Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт: Да Эўразійскага саюзу далучаюцца толькі пад ціскам Расеі


Аналітык Лібэральнага клюбу Антон Болтачка пракамэнтаваў для Свабоды сёньняшнія выказваньні Аляксандра Лукашэнкі пра «калясальную» зацікаўленасьць некаторых краін далучэньнем да Эўразійскага эканамічнага саюзу.

«Афіцыйна нічога такога нідзе не было. Але прэзыдэнт мае ўнутраную інфармацыю. І таму верагодна, што нейкія размовы на гэты конт вядуцца. Хоць бы таму, што Эўразійскі эканамічны саюз, нягледзячы на сваю недасканаласьць, усё ж прадстаўляе велізарны рынак. І доступ на яго хацела б атрымаць любая краіна, якая жадае павялічыць экспарт сваіх тавараў.

Але наўрад ці гэта адбудзецца да той пары, пакуль Казахстан, Беларусь і Расея ня ўладзяць свае ўнутраныя супярэчнасьці. А яны ёсьць. І гэта прызнаў Лукашэнка ў Кіеве, калі прысутнічаў на інаўгурацыі новага ўкраінскага прэзыдэнта. Ён там казаў, што гэты новы саюз адкаціўся крыху назад, бо Расея і Казахстан не зрабілі таго сьмелага кроку, пра які раней гаварылі. То бок зона свабоднага гандлю фактычна ня створаная.

Таму нейкія размовы, дыялёгі пра пашырэньне Эўразійскага эканамічнага саюзу могуць весьціся. Але пакуль тры краіны ня здымуць усе выняткі і абмежаваньні, думаю, ніводная краіна, якая сябе паважае, да гэтага саюзу не далучыцца».

Карэспандэнт: «Але ж ёсьць ужо „дарожныя карты“ для Армэніі і Кіргізстану...»

«Калі нейкая краіна далучаецца да дзейнага саюзу, то яна сапраўды павінна прайсьці нейкі шлях. Дзеля гэтага і ствараюцца „дарожныя карты“. І гэта абсалютна нармальна, такія нормы існуюць паўсюль.

Але я казаў, што ніводная краіна, якая сябе паважае, ня ўступіць у гэты саюз да той пары, пакуль у ім ня будуць зьнятыя ўсе праблемы. Тут трэба дадаць: гэта рэальна пры адсутнасьці на іх палітычнага ціску. А прыклад Армэніі і Кіргізстану якраз і паказвае, што гэтыя краіны далучаюцца да саюзу пад уплывам нейкага магутнага фактару. Імя яму — каласальны палітычны ціск з боку Расеі».

Сёньня Аляксандар Лукашэнка заявіў у інтэрвію сэрбскім СМІ — тыднёвіку «Палітыка» і дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «Радыё і тэлебачаньне Сэрбіі» — пра «калясальны» інтарэс да Эўразійскага эканамічнага саюзу:

«Я не гавару пра Кітай, мы зь ім ужо размаўляем, супрацоўнічаем. Сёньня Віетнам, Індыя заявілі пра гэта, іншыя дзяржавы. Я ўпэўнены, што Ўкраіна нікуды ня дзенецца ад супрацоўніцтва з гэтым саюзам».
XS
SM
MD
LG