Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вязень Плошчы Малчанаў — зноў пад крымінальным перасьледам


Аляксандар Малчанаў, архіўнае фота

Аляксандар Малчанаў, архіўнае фота

4 чэрвеня аднавілі расьсьледаваньне крымінальнай справы супраць Алеся Малчанава за абразу дзяржаўнай сымболікі.

Справу былі ўсчалі 27 кастрычніка 2011 году і прыпынілі 27 сакавіка 2012-га ў сувязі зь немагчымасьцю правядзеньня сьледчых дзеяньняў.

Вязень Плошчы-2010, барысаўчанін Алесь Малчанаў атрымаў адпаведны дакумэнт з Барысаўскага раённага аддзелу Сьледчага камітэту.

«Мінула пару тыдняў пасьля таго, як я вызваліўся з сутак за Плошчу, і на мяне завялі справу за абразу дзяржаўнага сьцяга. Праз тое, што не было магчымасьці даказаць маю віну, а шматлікія абвінавачваньні з боку міліцыі былі сфальшаваныя, справу прыпынілі. Я ўжо і забыў пра яе, хоць мне дагэтуль не вярнулі канфіскаваныя падчас ператрусаў кампутары, у якіх таксама шукалі матэрыялы, зьвязаныя з крымінальнай справай», — апавёў Свабодзе Алесь Малчанаў.

У ноч на 27 кастрычніка 2011 году ў доме Малчанава прайшоў ператрус, падчас якога супрацоўнікі міліцыі шукалі «забароненую» нацыянальную сымболіку. Тады канфіскавалі кампутар, а самога Аляксандра затрымалі.

Нягледзячы на тое, што міліцыя не знайшла фармальных доказаў віны Малчанава, яго арыштавалі. 27 кастрычніка суд Барысаўскага раёну асудзіў Малчанава па артыкуле 23.4 КоАП (непадпарадкаваньне законнаму загаду або патрабаваньню супрацоўнікаў міліцыі) на 10 сутак арышту.

Пасьля ў доме Малчанава быў праведзены яшчэ адзін ператрус і заведзеная крымінальная справа па артыкуле «Абраза дзяржаўных сымбаляў» (Малчанаў і яго сябар Андрэй Мікалаеўскі трапілі пад перасьлед міліцыі пасьля таго, як у цэнтры Барысава былі аблітыя фарбай дзяржаўныя сьцягі).

Аляксандар Малчанаў віны не прызнаваў, і крымінальную справу прыпынілі.
XS
SM
MD
LG