Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы шукаюць альтэрнатыву крымскім пляжам


Крым. Бязьлюдны пляж у Нікалаеўцы

Крым. Бязьлюдны пляж у Нікалаеўцы

Дэстабілізацыя сытуацыі ва Ўкраіне, анэксія Расеяй Крыму зьмянілі прыярытэты летняга адпачынку беларусаў, якія цяпер адмаўляюцца ехаць у неспакойны паўвостраў і шукаюць яму альтэрнатыву.

Сёлета турыстычныя фірмы ў значнай ступені згарнулі супрацу з крымскімі курортамі з-за незапатрабаванасьці іх сярод беларусаў. Пры гэтым пакуль беларусы шукаюць месца для адпачынку на ўзьбярэжжы цёплых мораў, нямала расейцаў перавагу аддаюць адпачынку ў Беларусі.

Турапэратары Магілёва падаюць розныя зьвесткі пра напрамкі выезду беларускіх грамадзян на адпачынак. Супрацоўнікі тых турыстычных фірмаў, зь якімі ўдалося пагутарыць, выказалі салідарную пазыцыю толькі наконт Крыму. На курортных мапах сёлетняга адпачынку яго няма.

«Мы закрылі гэты напрамак, бо там неспакойна, і людзі нашы ня вельмі ахвотна туды выпраўляюцца», — прызнаецца супрацоўніца адной зь фірмаў.

Супрацоўніца іншага турапэратара зазначае, што значная частка іх кліентаў са стратаю Крыму выбрала іншае месца для адпачынку альбо наагул адмовілася ад яго:

«Была такая катэгорыя людзей сярэдняга дастатку, якая выяжджала ў асноўным у Крым. Сёлета ж праезд у Крым складаны, і частка гэтых турыстаў адсеялася. Альбо пераарыентавалася ў бок той жа Баўгарыі ці Турэччыны».

Яшчэ ў адной турыстычнай фірме заявілі, што прапануюць кліентам праезд да Крыму, але без уладкаваньня там. Ахвотнікаў адпачыць на паўвысьпе няшмат, прызнаецца супрацоўніца турапэратара:

«Напэўна, не таму, што там неспакойна, а таму, што туды цяпер даўжэй ехаць. Цяпер жа праз Украіну праехаць — не зусім удалы выбар, а праз Расею — дык трэба шмат аб’яжджаць. Калі б праз Украіну можна было спакойна праехаць, то людзі б ехалі ў Крым».

Паводле суразмоўніцы, людзі шукаюць альтэрнатыву Крыму, але колькасьць кліентаў супраць леташніх паказчыкаў стала значна меншай:

«Колькасьць, вядома ж, не такая, як была летась. Калі летась, напрыклад, браніравалася пяць сямей, то сёлета замест іх паедзе толькі адна ў тую ж Турэччыну».

У Магілёве доўгі час над адной з цэнтральных вуліц вісела рэклямная расьцяжка з прапановай адпачыць на курортах Краснадарскага краю. Паводле турапэратараў, нямала магілёўцаў выявіла жаданьне там адпачыць. І ўсё ж сярод найбольш прыярытэтных напрамкаў, якія замянілі Крым, называюцца іншыя краі:

«Асноўная маса едзе на адпачынак у Баўгарыю. Значная частка выбірае адпачынак у Эўропе з экскурсійным абслугоўваньнем. Публіка ў нас троху памянялася. Цяпер шмат людзей цікавіць камфортны адпачынак», — зазначыла супрацоўніца аднаго з магілёўскіх турапэратараў.

Самі ж магілёўцы з шкадаваньнем кажуць пра страту такога ўлюбёнага для адпачынку месца, як Крым. Прызнаюцца, што ў бліжэйшыя гады наўрад ці наважацца туды выбрацца:

«Пакуль там вядуцца ваенныя дзеяньні, туды мы ніяк, — заўважае маладая спадарыня».

Суразмоўніца адзначае, што неаднойчы адпачывала ва Ўкраіне. Цяпер знайшла ёй альтэрнатыву ў Грэцыі.

Сёлета зьбіраўся зь сём’ёй на адпачынак ва Ўкраіне яшчэ адзін суразмоўца:

«Летась езьдзілі ў Крым — спадабалася.
Цяпер жа вырашылі паехаць на тое ж чарнаморскае ўзьбярэжжа, але з другога боку
Цяпер там неспакойна. Плянавалі сёлета. Цяпер жа вырашылі паехаць на тое ж чарнаморскае ўзьбярэжжа, але з другога боку».

Пакуль беларусы для адпачынку выбіраюць курорты далёкіх краёў, у іх на радзіме адпачываюць расейцы. Жыхарка Масквы, якую карэспандэнт Свабоды сустрэў у Магілёве, кажа, што будзе адпачываць на Нарачы:

«Дужа чыстая экалягічна мясьціна. Вельмі даступныя цэны. І лячэньне, і працэдуры, і актыўны адпачынак на Нарачы. Туды выгадней ехаць, чым у той жа Крым. Пагатоў там і неспакойна. Я вельмі люблю Беларусь. Вельмі шмат расейцаў езьдзяць да вас штогод».

«Калі для расейцаў цэны на адпачынак у беларускіх санаторыях прымальныя, то для беларусаў недаступныя», — наракае жыхар Магілёва, які, як і маскоўская госьця, мае пуцёўку на тую ж Нарач.

Раней, прызнаецца суразмоўца, ён адпачываў на Чорным моры. Параўноўваючы кошт тамтэйшага адпачынку з нашым, адзначае:

«Даражэй у нас. Крыху кусаюцца цэны. Да нас едуць шмат расейцаў на адпачынак, вось цэны і ўздымаюць. Для нашых жа людзей гэтыя цэны недаступныя пры нашых заробках».
XS
SM
MD
LG