Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Балела, што «Трасьцянец» паставілі ў такую доўгую чаргу чаканьня, — Галіна Левіна


На месцы масавага зьнішчэньня людзей на тэрыторыі былога канцлягера «Трасьцянец» пад Менскам заклалі памятную капсулу.

Тут маюць збудаваць мэмарыял у памяць ахвяраў нямецкага фашызму. Прысутны на цырымоніі Аляксандар Лукашэнка заявіў: комплекс павінен стаць аб’ектам «агульнаэўрапейскай значнасьці», бо ў Другую ўсясьветную вайну гэты канцлягер быў самым буйным на тэрыторыі СССР, ён стаіць у адным чорным шэрагу з Асьвенцімам, Майданэкам, Трэблінкай. Чаму ўлады толькі цяпер згадалі пра месца, дзе з савецкіх часоў адзіным аб’ектам эўрапейскіх маштабаў быў толькі агульнагарадзкі сьметнік?

У лягеры сьмерці «Трасьцянец» нацысты зьнішчылі больш за 200 тысяч чалавек з розных куткоў Эўропы, бальшыня пахавана ва ўрочышчы Благаўшчына. Перадусім татальная ліквідацыя чакала габрэяў — з Аўстрыі, Польшчы, Нямеччыны, Чэхаславаччыны, а таксама зь менскага гета. Але шмат было і прадстаўнікоў славянскіх народаў. «Фабрыка сьмерці» пад Менскам займала плошчу блізу 100 гектараў і працавала да 1944 году, практычна да самага вызваленьня Беларусі.

У паваенны час на тэрыторыі Беларусі паставілі помнікі на месцы шмат якіх фашысцкіх катоўняў. Але пра Трасьцянец тагачасная гістарыяграфія паступова перастала згадваць увогуле, і з маўклівай згоды грамадзтва тут вырасла гарадзкая звалка. Чаму раптам адбыўся разварот да гістарычнай памяці? Дырэктар музэю гісторыі і культуры габрэяў Беларусі Вадзім Акапян такога меркаваньня:
«Ну, дзеля справядлівасьці, звалку не цяперашнія ж улады рабілі... Глядзіце, дзяржава — гэта гіганцкая гаспадарка, немагчыма да ўсяго адразу дайсьці. Але ўрэшце так склаліся абставіны, што дайшла чарга рабіць і гэты мэмарыял. Варта адзначыць, што ў Беларусі толькі габрэям стаіць блізу 600 помнікаў, і гэта далёка ня ўсе месцы масавых расстрэлаў. Вядома, Трасьцянец — гэта месца аднаго з самых маштабных забойстваў, але прыйшоў час, і будзе годны помнік. Проста так складваюцца абставіны, немагчыма рабіць усё адразу. Мінаюць гады, і даходзяць рукі да чагосьці, што было пастаўлена ў чаргу чаканьня. Таму я ня бачу ніякіх асаблівых прычынаў, чаму гэта пачалі рабіць цяпер, а не раней».

Галіна Левіна разам з калегамі мае ажыцьцявіць у Благаўшчыне, дзе масава расстрэльвалі вязьняў Трасьцянца, маштабны праект свайго бацькі, заслужанага архітэктара Беларусі Леаніда Левіна. Суаўтар мэмарыялу «Хатынь» памёр, так і не дачакаўшыся дазволу на рэалізацыю працы ўсяго свайго жыцьця. Непасрэдна на месцы лягеру сьмерці мэмарыялізацыяй будзе займацца дзяржаўная арганізацыя «Мінскпраект»:
«Гэта надзвычай важна для ўсіх нас — і для габрэйскай супольнасьці, і для жыхароў Беларусі. У дадзеным выпадку ня мае ніякага значэньня нацыянальнасьць, бо ўсе разумеюць: Благаўшчына, дзе пахаваныя 150 тысяч чалавек, — гэта месца асаблівае. І там павінна быць годная памяці мэмарыяльная зона, каб памятаць, ведаць пры тыя тысячы ахвяраў, якія там ляжаць. Тое, што калісьці гэта стаяла ў нейкай вельмі далёкай чарзе праектаваньня, вядома, балела. Быў зроблены крок творчай групай пад кіраўніцтвам Леаніда Мендзялевіча — праект мэмарыялізацыі зоны ў Благаўшчыне. У ім бралі ўдзел скульптары Аляксандар Шапо, Максім Пятруль, Канстанцін Селіханаў, архітэктары Аляксандар Капылоў і я. Была зробленая прапанова, якая ў мінулым годзе разглядалася на мастацкай і архітэктурнай радах і была ўхваленая. А ўжо сёлета падпісана і прынята рашэньне, што Благаўшчына будзе рэалізоўвацца».

Спадарыня Левіна згодная, што штуршком да мэмарыялізацыі Трасьцянца сталі сродкі, сабраныя за межамі Беларусі. Перадусім гэта грошы зь нямецкіх фондаў і ад прыватных асобаў, а таксама ахвяраваньні з Ізраілю, Аўстрыі, Польшчы і г.д.:
«Вядома, фінансаваньне — гэта вельмі важнае пытаньне. Любая ідэя, любая грамадзянская пазыцыя, грамадзянскі парыў, чалавечы парыў, безумоўна, патрабуе фінансаваньня для рэалізацыі. Арганізатарамі збору сродкаў быў Дортмундзкі міжнародны адукацыйны цэнтар у Менску. Яны выступілі з такой ініцыятывай у мінулым годзе, у Нямеччыне былі прадстаўленьні і праектаў творчай майстэрні Левіна, і „Мінскпраекту“. Мы наведалі гарады, зь якіх дэпартавалі габрэяў у Трасьцянец-Благаўшчыну, каб там зьнішчыць. Учора на канфэрэнцыі, якая праходзіла ў міжнародным цэнтры, шмат гаварылася пра дапамогу, бо гэта важна для рэалізацыі ўсяго праекту. А што да нашай пазыцыі, то яна была вядомая даўно. Леанід Мендзялевіч гэтым даўно займаўся, з гэтай прычыны было створана таварыства „Трасьцянец“, яно існавала доўгія гады, шмат чаго было зроблена. Але бачыце, які доўгі і складаны шлях да сумленнай размовы пра нашу гісторыю».

Ёсьць і іншыя падыходы да мэханізму ўшанаваньня памяці ахвяраў у Трасьцянцы і Благаўшчыне. Як кажа грамадзкі актывіст, былы вязень ГУЛАГу Ўладзімер Раманоўскі, на практыцы выглядае, што за сабраныя за мяжой сродкі ў Трасьцянцы ўзводзіцца помнік заходнім габрэям, аднак выбарачны падыход не адлюстроўвае ва ўсёй паўнаце трагедыю нават габрэйскага народу:
Уладзімер Раманоўскі
Уладзімер Раманоўскі
«Безумоўна, усё гэта важна. Але з гледзішча паўнаты мэмарыялізацыі, таго факту, што пад гэтым Манблянам сьмецьця пахаваная памяць пра тысячы жыхароў Беларусі пэрыяду сталінскіх рэпрэсіяў, пытаньне пакуль застаецца ў цені. Вядома, сваю ролю адыграў факт, што ў Эўропе сабраныя вялікія сродкі габрэйскімі арганізацыямі, у гэтым пляне гонар ім і хвала. Але калі больш удумліва ставіцца да пытаньня, узьнікае пэўная праблема. Памяць пра габрэяў, выдзеленых як ахвяры фашызму — безумоўна, правільна. Але чаму ігнаруецца памяць пра габрэяў, якія загінулі ў часы сталінізму? Гэта выклікае зьдзіўленьне. Габрэі ёсьць забітыя і ў Курапатах, але мы ня маем на гэты факт нейкай рэакцыі з боку габрэйскіх арганізацыяў. Ёсьць праблема па драздоўскім пахаваньні. Там у рове, які цягнецца на 300 мэтраў, пахавана каля 10 тысяч ахвяраў першых дзён вайны. Але з боку габрэйскіх арганізацыяў асаблівага водгуку на нашы звароты пра гэтую мясьціну няма. Тое ж тычыцца і Трасьцянца. У праекце плянуюцца вагоны, у якіх будуць напісаныя прозьвішчы загінулых габрэяў з Захаду. Але няма ніводнага прозьвішча габрэяў зь менскага гета. Дык што атрымліваецца? Будзе помнік заходнім габрэям, і ўсё? Крыху дзіўныя рэчы, якія вырашаюцца кулюарна — як з боку дзяржавы, так і грамадзкіх структур».

Падчас закладкі памятнай капсулы пад будучы мэмарыял Аляксандар Лукашэнка зазначыў, што Трасьцянец павінен стаць аб’ектам «агульнаэўрапейскай значнасьці», які будзе раскрываць антычалавечую сутнасьць нацысцкай палітыкі ў адносінах да мірнага насельніцтва Эўропы. Ён дадаў, што гісторыкі і архітэктары распрацавалі маштабную канцэпцыю мэмарыялу, і, апроч унёскаў з боку міжнароднай грамадзкасьці, на рэалізацыю праекту таксама выдзеленыя значныя дзяржаўныя сродкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG