Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве агучаць вырак па справе аб забойстве Паліткоўскай


Маскоўскі гарадзкі суд сёньня мае абвясьціць прысуд па справе аб забойстве журналісткі «Новай газеты» Ганны Паліткоўскай.

На лаве падсудных пяцёра: браты Рустам, Ібрагім і Джабраіл Махмудавы, іх дзядзька Лом-Алі Гайтукаеў і былы супрацоўнік міліцыі Сяргей Хаджыкурбанаў.

У канцы траўня прысяжныя прызналі іх вінаватымі. Падчас абмеркаваньня вэрдыкту пракурор прасіў прысудзіць двух падсудных — Гайтукаева і Рустама Махмудава да пажыцьцёвага зьняволеньня як арганізатара і выканаўцу злачынства. Астатнім дзяржабвінаваўца просіць прызначыць працяглыя тэрміны зьняволеньня.

Адвакаты ж настойваюць на невінаватасьці сваіх падабаронных і спадзяюцца, што суд верне справу на стадыю папярэдніх слуханьняў для скліканьня новай калегіі прысяжных.

Цяперашняя калегія была ўжо трэцяй. Першы працэс, які праходзіў у Маскоўскім акруговым ваенным судзе ў канцы 2008 — пачатку 2009 году, завяршыўся апраўдальным выракам. Прысяжныя, разгледзеўшы справу, прызналі невінаватымі ўсіх падсудных. Ваенная калегія Вярхоўнага суду Расеі апраўдальны прысуд адмяніла, справу вярнулі на стадыю папярэдняга сьледзтва, а адтуль — у Маскоўскі гарадзкі суд. Другі працэс перапыніўся леташняй восеньню з-за роспуску прысяжных. У пачатку году пачаўся трэці суд з новай калегіяй засядацеляў.

Ганну Паліткоўскую забілі ў кастрычніку 2006 году ў пад’езьдзе свайго дома ў Маскве. Заказчык злачынства да гэтага часу ня знойдзены. Джабраіл Махмудаў, Лом-алі Гайтукаеў, Рустам Махмудаў, Ібрагім Махмудаў і Сяргей Хаджыкурбанаў

Джабраіл Махмудаў, Лом-алі Гайтукаеў, Рустам Махмудаў, Ібрагім Махмудаў і Сяргей Хаджыкурбанаў

XS
SM
MD
LG