Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутату, які зламаў Пагоню, нічога ня будзе


Сьледчы камітэт ды Міністэрства культуры ня лічаць «Пагоню», якую намаляваў Алесь Пушкін, гісторыка-культурнай каштоўнасьцю.

Сьледчы камітэт Крупскага раёну адмовіўся ўсчынаць крымінальную справу супраць выканаўцы абавязкаў старшыні Бобрскага сельсавету і мясцовага дэпутата Ўладзімера Загорскага.

25 сакавіка Загорскі паламаў намаляваны Алесем Пушкіным герб «Пагоня» і патаптаўся па знакамітай «Карціне Свабоды», якую мастак дамалёўвае штогод у Дзень Незалежнасьці.

Пасьля інцыдэнту мастак Алесь Пушкін і старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч зьвярнуліся ў раённую пракуратуру з просьбай пакараць Уладзімера Загорскага.

Аднак пракуратура Крупскага раёну, правёўшы праверку, хоць і прызнала факт уключэньня гербу «Пагоня» ў сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Беларусі, адмовілася рэагаваць на заявы Пушкіна і Астаповіча.

«Улічваючы вялікую колькасьць варыянтаў выявы герба і адсутнасьць яго канкрэтнага апісаньня, выняты падчас праверкі шчыт з выявай герба „Пагоня“ не зьяўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасьцю, што сьведчыць пра адсутнасьць у дзеяньнях Уладзімера Загорскага складу злачынства, прадугледжанага арт. 346 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь», — сьцьвярджаецца ў пісьмовым адказе са Сьледчага камітэту, падпісаным сьледчай Ірынай Караткевіч.

Сам Алесь Пушкін кажа, што даведаўся пра адказ з пракуратуры толькі тады, калі патэлефанаваў туды, каб выказаць абурэньне, што Ўладзімер Загорскі выступаў 31 траўня на выпускной лінейцы ў школе Бабра.

«Асноўным дакумэнтам, які паўплываў на гэтае рашэньне, было заключэньне Міністэрства культуры пра тое, што паламаная „Пагоня“ — а гэта зробленая мною копія „Пагоні“ Яўгена Куліка і Ўладзімера Крукоўскага ўзору 1991 году — не зьяўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасьцю і не ахоўваецца дзяржавай», — сказаў Радыё Свабода Алесь Пушкін.

Паводле мастака, паламаны шчыт з копіяй гербу «Пагоня» цяпер у Міністэрстве культуры ў Менску. Мастак выказаў меркаваньне, што назад, магчыма, атрымае яго «дамаляваным», каб не было ўжо магчымасьці даказаць, што гэты герб — дакладная копія таго, які быў афіцыйным дзяржаўным сымбалем з 1991 па 1995 гады.

«Атрымліваецца, на мясцовым узроўні ўсё шыта-крыта. Дзяржава ня стала судзіць свайго абранага дэпутата нават адміністрацыйным судом, каб не прыехалі журналісты, каб не задавалі Загорскаму колкіх пытаньняў. Такім чынам, пуцінскія халуі не дапускаюць, каб нашы нацыянальныя сымбалі былі абароненыя», — сказаў Алесь Пушкін.

Мастак зараз будзе чакаць, калі яму вернуць паламаную «Пагоню». Тады ён мяркуе аддаць яе на экспэртызу Ўладзімеру Крукоўскаму, каб пацьвердзіць яе абсалютную ідэнтычнасьць эталёну, які быў дзяржаўным гербам, а затым будзе зьвяртацца ў абласную пракуратуру зь яшчэ адным патрабаваньнем пакараць Уладзімера Загорскага за абразу гісторыка-культурнай каштоўнасьці.
XS
SM
MD
LG