фотавыставу пра дзейнасьць чэскіх легіёнаў у Расіі ў 1914–1920 гадах.

Уваход на ўсе кінапаказы вольны. Фэстываль працягнецца да 13 чэрвеня.








XS
SM
MD
LG