Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША экспэрты прапануюць плян мірнага ўрэгуляваньня ўкраінскага крызысу


Былы амбасадар ЗША ў Расеі Томас Пікерынг (Thomas Pickering), архіўнае фота
Былы амбасадар ЗША ў Расеі Томас Пікерынг (Thomas Pickering), архіўнае фота

Крытычная сытуацыя, якая склалася ва Ўкраіне, патрабуе неадкладных дзеяньняў, а любы неасьцярожны крок можа прывесьці да эскаляцыі гвалту.

Такое меркаваньне выказалі аналітыкі і навукоўцы ў Міжнародным навукова-дасьледчым цэнтры Вудра Вільсана ў Вашынгтоне. Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі».

Экспэрты сабраліся, каб абмеркаваць новую эпоху геапалітыкі, перад абліччам якой апынуўся сьвет. «Калі падзеі ва Ўкраіне — гэта не аднаўленьне „халоднай вайны“, то што гэта?» — такім пытаньнем задаліся яны.

Абмяркоўваючы сытуацыю ва Ўкраіне, экспэрты не шкадавалі крытыкі як у бок Расеі, так і Злучаных Штатаў. Расею крытыкавалі за распальваньне канфлікту ва Ўкраіне, ЗША — за ня надта эфэктыўныя спробы ўрэгуляваньня сытуацыі.

​«Мы больш ня можам знаходзіцца ў ролі назіральнікаў за футбольным матчам, якія гадаюць, хто пераможа. Калі ў Расеі няма руху, які б супрацьстаяў жаданьням яе прэзыдэнта разварушваць праблемы ва Ўкраіне, тады зьнешні ціск на Расею павінен вырасьці. Але таксама мы павінны памятаць, што ня хочам зачыніць дзьверы перад Пуціным. Украінская эканоміка знаходзіцца ў крытычным стане, ня кажучы ўжо пра палітыку. Стала відавочным, што Расея ня можа кантраляваць Украіну, і Ўкраіна ня ёсьць пагрозай для Расеі. Таму зброя ў гэтай спрэчцы павінна зьнікнуць наогул. Гэта час, калі працуючы над эканомікай, можна істотна паўплываць на палітыку», — сказаў былы амбасадар ЗША ў Расеі Томас Пікерынг.

Праца над эканомікай стане самым вялікім выпрабаваньнем для новаабранага прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі, лічыць дырэктар Інстытуту Кенана Мэцью Ражанскі.

Мэцью Ражанскі (Matthew Rojansky)
Мэцью Ражанскі (Matthew Rojansky)
«Парашэнку давядзецца абіраць паміж дзьвюма бедамі. Ён будзе адчуваць ціск з усіх бакоў. З аднаго боку, расейскі ціск на ўсходзе і ціск сэпаратыстаў. Зь іншага — ціск з боку алігархаў, палітыкаў і карупцыянэраў. Таму што карупцыянэрамі былі ня толькі Януковіч і ягоны сын Саша-стаматоляг. Гэтыя хлопцы пайшлі і пра іх можна забыцца. Але ёсьць яшчэ шмат людзей, якія маюць дзясяткі мільёнаў і мільярдаў даляраў. Цяпер яны хвалююцца, як будуць прыжывацца ў новых украінскіх рэаліях і што адбудзецца зь іх уласнасьцю», — лічыць Мэцью Ражанскі.

На думку дырэктаркі Цэнтру ЗША і Эўропы Фіёны Хіл, найлепшае, што ў гэтай сытуацыі можа зрабіць Захад, гэта даць зразумець Расеі, што не адмовіцца ад санкцый.

«Пуцін чакае, што мы адмовімся ад усіх санкцый і вернемся да ранейшых бізнэс-адносін. Відавочна, нам трэба даць яму зразумець, што гэтага не адбудзецца», — кажа Фіёна Хіл.

Экспэрты таксама мяркуюць, што ў Крамлі не да канца ўсьведамляюць, што ад іх хоча Эўропа і Амэрыка. Менавіта таму трэба дакладна акрэсьліць умовы і сумесна з Эўропай шукаць шляху пазбаўленьня Ўкраіны ад расейскай энэргетычнай залежнасьці.

«Гэта можа стаць вельмі правільным крокам у пэрспэктыве на 5-10 гадоў, асабліва, калі мы паглядзім на гэта ў сьвятле новага газавага пагадненьня паміж Расеяй і Кітаем. Давайце дазволім Расеі і Кітаю мець энэргетычныя адносіны, якія выдатна пасуюць іх палітычным поглядам. Посьпехаў ім у гэтым. І давайце сфармуем паміж Паўночнай Амэрыкай і Эўропай энэргетычныя адносіны, якія адпавядаюць нашаму палітычнаму супрацоўніцтву», — прапаноўвае Мэцью Ражанскі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG