Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля Баўгарыі і Сэрбія прыпыніла будаўніцтва «Паўднёвага патоку»


З-за пазыцыі Баўгарыі Сэрбія вымушана адкласьці пачатак рэалізацыі праекту «Паўднёвы паток», паведаміла ў панядзелак віцэ-прэм’ер сэрбскага ўраду і міністар энэргетыкі Зарана Міхайлавіч.

«Да таго часу, пакуль не завершацца перамовы Баўгарыі з Брусэлем і ЭЗ з Расеяй, мы будзем прастойваць. Або да таго часу, пакуль Расея ня зьменіць пазыцыю. У любым выпадку вынік абодвух сцэнарыяў азначае адтэрміноўку работ у нашай краіне», — сказала Міхайлавіч.

Напярэдадні кіраўнік баўгарскага ўраду Пламен Арэшарскі распарадзіўся прыпыніць усе працы ў рамках праекту «Паўднёвы паток» у Баўгарыі.

Паводле яго, гэтае рашэньне будзе дзейнічаць да завяршэньня разгляду ў Эўрапейскай камісіі, дзе лічаць, што гэты праект не адпавядае антыманапольным нарматывам ЭЗ.

«Газпром» ад сьнежня 2012 году вядзе будаўніцтва «Паўднёвага патоку» ў абыход Украіны па дне Чорнага мора, каб дывэрсыфікаваць маршруты паставак газу ў Эўропу.

Першую нітку здадуць у эксплёатацыю ў канцы наступнага году. Усяго плянуецца пабудаваць чатыры ніткі даўжынёй больш за 930 кілямэтраў кожная. Кошт будаўніцтва складзе 39 мільярдаў рублёў.

Меркавалася, што труба пройдзе па дне Чорнага мора ў Баўгарыю, далей — празь Сэрбію, Вугоршчыну і Славенію на паўночны ўсход Італіі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG